Политика
Анастасія Зелянкова

Артура Фінькевіча і Зміцера Дашкевіча чакае суд

Суд над Зміцерам Дашкевічам прызначаны на 6 лістапада. Разглядацца справа будзе за закрытымі дзвярыма. Адначасова стала вядома, што другому моладзеваму актывісту Артуру Фінькевічу прад’яўлена абвінавачанне па новай крымінальнай справе.

Фінькевічу, які зараз адбывае два гады “хіміі”, інкрымінуецца парушэнне правілаў унутранага распарадку ў спецкамендатуры. Зараз да ўжо наяўнага тэрміна яму можа дадацца яшчэ адзін. Не выключана, што з больш жорсткім рэжымам адбыцця пакарання — артыкул прадугледжвае ад паўгода да трох год зняволення.

Нагадаем, у маі 2006 года актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежавання волі за графіці палітычнага зместу. Сёлета ў снежні хлопец павінен быў выйсці на волю. Аднак літаральна за паўтара месяца да вызвалення супраць Фінькевіча была заведзена яшчэ адна крымінальная справа.

Адначасова стала вядома дата суда над яшчэ адным зняволеным актывістам “Маладога фронта” Зміцерам Дашкевічам. 6 лістапада у закрытым рэжыме Шклоўскі раённы суд будзе разглядаць справу па абвінавачанні ў адмове ад дачы паказанняў. Дашкевічу, які адбывае 1,5 гады за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі, пагражае яшчэ тры гады зняволення.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Павел Севярынец лічыць такі ўціск на актывістаў чарговым ўдарам па арганізацыі.

— Думаю, гэта спроба запалохаць, задушыць “Малады фронт”, — заявіў “Салідарнасці” Павел Севярынец. — Прычым, заўважце, б’юць па закладніках — па самых неабароненых, тых, хто і так ўжо знаходзіцца ў руках улады. Сёння мы назіраем чарговыя рэпрэсіі ў дачыненні да Артура Фінькевіча, да Зміцера Дашкевіча. Аднак гэтая істэрычная спроба ўлады зламіць гэтых людзей маральна, бесперспектыўная. Гэта вельмі мужныя людзі, якія вераць ў Бога і якія нізашто не паступяцца сваімі прынцыпамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)