Общество
Анастасія Зелянкова

Арлоў узяўся за вушы

Цяпер творы Уладзіміра Арлова можна не толькі пачытаць, але і паслухаць. Днямі выйшла аўдыёкніга пісьменніка “Час чумы”. Гэта першая спроба выпуску беларускай аўтарскай прозы на СD-дыску.

-- Пра выпуск аўдыёкнігі я пачаў думаць даўно, -- расказаў “Салідарнасці” Уладзімір Арлоў. – Часам сустракаючы людзей з плэерам, я разважаў, што такім чынам можна слухаць не толькі музыку, але і мастацкія творы. Апошняй кропкай, напэўна, стаў хлопец, якога я сустрэў у басейне -- ён нават плаваў з навушнікамі. Цікава, што пакуль я разважаў над гэтай ідэяй, паралельна пра стварэнне маёй аўдыёкнігі думалі іншыя людзі. Яны першыя і прапанавалі мне выпусціць дыск.

Алесь Калоша, які з’яўляецца выдаўцом гэтай аўдыёкнігі, расказаў, што выбар аповесці “Час чумы” быў невыпадковы.

-- Чаму я ўзяўся агучваць менавіта гэты твор, таму што гэта выдатны ўзор нацыянальнай гістарычнай прозы, -- патлумачыў ён. – У ім ёсць адчуванне духу таго часу. Так, як Арлоў, на гэтую тэму не піша ніхто. Яго мова вельмі каларытная, густая, як масла. Да таго ж, мне падалося, што ў “Часе чумы” ёсць добрае поле для акцёрскай работы. Гэты твор вывучаецца ў школе, і мне вельмі хацелася б, каб дзеці маглі паслухаць, як гучыць сакавітая беларуская мова.

Тэкст на СD-дыску чытае былы дыктар радыё і тэлебачання Леанід Дзяркач. Як прызнаўся Алесь Калоша, падчас запісу ім з Леанідам Дзеркачом давялося сустрэцца з некаторымі праблемамі. Справа ў тым, што аповесць вельмі насычана архаізмамі, у многіх з якіх невядома было, як ставіць націскі. Часам даводзілася доўга шукаць адказы ў розных слоўніках, а ў некаторых выпадках не маглі дапамагчы нават мовазнаўцы.

Текст на дыску мае таксама музычнае аздабленне – кожны новы раздзел пачынаецца невялічкімі ўрыўкамі з лепшых твораў класікаў -- Чайкоўскага, Грыга.

“Час чумы” – гэта толькі пачатак. Уладзімір Арлоў падзяліўся намерам выдаць яшчэ некалькі аўдыёкніг – “Адкуль твой род”, “Таямніцы полацкай гісторыі”, “Ордэн Белай Мышы”. Некаторыя творы можна будзе пачуць нават у аўтарскім выкананні.

Аўдыёкнігу Уладзіміра Арлова можна знайсці па адрасе: праспект Машэрава (вул.Варвашэні), 8.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)