Общество
Анастасія Зелянкова

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» падалі скаргу ў суд

Заяўнікі “Чарнобыльскага шляху-2007” падалі ў суд скаргу на дзеянні Мінгарвыканкама. Яны лічыць, што ўлады парушылі закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў, самастойна змяніўшы маршрут заяўленай акцыі. У сваю чаргу ўлады папярэдзілі пра крымінальную адказнасць за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і запатрабавалі ад арганізатараў аплаціць паслугі міліцыі і прадпрыемства “Зеленбуд”.

Сёння арганізатары акцыі накіравалі ў суд скаргу супраць дзеянняў Мінгарвынкакама. Яны лічаць, што ўлады парушылі закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў, паколькі без абмеркавання з заяўнікамі змянілі маршрут маючай адбыцца акцыі. Згодна з заяўкай, пададзенай 4 красавіка ў Мінгарвыканкам, шэсце 26 красавіка меркавалася пачаць а 18-й гадзіне ад плошчы Якуба Коласа, аднак гарадскія ўлады далі дазвол на збор каля Акадэміі Навук.

— Канешне, мы разумеем, што наш суд наўрад ці адменіць рашэнне Мінгарвыканкама і дазволіць нам сабрацца на плошчы Якуба Коласа, — адзначыў “Салідарнасці” адзін з заяўнікаў акцыі, намеснік страшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Аднак мы ўсё роўна не збіраемся пакідаць без увагі антызаконнае рашэнне ўладаў. Зараз нашы юрысты прыкладаюць усе намаганні, каб разгляд гэтай справы ў судзе адбыўся не пазней 26 красавіка.

Арганізатары мерапрыемства таксама спрабуюць дамовіцца з кіраўніцтвам міліцыі, каб прадстаўнікі праваахоўных органаў не чынілі перашкод людзям, якія прыйдуць на плошчу Якуба Коласа, а дазволілі ім спакойна дабрацца да месца дазволенага збору.

— Аднак пакуль безвынікова, — адзначае Аляксей Янукевіч. — Нам заявілі, што калі людзі будуць ісці па тры чалавекі — адна справа, калі ж па 33 — прабачце. Але мы ўсё ж працягваем перамовы.

Між тым стала вядома, што ўлады запатрабавалі ад арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” аплаціць работу міліцынераў і прадпрыемства “Зеленбуд”. Паводле кіраўніка аддзела грамадскай бяспекі Мінгарвыканкама Аляксандра Найдзенкі, сума будзе вызначацца зыходзячы з колькасці міліцыянераў, якіх задзейнічаюць падчас акцыі, і сапсаваных газонаў.

— Я ніколі раней не чуў, каб арганізатары акцыі сплочвалі міліцыі грошы за іх працу па ахове парадку, — адзначае Аляксей Янукевіч. — Нам патлумачылі, што Мінфінам устаноўлены нормы, якія рэгламентуюць парадак гэтых выплат, і што і БРСМ падчас сваёй нядаўняй акцыі і іншыя праўрадавая арганізацыі заўсёды плацілі гэтыя грошы. Не ведаю, так ці гэта, але ў гістроныі дэмакратычнага руху — гэта дакладна ўпершыню.

Аляксей Янукевіч таксама адзначыў, што літаральна сёняя атрымаў папярэджанне пра крымінальную адказнасць за арганізацыю несанкцыянавага мерапрыемтва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)