Общество

Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў»

Сказаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі у сваім выступе пасьля імшы ў Віленскай катэдры, паведамляе Радыё Свабода.

— Перапахаваньне паўстанцаў 1863-64 гадоў мае вялікае значэньне для Беларусі, а адзін зь лідэраў паўстаньня Канстанцін Каліноўскі ўсьведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэньне, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнаньняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся за «нашу і вашу свабоду».

Сярод іх — Канстанцін Каліноўскі, сын беларускага народу, лідэр нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнаю сілаю духу і зьяўляўся адным з кіраўнікоў паўстаньня. Таму сёньняшняя падзея мае вялікае значэньне таксама і для Беларусі.

Паводле кіраўніка беларускай каталіцкай царквы, Каліноўскі «належыць нашай гісторыі як той, хто ўсьведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэньне», а паўстаньне 1863-64 гадоў «пакінула свой сьлед у гісторыі», хоць і «не прынесла жаданага плёну».

— Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнёмся разьдзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх сольлю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесьці адсутнасьць любові да бліжняга і павагі да ягоных правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася, — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён заклікаў маліцца «за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнаньняў».

— Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў, — заявіў кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі.

Ён назваў «сымбалічным» перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў менавіта ў Вільні — «горадзе Божай міласэрнасьці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)