Арцемій Троіцкі: «Было паўкрока да перамогі»

Журналіст, блогер, музычны крытык разважае на Радыё Свабода, чаму беларусам не ўдалося перамагчы ў жніўні-верасьні 2020 году.

Пра сытуацыю ў Беларусі

— Вясёлага мала. Баюся, што ўладзе ўдалося даволі грунтоўна запалохаць людзей. Вельмі многія былі проста вымушаныя пакінуць Беларусь. У краінах Балтыі вельмі шмат беларускіх актывістаў, бізнэсоўцаў, студэнтаў і ўвогуле нармальных свабодных людзей, якія не змаглі заставацца на радзіме. Гэта сумна. Чаму так адбылося, я ня маю адказу.

Я ў Беларусі даўно ня быў і баюся, што мне туды езьдзіць ня вельмі рэкамэндавана цяпер. Цяжка сказаць, чаму ўдалося пераламаць гэтую пратэставую хвалю Лукашэнку і ягоным «гарылам». Думаю, што часткова людзі стаміліся, часткова зьняверыліся, часткова адыграла ролю тое, што большасьць вядомых людзей, актывістаў, лідэраў знаходзяцца ці ў турме, ці за мяжой.

Я б сказаў, што нават ня большасьць, а практычна ўсе ў турме ці за мяжой.

Пра паўкрока да перамогі

— Людзей зразумець можна, таму што немагчыма выходзіць на вуліцу кожны дзень ці кожныя выходныя цягам году ці паўтара. Думаю, што вельмі многія шкадуюць пра тое, што не даціснулі сытуацыю ў жніўні-верасьні 2020 году. Тады здавалася, што да перамогі засталося паўкрока; думаю, што гэта не здавалася, а сапраўды было так.

Я памятаю эпізоды, якія сталі ключавымі ў тым, што беларуская народна-вызвольная рэвалюцыя закончылася. Трэба было вызваляць палітвязьняў, штурмаваць гэтыя турмы, рэзыдэнцыю Лукашэнкі. Гэта б азначала гвалт, магчыма, кровапраліцьце, але рэвалюцыя быць на 100% мірнай ня можа.

Трэба ісьці і на нейкія сілавыя рашэньні, і на нейкія ахвяры. Тое, што ў Беларусі не знайшлося адчайных хлапцоў, сапраўдных буйных, як сьпяваў Высоцкі, якія б пайшлі да канца і ня ў белых пальчатках, гэта вельмі крыўдна.

Таксама вельмі крыўдна, што, калі не лічыць ужо славутых беларускіх кібэрпартызанаў, якія актыўна і эфэктыўна дзейнічаюць, я ня бачу ці ня ведаю пра нейкія падпольныя дзеяньні, падпольны рух у Беларусі. Пры нямецкай акупацыі было падпольле, былі партызаны. Чаму цяпер пры дакладна такой жа акупацыі няма ўнутранага супраціву, для мяне гэта не зусім зразумела.

Але я ў Беларусі ня быў даўно, зь людзьмі не размаўляў. У людзей, якія знаходзяцца за мяжой, як мне здаецца, даволі цьмянае ўяўленьне пра тое, што на радзіме адбываецца. Таму адказаў на гэтыя вельмі непрыемныя пытаньні ў мяне няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)