Общество

Апраўданы пасьмяротна. Як з паважанага прамыслоўца зрабілі карупцыянэра

Міхаіл Кунц адпрацаваў на Бабруйскім гарбарным камбінаце 48 гадоў, зь іх 34 — кіраўніком. У 70-гадовым веку яго зьвінавацілі ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, піша Радыё Свабода.

Праз паўгода Міхаіл памёр. Яшчэ праз паўгода крымінальную справу спынілі на падставе адсутнасьці складу злачынства.

Свабода пагутарыла з дочкамі Міхаіла Кунца Аксанай і Інай пра бацьку і перажытыя нягоды. Пра дэталі справы апавёў ягоны адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Сьцісла пра Міхаіла Кунца

- Нарадзіўся 13 жніўня 1947 году ў вёсцы Любашкі на Берасьцейшчыне. У сям’і было чацьвёра дзяцей.

- Адукацыю гарбара атрымаў у Кіеўскім тэхналягічным інстытуце лёгкай прамысловасьці. Туды яго накіравала Міністэрства адукацыі БССР.

- Ад 1970 году працаваў у Бабруйскай гарбарні. Пачынаў кар’еру з майстра цэху. Кіраўніком прызначаны ў 1984-м, у 1992-м абраны генэральным дырэктарам акцыянэрнага таварыства.

- 25 жніўня 2017 году ўказам Аляксандра Лукашэнкі ўзнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі».

- У красавіку 2018 даведаўся пра крымінальную справу супраць сябе.

- Звольніўся 1 жніўня 2018 году.

- Памёр 29 студзеня 2019.

- У ліпені 2019 сям'і паведамілі пра закрыцьцё крымінальнай справы супраць Міхаіла Кунца праз адсутнасьць складу злачынства.

За колькі месяцаў да праверкі на камбінаце, якая прывяла да крымінальнай справы, Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Міхаіла Кунца мэдалём «За працоўныя заслугі»

«Здавалася, усе глядзяць з асуджэньнем»

Па словах дачок, Міхаіл Кунц даведаўся пра распачатую крымінальную справу ў канцы красавіка 2018 году. У сям’і рыхтаваліся да залатога юбілею вясельля бацькоў, калі да іх прыйшлі з пастановай на вобшук кватэры. Падчас вобшуку апісалі маёмасьць. 70-гадовага гаспадара пакінулі на свабодзе. Як кажуць суразмоўніцы, да самай бацькавай сьмерці старэйшыя баяліся, што яго могуць у любы момант арыштаваць.

«Перашкодзіць гэтаму мы ніяк не змаглі б, і ўся сям’я доўгія месяцы жыла ў стрэсе», — кажуць яны.

На залатым юбілеі. Сям’я Кунцаў разам. Зьлева дачка Аксана. У цэнтры жонка Міхаіла Кунца — Алена Міхайлаўна. На заднім пляне за бацькам — дачка Іна

Неўзабаве пасьля вобшуку ў прэсе зьявіліся публікацыі пра крымінальную справу, пагрозу пазбаўленьня волі да дзесяці гадоў і канфіскацыю маёмасьці.

«На той момант доказаў татавай віны не было, — кажа Аксана. — Ён быў чалавекам з рэпутацыяй, кіраўніком прадпрыемства, таму на яго і на камбінат адразу легла пляма падазрэньня. Бацькам здавалася, што ўсе вакол глядзяць на іх з асуджэньнем».

Сьцісла пра справу Міхаіла Кунца. Што паведамілі афіцыйна

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю выкрыў на Бабруйскім гарбарным камбінаце «злачынную схему» закупаў сыравіны па завышаных коштах.

Шкоду, нанесеную камбінату, ацанілі ў 160 тысяч рублёў.

Справа супраць кіраўніка прадпрыемства — вынік выкрыцьця Камітэтам дзяржкантролю «пасярэдніцкіх схемаў», створаных на буйных прадпрыемствах гарбарнай вытворчасьці.

Адвакат: справу распачалі беспадстаўна

Па словах адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, справу распачаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, атрымаўшы «Дадатак да акту праверкі». Тая праверка праводзілася ў 2017 годзе і істотных парушэньняў тады ня выявіла. Але праз 10 месяцаў яны зьявіліся. У «акце» сьцьвярджалася, што прадпрыемства закупляла ў беларускіх імпартэраў-гуртавікоў хімікаты нібыта «па завышаным кошце».

Паводле адваката, крымінальны перасьлед ягонага падабароннага быў незаконны. Ён кажа, што на патрэбныя камбінату хімікаты, якія не вырабляюцца ў Беларусі, існуе свабоднае цэнаўтварэньне, а значыць, згодна з існуючымі нормамі заканадаўства выстаўляць Міхаілу Кунцу абвінавачаньні ў завышэньні кошту і нанясеньні шкоды прадпрыемству не было падставаў.

Камбінат выкарыстоўваў паслугі пасярэднікаў, бо ня меў дастатковых вольных сродкаў, каб забясьпечыць бесьперабойныя пастаўкі сыравіны наўпрост ад вытворцаў. Пасярэднікі ж, зь якімі прадпрыемства супрацоўнічае ня першы год, давалі адтэрміноўку разьлікаў.

Па словах адваката, у кастрычніку 2018 году фінансава-эканамічная экспэртыза ня толькі абвергла падазрэньні ў нанясеньні шкоды, але прызнала «набыцьцё сыравіны ў пасярэднікаў выгадным для камбінату».

«У пэўны момант бацька стаміўся супраціўляцца ціску»

У лістападзе 2018 году Міхаілу Кунцу паведамілі, што справа прыпыненая. Родныя спадзяваліся, што новы, 2019 год сустрэнуць бяз страхаў.

Яны ўпэўненыя, што ён стаў ахвярай кантралёраў, якім трэба было знайсьці парушэньні. Па словах дачок, тыя хто ладзіў праверку, не былі дасьведчаныя ў гарбарстве, таму не маглі разабрацца прафэсійна.

Паводле дачок, Міхаіл Кунц меў дзейны кантракт, але вырашыў сысьці з пасады, бо не хацеў прымусовага звальненьня. Яны кажуць: бацька «стараўся крымінальную справу ўспрымаць спакойна».

«Тата чакаў, што гэта ўсё хутка скончыцца, але яно не сканчалася, і ў пэўны момант ён стаміўся ад ціску сьледчых органаў і звольніўся, — кажа Аксана. — Ён ня раз казаў: як выйдзе на пэнсію, то адразу памрэ. Выйшла, як прадказваў. 1 жніўня напісаў заяву, і роўна праз паўгода мы яго пахавалі».

Меўся ехаць на абсьледаваньне за мяжу, але адмовіўся, каб гэта не прынялі за ўцёкі ад адказнасьці

Памёр Міхаіл Кунц у ноч з 29 на 30 студзеня 2019 году, а пра спыненьне справы родным паведамілі сёлета пры канцы ліпеня. У лісьце са Сьледчага камітэту гаварылася, што ў ягоных дзеяньнях адсутнічае склад злачынства. Аксана і Іна ўпэўненыя: каб не крымінальная справа, то ён быў бы яшчэ жывы.

«У нас засталося адчуваньне несправядлівасьці, — кажуць яны. — Мы перакананыя, што тата працаваў бы дагэтуль. Свае крыўды насіў у сабе, а тым часам ягоныя хваробы абвастраліся».

Міхаіл Кунц апошнія дзесяць гадоў хварэў на цукроўку. Перанёс інфаркт, у 2012 годзе яму зрабілі апэрацыю на сэрцы. Меў праблемы з нагамі. Прымаў шмат лекаў. Паводле дачок, яму прызначылі абсьледаваньне ў адной з клінік Літвы, але ён палічыў, што «паездку за межы могуць успрыняць як спробу ўцёкаў ад адказнасьці», і не паехаў.

«Калектыў чакаў афіцыйнага прызнаньня памылкі...»

На самім камбінаце работнікі адзначаюць, што за кіраўніцтвам Міхаіла Кунца адчувалі сябе абароненымі. Дырэктар стараўся дапамагчы кожнаму, хто да яго зьвяртаўся. Калі вырашыць праблему не ўдавалася адразу, то знаходзіў спосабы, як зрабіць гэта пазьней. Пакуль дазваляла эканамічнае становішча, работнікі мелі да заробкаў даплаты.

«Да людзей Міхаіл Іванавіч ставіўся па-людзку», — кажа старшыня камітэту вэтэранаў камбінату Васіль Зубар. Зь Міхаілам Кунцам ён адпрацаваў 25 гадоў. Паводле яго, працоўны калектыў з абурэньнем успрыняў вестку пра абвінавачваньне кіраўніка ў злоўжываньні ўладай.

«Ён усё жыцьцё адрабіў на камбінаце і шкодзіць яму ня стаў бы ніколі, — кажа ён.

Па словах Васіля Зубара, на камбінаце чакалі афіцыйнага паведамленьня аб апраўданьні, але марна. Разьвітацца з былым кіраўніком прыйшоў увесь калектыў.

Родныя Міхаіла Кунца кажуць, што былі ўсьцешаным тым, як зь ім разьвітваліся. Паводле іх, гэта сьведчаньне, што калектыў не паверыў абвінавачваньню.

Якасьць прадукцыі вызначаў навобмацак

Аксана і Іна характарызуюць бацьку як дысцыплінаванага, жыцьцялюбнага, гаспадарлівага чалавека. Паводле іх, ягоны працоўны дзень пачынаўся зранку, як выходзіў з пад’езду. На падворку чакалі тыя, хто меў патрэбу ў ягонай дапамозе. Адкрытасьць у стасунках з падначаленымі, кажуць дочкі, была ўласьцівая бацькаваму стылю кіраваньня.

Дзень Перамогі. Міхаіл Кунц з 90-гадовай вэтэранкай вайны і працы Антанінай Баданавай

Родныя Міхаіла Кунца адзначаюць, што ён выдатна разьбіраўся ў скураной вытворчасьці. Якасьць прадукцыі мог вызначаць навобмацак.

«Паколькі скура апрацоўваецца хімічнымі рэчывамі, то на пальцах меў характэрныя для гарбара пашкоджаньні», — тлумачыць Аксана.

Пры канцы 1980-х гадоў стажыраваўся ў Аўстрыі. Вывучаў гарбарную вытворчасьць на прыватнай фірме.

Сямейныя вячэры ператвараліся ў вытворчыя нарады

На гарбарны камбінат Міхаіл Кунц уладкаваўся разам з жонкай Аленай Міхайлаўнай у 1970 годзе, па сканчэньні Кіеўскага тэхналягічнага інстытуту лёгкай прамысловасьці. Абое вучыліся на адным факультэце абуткова-гарбарнай вытворчасьці.

Па словах дачок, калі бацькі вярнуліся ў Беларусь, то доўга не маглі знайсьці працу. У Бабруйску, на толькі што створанай гарбарні (запусьцілі яе ў 1964 годзе. — РС) была пэрспэктыва інтэрнату, таму тут і аселі.

Суразмоўніцы кажуць, што маці працавала ў цэнтральнай лябараторыі камбінату і добра разьбіралася ў тэхналягічным працэсе. Паводле адукацыі яна інжынэр тэхноляг-гарбар.

«Тата прыслухоўваўся да яе парадаў. Часьцяком нашы сямейныя вячэры ператвараліся ў вытворчыя нарады», — з усьмешкай згадвае Іна.

«Перад сьмерцю згатаваў улюбёную страву...»

Залаты юбілей вясельля Міхаіла Іванавіча і Алены Міхайлаўны сям’я адзначыла 7 траўня 2018 году. Дочкі плянавалі выправіць бацькоў у падарожжа, бо вандраваць тыя любілі. Крымінальны перасьлед не дазволіў зьдзейсьніць задуманае. 50-годзьдзе вясельля сям’я адзначала ў Менску паміж «допытамі, сустрэчамі з адвакатамі і працаю».

«Мы стараліся, каб бацькі былі задаволеныя і ня думалі пра кепскае. Яны дужа любілі адзначаць сямейныя сьвяты разам. Тады ня думалася, што гэта апошняе сьвята для таты...» — не стрымаўшыся, Іна заплакала.

Па словах дачок, за колькі гадзін да сьмерці бацька згатаваў свой улюбёны боршч паводле знойдзенага ім новага рэцэпту. Харчы для яго набыў сам на рынку, куды любіў хадзіць штосуботу.

Міхаіла Кунца пахавалі 1 лютага ў Калодзішчах. Разьвітваліся зь ім у Бабруйску і Менску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(10)