Комментарии
Андрэй Дынько, The New York Times , пераклад «Радыё Свабода»

Апошняя дыктатура Эўропы

У канцы мінулага месяца Анджэй Пачобут, беларускі журналіст, быў абвінавачаны ў дыскрэдытацыі дзяржавы пасьля публікацыі сэрыі артыкулаў, у якіх журналіст паставіў пад сумнеў віну дзьвюх асобаў, асуджаных за выбух у менскім мэтро.

Гэтая навіна — крок назад ад сытуацыі красавіка, калі пад ціскам Эўразьвязу Лукашэнка вызваліў вядомага апазыцыйнага палітыка Андрэя Саньнікава. Усе, хто ўбачыў у вызваленьні Саньнікава надзею, падмануліся: яго справа, і дзясяткі іншых, зьяўляюцца часткай сыстэмы, якую Лукашэнка ўсталяваў за 17 гадоў свайго кіраваньня.

Беларусь застаецца апошняй дыктатурай Эўропы, як дзяржаўны сакратар Кандаліза Райс назвала яе ў 2006 годзе. Праходзяць гады, але мала што зьмяняецца ў гэтай краіне. У той час, як яе суседзі — Польшча, Літва і Латвія — уступілі ў Эўразьвяз, а Ўкраіна спрабуе паўтарыць іх шлях, Беларусь стала чэмпіёнам «эўразійскай інтэграцыі», адным зь лідэраў клюбу постсавецкай аўтакратыі, нароўні з Расеяй і Казахстанам.

Беларускае грамадзтва, аднак, супраціўляецца. Прынамсі 2200 чалавек былі затрыманыя за апазыцыйную дзейнасьць на працягу толькі апошніх двух гадоў. Чатырнаццаць застаюцца ў турме як узорна-паказальныя палітвязьні.

У адрозьненьне ад савецкай эпохі Брэжнева, палітычныя ў Беларусі ўтрымліваюцца не ў спэцыяльных лягерах, а ў звычайных турмах, сярод крымінальнікаў, паасобку ад іншых палітычных вязьняў. Гэтак жа, як пры Сталіне, улады выкарыстоўваюць злачынцаў у якасьці інструмэнта псыхалягічнага ціску на «палітычных».

У Беларусі неафіцыйна існуюць два віды турмаў: «чырвоныя» і «чорныя». У «чорных» дамінуюць турэмныя «паняцьці». Адной з асаблівасьцяў гэтага набору правілаў зьяўляецца тое, што яны дзеляць зьняволеных на касты, дзе самая нізкая каста — так званыя «апушчаныя»: яны выкарыстоўваюцца як аб’екты сэксуальнага гвалту, іх месца — побач з парашай. Паціснуўшы руку такому чалавеку, зьняволены аўтаматычна ператвараецца ў «апушчанага» сам.

Рэжым Лукашэнкі кідае палітзьняволеных у «чорныя» турмы, часам у адны камэры з «апушчанымі». Адразу ж яны апынаюцца на самым краі выжываньня, дзе філязофія саступае фізіялягічным інстынктам.

Уявіце: вы ў адной камэры з забойцамі, ізгоямі, якія могуць ня быць, а могуць і быць «казламі» — мянушка асуджаных за цяжкія злачынствы, якія супрацоўнічаюць з турэмнай адміністрацыяй у абмен на больш мяккае абыходжаньне. Вы перад імі сам на сам, ці адзін супраць трох, ці адзін супраць дзесяці. І адзінае, што абараняе вас — слабая надзея, што не ў інтарэсах Лукашэнкі дазволіць вам памерці ў турме. «Яны спрабавалі давесьці мяне да самагубства, — паведаміў пасьля вызваленьня Саньнікаў, адмовіўшыся паведаміць падрабязнасьці, — я ня маю права казаць, таму што мая сям’я па-ранейшаму ў закладніках сыстэмы».

Ён не адзін такі. Сярод палітычных зьняволеных — Мікалай Аўтуховіч, вэтэран савецкай вайны ў Аўганістане, бізнэсовец, які абвясьціў вайну карупцыі — і пайшоў у турму другі раз.

Сярод іх Мікалай Статкевіч, які таксама адбывае другі тэрмін, былы афіцэр, адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі і самы радыкальны крытык Лукашэнкі на выбарах 2010 году. Нядаўна ў яго камэру пасадзілі былога байца спэцназу, асуджанага за забойства. Незалежныя дасьледнікі лічаць, што гэты бандыт, магчыма, належаў да «эскадронаў сьмерці», адказных за выкраданьні і забойствы апазыцыянэраў.

Сярод палітвязьняў — і Алесь Бяляцкі, праваабаронца, які быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру дзясяткамі людзей па ўсім сьвеце.

Саньнікава вызвалілі пасьля таго, як ён напісаў прашэньне аб памілаваньні, як таго патрабаваў Лукашэнка. Гэта закрывае для Саньнікава магчымасьць абскарджваць прысуд, дамагацца рэабілітацыі. Ён заўтра з лёгкасьцю можа зноў апынуцца за кратамі.

Вызваленьне палітвязьняў не зьяўляецца прыкметай пераменаў. Такой прыкметай магло б быць толькі аднаўленьне іх грамадзянскага статусу. Гэтыя людзі павінны быць рэабілітаваныя. Гэта менавіта тое, што стала сыгналам пра незваротныя зьмены ва Ўсходняй Эўропе ў свой час.

Вядома, гэта можа стацца толькі пасьля страты Масквой яе ўплыву ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі атрымае больш за 4 млрд. Даляраў нафтавай і газавай датацыі з Масквы ў 2012 годзе. І нездарма: Беларусь — апошняя зона каляніяльнага ўплыву Расеі на захадзе ад яе межаў. Былыя камуністычныя краіны не маглі атрымаць сваю свабоду, пакуль не аслабеў, не распаўся Савецкі Саюз. Толькі правал пуцінскай мадэлі можа пракласьці шлях да «эўразійскай вясны».

Тым ня менш, ёсьць людзі, гатовыя ахвяраваць сваім жыцьцём у безнадзейным імкненьні да свабоды ў ледзяным ценю Пуціна. Калі вы хочаце зразумець, чаму Бяляцкі, Статкевіч, Аўтуховіч — героі нашага часу, паспрабуйце паставіць сябе на іх месца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)