Политика

Апошняга адваката Віктара Бабарыкі пазбавілі ліцэнзіі

28 кастрычніка ўвечары адбылося паседжаньне дысцыплінарнай камісіі Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, на якім разглядалася справа Яўгена Пыльчанкі, паведамляе Радыё Свабода.

Камісія прыняла рашэньне выключыць з адвакатуры Пыльчанку-малодшага — за сыстэматычныя парушэньні заканадаўства аб адвакатуры.

Раней, 19 кастрычніка, паводле загаду міністра юстыцыі ў дачыненьні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасьць, і яго адхілілі ад працы.

У чацьвер на паседжаньне зьявіліся 7 чальцоў камісіі, старшыняваў Аляксандар Пятровіч. Паседжаньне доўжылася паўтары гадзіны. Як галасавалі, невядома, бо рабілася гэта ў адмысловым пакоі для нарадаў, у адсутнасьць Пыльчанкі, расказаў Яўген.

— Камісія вынесла даволі вялікую пастанову на 7 альбо 8 аркушах — яны не пранумараваныя. Асноўных прэтэнзій дзьве. Першая — нібыта я выказваў рэплікі, заўвагі падчас працэсу над Віктарам Бабарыкам. І ў судовых спрэчках даў ацэнку выступленьням іншым адвакатаў. То бок, за тое самае, за што выключылі Дзьмітрыя Лаеўскага.

А другое — за тое, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Сьвятлану Купрэеву, сяброўку ягонай сям’і. І нібыта ў іх быў канфлікт інтарэсаў. Насамрэч пра канфлікт інтарэсаў я ніколі ня ведаў, і няма ніводнага дакумэнта, які пра гэта сьведчыў бы.

КДБ даслаў ліст, што ёсьць канфлікт інтарэсаў — без абгрунтаваньняў і прадастаўленьня дакумэнтаў. І дысцыплінарная камісія, натуральна, паверыла КДБ, а ня мне. І вырашыла, што я парушыў прафэсійную этыку, — кажа Яўген Пыльчанка.

Адвакатам Яўген Пыльчанка працуе з 2012 году, з 2018 — у адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнэры».

Пыльчанка абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, сяброўку сям’і Бабарыкаў Сьвятлану Купрэеву, свайго калегу адваката Максіма Знака.

Цяпер у Віктара Бабарыкі няма ніводнага з шасьцярых адвакатаў. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ільля Салей зьехаў зь Беларусі, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі яшчэ больш за год таму, Дзьмітрыя Лаеўскага — у ліпені 2021 году, Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі. І вось цяпер пазбаўлены ліцэнзіі апошні адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка.

Паводле не пацьверджанай афіцыйна інфармацыі з дасьведчанай крыніцы, страціў адну са сваіх адвакатак і сын Віктара Бабарыкі Эдуард, якога ўжо амаль паўтара года трымаюць у так званай «амэрыканцы» — СІЗА КДБ.

Абаронца Эдуарда 28 кастрычніка была выклікана ў Міністэрства юстыцыі на пазачарговую атэстацыю, якой нібыта не прайшла. У Бабарыкі-малодшага засталася яшчэ адна адвакатка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(15)