Общество
Андрусь Гаёвы, Наша Ніва

Апошні шанец ці апошні цвік: чым стануць змяненні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» для роднай мовы?

У найбліжэйшы час у беларускім парламенце мае адбыцца разгляд змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання, якое рыхтавала праект змяненняў, адмовілася выпраўляць сітуацыю, калі расійская мова на нашых таварах з’яўляецца абавязковаю, а беларуская можа быць дададзена толькі пры асаблівым жаданні вытворцы. Наша Ніва ўжо не першы раз звяртаецца да гэтай тэмы. Ці ж атрымаецца правесці праз парламент рашэнні, скіраваныя на рэальнае моўнае раўнапраўе і абарону правоў беларускамоўных спажыўцоў?

Унікальны ў свеце выпадак: на прадуктах няма надпісу на нацыянальнай мове, бо нацыянальны закон таго не патрабуе!

Падтрымка вядомых вытворцаў

Калі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю накіроўвала адказ на зварот каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігара Случака з прапановамі заканадаўчага замацавання нормы, якая б патрабавала абавязковай прысутнасці на таварах інфармацыі аб іх на абедзвюх дзяржаўных мовах, яно паказала меркаванні вытворцаў занадта аднабокава. У адказе ведамства сказана, што на думку цэлага шэрагу дзяржаўных ведамстваў прапанова аб змяненні артыкулаў 7 і 8 Закона «Аб абароне правоў пакупнікоў» з мэтай ураўновання дзвюх дзяржаўных моваў і іх носьбітаў у правах «з’яўляецца эканамічна неабгрунтаванай і немэтазгоднай».

У той жа час многія вытворцы ў сваіх адказах на аналагічныя звароты Ігара Случака даслалі адказы з падтрымкай ягоных прапановаў. Напрыклад, такі вядомы дзяржаўны вытворца побытавай тэхнікі, як ААТ «Гарызонт», якому ў выпадку рэалізацыі прапаноў давядзецца абнавіць не толькі пакаванку сваёй прадукцыі, але і тэхнічныя пашпарты і кіраванні па эксплуатацыі, «лічыць прапанову аб неабходнасці інфармавання спажыўцоў аб тавары і яго вытворцах на беларускай мове справядлівай і абгрунтаванай». Гэтае прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю і на рынкі самых розных краінаў СНД. Магчыма, таму яно разумее каштоўнасць нашай нацыянальнай мовы для нашага народа, гэтак жа як моваў іншых краінаў для іх. «Гарызонту» кідаецца ў вочы абдзеленасць беларускай мовы і беларускамоўных грамадзян. «Увядзенне такой нормы будзе садзейнічаць поўнаму забеспячэнню правоў беларускіх спажыўцоў», — сцвярджае ў лісце ад імя прадпрыемства намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях А. Зайчанка.

ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч» таксама падтрымлівае прапановы аб моўным раўнапраўі ў аздабленні сваёй прадукцыі, пры тым што многія тавары, якія выпускае прадпрыемства, пакуюцца ў даволі дробныя пачакі, але ўжо цяпер маюць інфармацыю па-беларуску.

«Некаторыя вытворцы па сваёй ініцыятыве даволі актыўна і паспяхова робяць намаганні па ўжыванні беларускай мовы ў сваёй працы і рэкламе сваёй прадукцыі. І што самае галоўнае — гэта сустракае ў асноўным прыязнае стаўленне спажыўцоў», — піша ў сваім адказе ААТ «Белрыба». Прадпрыемства паведамляе, што лічыць прапановы па змяненні закона, накіраванага на пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў аздабленні тавараў, неабходнымі і своечасовымі.

Найбольш папулярныя беларускія аператары мабільнай сувязі таксама ўхваляюць паданне інфармацыі аб сваіх паслугах на абедзвюх дзяржаўных мовах. «Пералічаныя прапазіцыі заслугоўваюць увагі», — лічыць прадпрыемства «Вэлком», якое апошнім часам дастаткова актыўна і паспяхова вядзе беларускамоўныя рэкламныя кампаніі і спрыяе многім праектам, якія пашыраюць нашу мову. «МТС падтрымлівае патрэбу абароны правоў спажыўцоў, незалежна ад выкарыстоўваемай імі мовы», — сцвярджае СТАА «Мабільныя тэлесістэмы».

І такіх адказаў ад найбольш паспяховых і крэатыўных беларускіх вытворцаў у Ігара Случака маецца дастаткова шмат. Прынамсі, аб тым, што для складання тэксту на дзяржаўнай мове нашай краіны, ды яшчэ і нацыянальнай мове нашага народа, спатрэбіцца «ліцэнзаваны перакладчык», паслугі якога выклічуць дапаўняльныя фінансавыя страты, не паведаміла ніводнае з прадпрыемстваў, што адказалі Случаку. Відаць, такія сур’ёзныя праблемы з беларускай мовай маюцца толькі ў ААТ «Савушкаў прадукт», меркаванне якога прыводзіла ў сваім адказе Мінгандлю.

Калі ў супрацоўнікаў «Савушкавага прадукту» сапраўды ўсё гэтак кепска з валоданнем беларускай мовай, то менавіта з гэтага прадпрыемства і трэба пачынаць даданне нашай мовы на пакаванкі, пакуль ягоныя супрацоўнікі канчаткова не забыліся, да якога народа яны належаць і ў якой краіне працуюць.

Таварыстваў абароны спажыўцоў: «У законе выпусташаная сутнасць правоў грамадзяніна»

Варта адзначыць, што, нягледзячы на тое, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рыхтавала праект зменаў у закон аб абароне правоў спажыўцоў, аб саміх спажыўцах яно ўвогуле не думала. Прапановы абаронцаў моўнага раўнапраўя яно разглядала выключна з пазіцыяў вытворцаў. Нават у пераліку ўдзельнікаў так званай Грамадска-кансультацыйнай рады пры міністэрстве і ведамстваў, меркаванне якіх Мінгандлю палічыла дастатковым для ігнаравання моўных правоў спажыўцоў, аніводнага прадстаўніцтва гэтых самых спажыўцоў няма.

Тым не менш гэтыя аб’яднанні ў сваіх адказах актывісту «Справаводства па-беларуску» падтрымалі ягоныя прапановы. Напрыклад, Мінскае гарадское таварыства абароны спажыўцоў даслала вельмі змястоўны адказ. «На наш погляд, недахопам Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» з’яўляецца тое, што ў ім прапісана альтэрнатыўнасць выкарыстання альбо беларускай, альбо рускай мовы, а не абавязковасць выкарыстання абодвух моваў або мовы, абранай грамадзянінам. Такім чынам, у ім выпусташаная самая прававая сутнасць, дух і літара закона аб абароне правоў грамадзяніна на адну з дзяржаўных моваў.

... Відавочна, што для забеспячэння рэальнай роўнасці моваў неабходнае, у першую чаргу, прыняццё зменаў у заканадаўстве».

Асноўная рэспуліканская арганізацыя, якая бароніць правы спажыўцоў, таксама за тое, каб дзве дзяржаўныя мовы мелі роўны статус. Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» піша ў сваім лісце, што яно «падтрымлівае такую папраўку, аднак правам заканадаўчай ініцыятывы не валодае».

Надзеі на дэпутутаў

Такім правам валодаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Прычым для гэтага ім не трэба збіраць тысячы подпісаў, як звычайнаму грамадзяніну. Але з тых дэпутатаў, якія на апошніх выбарах прадстаўлялі дзейную ўладу, аніводзін не пажадаў скарыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы, каб абараніць родную мову.

У цяперашнім складзе парламента ёсць і дзве дэпутаткі, якія вылучаліся няўладнымі арганізацыямі. Нам нарэшце ўдалося даведацца меркаванне наконт прапановаў аб абавязковым паданні інфармацыі аб таварах і паслугах і іх вытворцах на абедзвюх дзяржаўных мовах дэпутаткі ад Аб’янанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай, якая ўваходзіць у профільную камісію па эканамічнай палітыцы: «Я, безумоўна, падтрымліваю пашырэнне ўжывання беларускай мовы і лічу, што дзве дзяржаўныя мовы павінны мець роўны статус. Але цяпер у нас у краіне такая няпростая эканамічная сітуацыя, што ў гэтай справе трэба кіравацца найперш эканамічнымі цікавасцямі. Нельга, каб вытворцы неслі неапраўданыя выдаткі.

Таму, я падтрымаю такую рэдакцыю зменаў у закон, якая б прадугледжвала абавязковае паданне інфармацыі аб таварах, работах і паслугах, а таксама аб іх вытворцах, выканаўцах і прадаўцах, на абедзвюх дзяржаўных мовах у тым выпадку, калі гэтыя тавары ці паслугі рэалізуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Калі ж партыя тавара прызначана для рэалізацыі на экспарт, то тут мову, на якой павінна падавацца згаданая інфармацыя, лічу, варта пакінуць на выбар вытворцы».

Што ж, беларусы будуць удзячныя нават і за такую паслугу з боку спадарыні Канапацкай. Зрэшты, яна ў дзейным складзе парламента далёка не адзіны дэпутат, які паабяцаў падтрымаць прапанаваныя карэктывы закона. Нават сам старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка выказаўся «за». Але вось хто ж унясе такія прапановы на разгляд дэпутацкага корпуса, калі нават дэпутат ад АГП згадзілася толькі падтрымаць іх, ды і тое з агаворкамі?

Пакуль гэта абяцае зрабіць іншая дэпутатка, якая на выбарах не прадстаўляла нейкіх дзяржаўных структур — Алена Анісім, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Яна паабяцала ўнесці адпаведныя прапановы на разгляд профільнай камісіі, калі туды паступіць праект закона. Разам з гэтым Алена Анісім паведаміла «НН», што ўжо цяпер яна ўнесла ў адпаведныя парламенцкія камісіі прапановы аналагічных зменаў у законы «Аб дзяржаўных закупках» і «Аб якасці і бяспецы прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека».

У сваёй папярэдняй публікацыі на гэтую тэму НН заклікала неабыякавых беларусаў накіраваць на адрас парламента звароты з патрабаваннямі двухмоўнага аздаблення тавараў. А копіі накіраваных у заканадаўчы орган зваротаў мы прапанавалі даслаць на электронную скрыню спадарыні Анісім, каб падчас абмеркавання паправак дэпутатамі яна магла спаслацца на колькасць беларусаў, для якіх гэтае пытанне важнае.

Хаця пад матэрыялам тады разгарэлася дастаткова жарсная дыскусія, прычым большасць каментатараў падтрымлівала прапановы, пакуль дэпутатка Алена Анісім атрымала толькі пяць копіяў зваротаў. Ці ж атрымаецца ўразіць дэпутатаў такой «актыўнасцю» тых, хто хоча жыць у беларускай Беларусі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)