Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Апошні дзень страйку прадпрымальнікаў. Што далей?

Да 15 студзеня прадпрымальнікі трымалі страйк у форме адпачынкаў бяз выплаты падаткаў. Яны плянуюць выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў наступны панядзелак. Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, па краіне каля 50% прадпрымальнікаў падтрымала гэты страйк.

Многія выказваюцца за тое, каб у лютым масава працягнуць страйк пад выглядам адпачынкаў. Асноўнае патрабаваньне ўдзельнікаў акцый пратэсту — адмена пункту 1.1 прэзыдэнцкага ўказу № 760, які ад 1 студзеня дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

“Адбылося згуртаваньне ўсіх прадпрымальніцкіх структураў, — кажа Віктар Гарбачоў. — Усе разам, усе кансалідуюцца. Гэтыя акцыі нарадзілі сотні, тысячы новых актывістаў, новых лідэраў у маленькіх вёсачках і гарадах. Расплюшчылі людзям вочы на стаўленьне ўладаў да прадпрымальнікаў. Ня трэба зараз ні Гарбачоў, ні Шумчанка, ні Макаеў... У іх ёсьць свае гарбачовы, — тысячы гарбачовых, тысячы шумчанак”.

У інтэрнэце распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што 21 студзеня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбудзецца наступная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў.

“Я думаю, што народ прыняў рашэньне 10 студзеня. І ён гэтае рашэньне ўжо не адменіць, — кажа Віктар Гарбачоў. — Тыя людзі, якія былі там, прынялі для сябе рашэньне. Яны ўсе прагаласавалі за 21-е. Адпаведна, гэта трэба пытацца ў людзей і глядзець, чакаць 21 студзеня. Але пасадка лідэраў ні ў якім разе ня спыніць шараговых прадпрымальнікаў, каб яны адмянілі сваё рашэньне. Народ сказаў слова, народ яго трымае”.

Прадпрымальнікі праяўляюць салідарнасьць. Да прыкладу, яны сабралі неабходную суму грошай, каб выплаціць штраф у 20 базавых велічыняў, які наклаў суд на Віктара Гарбачова нібыта за дробнае хуліганства. Таксама на рынках распаўсюджваюцца лістоўкі ў падтрымку зьняволенага лідэра аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі ды іншых актывістаў.

Адносна акцыі 21 студзеня намесьніца лідэра “Пэрспэктывы” Вольга Круміна сказала:

“На ўсіх рынках ужо распаўсюджаны лістоўкі. І ўсе маюць намер выйсьці і падтрымаць. Калі раней яны патрабавалі ўсяго толькі адмены пункта 1.1 указа №760, то цяпер яны патрабуюць і свабоды Шумчанку. І тое, што акцыя адбудзецца — гэта бясспрэчна. І ніякіх пытаньняў тут быць ня можа”.

Старшыня савету рынку “ЦУМ” у Берасьці Алена Кустус сказала, што прадпрымальнікі настроены падтрымаць акцыю 21 студзеня:

“Мы пакуль прыпынілі сваю дзейнасьць. Ня ўсе прадпрымальнікі, праўда. Мы абсалютна салідарныя з арыштаванымі і з тымі людзьмі, якія былі на мітынгу 10 студзеня. Мы спадзяемся на тое, што будзем пачутыя”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)