Апазыцыя вылучае ў мясцовыя саветы каля тысячы кандыдатаў

Такая лічба вынікае з падсумаваньня зьвестак, якія мы атрымалі ў выбарчых штабах апазыцыйных палітычных партыяў. Акрамя таго, як цьвердзяць там, яшчэ прыкладна столькі ж прэтэндэнтаў з дэмакратычнымі поглядамі рэгіструюцца як незалежныя кандыдаты.

Кіраўнік выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер фактычна пацьвярджае прагназаваныя лічбы:

(Альфер: ) “Давайце палічым — на сёньняшні дзень апазыцыя змагла наскрэсьці дзесьці 800 чалавек кандыдатамі ў саветы ўсіх узроўняў. Ну, і тыя, хто не залежныя ад улады й не залежныя ад апазыцыі, іх будзе напэўна столькі ж. Усе астатнія пойдуць па разнарадцы ўлады”.

Найбольшая канкурэнцыя прагназуецца ў сталіцы, дзе абіраюцца 55 дэпутатаў. Тут раённыя выбарчыя камісіі, якія выконваюць у Менску і функцыі акруговых, пасьля двух выходных дзён сёньня аднавілі прыём заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. У камісіі Партызанскага раёну Менску паведамілі, што на 12 гадзін тут ужо прынялі шэсьць заяваў:

(Супрацоўніца: ) “Нават некаторыя ўжо зарэгістраваныя, і пасьведчаньні аб рэгістрацыі аддадзеныя. Кандыдаты самыя розныя — дырэктар гімназіі, беспрацоўны, сьлесар, начальнік ЖЭСу”.

Падобна, што і як чатыры гады таму, у некаторых акругах Менску сутыкнуцца некалькі апазыцыйных кандыдатаў. Прыкладам, толькі сталічная філія Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паводле яе новага лідэра — генэрала Фралова, плянуе выставіць каля 35 прэтэндэнтаў. Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня таксама зьбіраецца балятавацца ў гарсавет:

(Фралоў: ) “Зараз павязу дакумэнты. Пайду па Ўбарэвіцкай акрузе, што ў Заводзкім раёне. Сытуацыю ацэньваю рэальна. Патрэбна змагацца, патрэбна працаваць”.

На папярэдніх рэгіянальных выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2003 году, апазыцыя агульнымі намаганьнямі вылучыла больш за тысячу кандыдатаў. Каля 750 зь іх былі зарэгістраваныя. Але на папярэдніх выбарах апазыцыйныя партыі мелі нашмат больш зарэгістраваных структураў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)