«Апазыцыя нічога не прамаргала»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў не пагаджаецца з палітычным аглядальнікам TUT.BY Арцёмам Шрайбманам.

«Пры ўсёй павазе да Artyom Shraibman я зусім ня падзяляю ўсеагульнае захапленьне ягоным артыкулам, – ні па форме, ні па зьместу, – пiша журналiст у Facebook. – Па форме. Я разумею, што самы папулярны тэкст на палітычную тэму на масавым рэсурсе павінен утрымліваць наступны тэзіс – «і ўлада і апазыцыя тупыя, яны ня здольныя, яны не змаглі…» і гэтак далей. Для канапавых каментатараў на сайце, кожны першы з якіх пачынае свой допіс словамі «я не опп, но і не застабіл, і на мітінгі не хожу» – наезд адначасова і на ўладу і на апазыцыю як бальзам на душу. Урэшце, гэта толькі плюс для журналиста – адчуваць свайго чытача, і натуральна, што для Карнеги.ру Арцём піша трошкі ў іншым стыле.

Наконт сутнасьці. Канешне, усім падабаецца яркі і палымяны тэзіс, што апазацыя і ўлады нешта «прамаргалі». Аднак ён не вытрымлівае праверкі рэальнасьцю. Слушна напісаў Андрэй Дзмітрыеў (да, для гісторыі трэба зафіксаваць, што я ў нечым пагадзіўся з Дзьмітрыевым:) што апазыцыя цэлы год толькі і рабіла, што падымала тэму дармаедаў, і працавала на пратэст. (тое, што яны, як заўсёды, апынуліся раз’яднанымі на момант мітынгу – гэта іншая тэма). Улада таксама даўно разумее нэгатыўныя наступствы Дэкрэта, і апошнія месяцы толькі і робіць, што мітусьліва думае, як скарэктаваць ці адмяніць гэты дэкрэт.

Дарэчы, і сентэнцыя Арцёма пра тое, што ўлада ніколі не адступае назад – прынадная для масавай публікі, але таксама не вытрымлівае праверкі рэальнасьцю. І палітзьняволеных выпускалі, і свае Дэкрэты адмянялі ці пераносілі, і абвешчаныя рашэньні часам ня ўводзілі пасьля пратэстаў.

Наступны пасаж, што апазыцыя будзе навязваць пратэстоўцам свае традыцыйныя тэмы – гэта таксама трошкі такая інсінуацыя. Па-першае, на самой акцыі ўсё ж пераважала адна тэма – Дэкрэт і іншыя сацыяльныя пытаньні. Калі там Сіўчык сказаў 20 сэкундаў пра значкі – ці гэта азначае, што ўдзельнікі акцыі адразу павінны ў жаху пабегчы адтуль як чорт ад ладана?

Па-другое, пагадзіцеся, усё ж пэўная мінімальная ідэйная еднасьць павінна быць. Ну вось, калі чалавек супраць Дэкрэту, але за логунг «бей жідов, спасай Россію» – ці можа ён стаць, Арцём, вашым хаця б сытуацыйным паплечнікам? Наўрад ці. Так і тут. Калі нейкія людзі выступаюць супраць Дэкрэту, але маючы на ўвазе «Пуцiн прыйдзі, і замяні гэтага Лукашэнку з ягонымі тупымі дэкрэтамі» – ці павінны яны стаць паплечнікамі дэмакратычнай апазыцыі? Не.

Апазыцыя нічога не прамаргала. Яна проста стаер, яна вымушана думаць пра будучыню, а не жыць адным днём, адным Указам. Апазыцыя калектыўна адмовілася ад Плошчы ў 2015 гозе – і на тое былі свае прычыны.

І пры гэтым я разумею, што любы допіс пра тупую і слабую апазыцыю набярэ ў сотні разоў больш лайкаў, чым мая спроба патлумачыць рэальнасьць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)