Политика
Алег Мыцік, ”Мы”

Апазіцыя – прадпрымальнікам: Не чапайце Дзень волі!

Лідэр кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў распавёў “Мы”, што ягоная ініцыятыва правесці 25 сакавіка ў Мінску Марш падманутых і непачутых выклікала рэзкую крытыку з боку нацыянальна арыентаванай апазіцыі.

- Я ўжо пачуў, што замахнуўся на Вялікі дзень. У апазіцыі зноў пачынаюцца разборкі – нават з такой нагоды. А я лічу, што трэба на гэта забыцца, бо разборкі на руку толькі аднаму чалавеку – прэзідэнту.

Віктар Гарбачоў патлумачыў, чаму для правядзення Маршу найбольш падыходзіць менавіта 25 сакавіка, калі ў Мінску традыцыйна праходзіць шэсце ў гонар Дня волі.

- Тыя ж прадпрымальнікі адчуюць наступствы палітыкі ўраду толькі ў лютым-сакавіку. Таму, падкрэслю, Аляксандр Макаеў і яго паплечнікі зрабілі 12 студзеня халасты стрэл. Зараз ІП аблізваюць костку, што кінулі ім улады, – указ № 703. А вось калі пачнуцца новыя плацяжы – а ў ІП усе яны прывязаныя да курсу еўра – тады вочы і раскрыюцца.

Зараз трэба працаваць з людзьмі, рыхтавацца да вясны, паспрабаваць скансалідавацца да сакавіка – і выступіць адзінай акцыяй 25 сакавіка, бо людзі ведаюць гэтую дату – і можа атрымацца ўдалы вынік.

Паводле Гарбачова, замест таго каб прыслухацца да прапановы, у ягоны адрас пасыпаліся абвінавачванні ў замаху на святое.

- Зараз – усё роўна: хоць Дзень волі, хоць розуму. Хтосьці выйдзе адсвяткаваць гадавіну незалежнасці, хтосьці змагацца за свае парушаныя правы. А я пачуў як і стрыманую крытыку ад кіраўнікоў правых, так і непрыхаваныя абразы ад шараговых чальцоў партый і рухаў. Мне і тэлефанавалі ўжо, і лісты абражальныя дасылалі, каб не чапаў святое.

На думку прадпрымальніцкага лідэра, сваркі ў апазіцыі на руку толькі Аляксандру Лукашэнку.

- Мы грызёмся як павукі ў слоіку, а гэты толькі сядзіць і смяецца: “Толькі натоўпамі не хадзіце!”.

Віктар Гарбачоў адзначыў таксама і правальную, на ягоную думку, працу АДС на пачатку года.

- У мяне людзі пытаюцца: што там з рублём, як далей будзе, што гэта адбываецца? Дай што пачытаць пра гэта. А што я ім скажу? Няма ні заяваў, ні хоць якой інфармацыі ад кіраўніцтва АДС. Дзе тыя ўлёткі і бюлетэні, што пачкамі раздаюцца? І ведалі ж, што нешта будзе з эканомікай, а ніхто нават і пальцам не зварухнуў, каб загадзя падрыхтавацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)