Апазіцыя аб’ядналася і вызначыла акругу для байкоту
Кампанія байкоту будзе арганізавана шэрагам арганізацый і партый у Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 у Мінску.
Такое рашэнне прынята на праведзеным 31 жніўня пасяджэнні рабочай групы па правядзенні такой кампаніі ў межах выбараў у Палату прадстаўнікоў, паведамляе pyx.by.
Каардынатарамі кампаніі байкоту ў 101-й акрузе абраны Сяргей Вазняк ("Справядлівы свет"), Павел Вінаградаў ("Zмена"), Юрась Меляшкевіч (Рух "За Свабоду"), Аляксандр Фядута ("Гавары праўду"). У гэтай акрузе ад апазіцыі балатуецца з намерам зняцца Арцём Лява з Партыі БНФ.
У межах актыўнага байкоту ў гэтай асобна ўзятай мінскай акрузе плануецца арганізаваць пастаяннае назіранне на усіх 33 яе участках на працягу шасці дзён (асноўнага дня галасавання 23 верасня і пяці дзён датэрміновага галасавання). Для гэтага спатрэбіцца дзяжурства ў некалькі змен ад 210 да 280 назіральнікаў. Будзе арганізаваны ў дзве хвалі распаўсюд улётак прыблізна на 20 тысяч кватэр (для гэтага патрэбныя каля 100 валанцёраў).
У планах таксама - пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі, выданне спецыяльных накладаў газет, рассыланне лістоў сябрам выбарчых камісій аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства.
Адзін з каардынатараў байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101, сябра руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч, апавёў, што ўся праца будзе базавацца на кампаніі кандыдата ад партыі БНФ Арцёма Лявы, які зарэгістраваны па гэтай акрузе, паведамляе Радыё Свабода.
Раней ініцыятары байкоту ў асобнай акрузе — рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» — заяўлялі пра тое, што для байкоту будзе абрана акруга, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў.
Юрась Меляшкевіч патлумачыў:
– Мы карыстаемся яго ўдзелам у выбарах, у агітацыі для таго, каб разгортваць кампанію байкоту. Законныя працэдуры для атрыманьня месцаў для агітацыі, для выстаўленьня пікетаў, для друку матэрыялаў абмежаваныя ў выпадку, калі кандыдата няма. Калі яго няма, то ў нас няма мажлівасьці стаяць у пікеце так, як гэта можа дазволіць сабе кандыдат. І мы зьбіраемся менавіта дзякуючы гэтаму правесьці больш візуальную, прыкметную і дынамічную кампанію. Мы будзем прысутнічаць усюды, дзе толькі можна, будзем распавядаць пра байкот, як і чаму мы зьбіраемся байкатаваць гэтыя выбары. Мы выбралі аптымальную акругу, якая дазволіць найбольш эфэктыўна спрацаваць.
Стваральнікі кампаніі байкоту ў адной акрузе мяркуюць, што байкотны кандыдат Арцём Лява пройдзе выбары да канца. Прычым будзе арганізавана сталае назіраньне за яўкай і галасаваньнем на ўсіх участках акругі.
– Мы яшчэ будзем весьці перамовы з партыяй БНФ, ці не дазволяць Арцёму Ляву ісьці да канца, каб зафіксаваць вынікі ўдзелу ў кампаніі і абскардзіць вынікі галасаваньня, калі будуць фальсыфікацыі. Мы будзем пра гэта гаварыць. Але пакуль дзейнічае рашэньне, паводле якога Арцём Лява за тыдзень мусіць зьняцца. Мы данясем да кожнага выбарца, чаму варта ня ўдзельнічаць.
Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў сказаў, што яго партыя ўваходзіць у групу па арганізацыі байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101.
– У якасьці экспэрымэнту, як гэта ўсё рабіць. Бо рэальна ніхто ў Беларусі байкот пакуль не рабіў. Нашы людзі будуць працаваць там. І самі пераканаюцца — рэальна ці не рэальна зрабіць байкот у Беларусі, як да гэтага ставяцца людзі. Вопыт любы карысны, у тым ліку і па байкоце. Па адной акрузе можна будзе ацаніць гэта і потым вызначыцца, што эфэктыўней для далейшай працы — байкот ці ўдзел.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное