Общество
Марат Гаравы, «Новы час»

«Антысаветчыкам я стаў з маленства»

Гэты шляхетны сівы чалавек маладжавага выгляду вядомы беларускай грамадзянскай супольнасці. Шмат гадоў культуролаг Вацлаў Арэшка асэнсоўвае шляхі захавання беларускай нацыі.

У гады майго маленства слова «ГУЛАГ» яшчэ не гучала, але ўсім знаёма было слова «зона». Спачатку мы жылі ў цэнтры Свярдлоўску, а потым пераехалі на ўскраіну горада, дзе атрымалі кватэру ў новым раёне. І там праз лясок можна было выйсці на вялізарныя прасторы, абцягнутыя калючым дротам. Што тым было, цяжка сказаць. Ці гэты былі вайсковыя часткі, ці лагер ГУЛАГу? Аднак тыя дзеці, якія асмельваліся туды хадзіць, добра атрымлівалі кухталёў…

Вельмі моцна паўплывала на мяне знакамітая амерыканская нацыянальная выстава ў Маскве ў 1959 годзе пад час хрушчоўскай адлігі. Амерыканцы вельмі разумна зрабілі гэтую выставу ў Сакольніках, дэманструючы як раз тое, што і трэба было паказаць савецкім людзям.

Мы тады з маці як раз знаходзіліся ў Маскве ў сваякоў і некалькі дзён стаялі ў чарзе за білетамі на выставу. Памятаю кока-колу, якую бясплатна давалі ў папяровых шклянках. Народ станавіўся ў вялізарныя стомятровыя чэргі — але не за гэтай кока-колай (некаторыя яе проста вылівалі), а менавіта за папяровымі шклянкамі, якія бачылі ўпершыню…

Мяне — чатырохгадовага дзіцёнка на гэтай выставе моцна здзівіла ўсё, пачынаючы ад вялікіх чэргаў за білетамі, кока-колы, прыгожых аўтамашынаў і каляровай тэлевізіі. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі тры рэчы: рок-н-рол, абстрактнае мастацтва і макет тыповага амерыканскага прыватнага жылога дому — аднапавярховага шматпакаёвага катэджу. Зроблены у памер сапраўднага дому, у якога адсутнічала адна вонкавая сцяна, макет дэманстраваў жыллё ў разрэзе.

Людзі стаялі з адкрытым ротам каля гэтага макету, што адлюстроўваў побыт шараговай амерыканскай сям’і. Прычым найбольш дзівілі не шыкоўныя халадзільнікі, пасудамыечныя і пральныя машыны, але прыбіральня з унітазам і кранамі ў гэтым па-нашаму вясковым доме.

Прыбіральня ўразіла не толькі мяне. Па дому хадзілі чаргой, як па Маўзалею Уладзімера Леніна, з аднаго пакоя ў другі і ўсё глядзелі на гэты ўнітаз, таму што ён быў абсалютна незразумелы для звычайнага савецкага чалавека. І скажу шчыра, ужо ў чатыры гады я ўцяміў, што ў адрозненне ад нашага свету ёсць іншы свет. А тое, пра што ў нас кажуць «лепшае», гэта не заўжды праўда.

Дарэчы я так ніколі і не хадзіў у дзіцячы садок. А калі мяне аднойчы адвялі туды, я нарабіў гэтакі вэрхал, што мяне больш туды не вадзілі. Вось чаму ўвесь час сядзеў дома, чытаў кнігі і слухаў замежнае радыё.

У нас быў лампавы прымач «Балтыка», які вельмі добра працаваў. І калі дома нікога не было, я круціў ручку настрою хваляў прымача і слухаў «Голас Амерыкі» і «Радыё Свабода». Айчынныя ж станцыі не трэба было шукаць — яны гаманілі увесь час па радыёкропцы, што была ў кожнай хаце. Ад яе проста не было куды схавацца. Вось чаму рэпартажы з XXІ і XXІI з’ездаў КПСС я праслухаў ад і да. Нават маці ўспамінала, як я збіраў сваіх лялек і прамаўляў ім: «Дорогие товарищи!»

А паколькі сталеў паміж тым, што бачыў насамрэч, у тым ліку і на амерыканскай выставе ў Маскве, а таксама тым, што чуў з замежнага і савецкага радыё, дык рана — у 13 гадоў, — стаў свядомым антысаветчыкам. Адбылося гэта ў 1968 годзе, калі на мяне моцна паўплавалі студэнцкія выступы ў Францыі і падзеі ў Чэхаславаччыне. Пасля гэтых падзей аніякая савецкая ідэалогія не магла ўздзейнічаць на мяне, бо дзякуючы заходнім радыястанцыям я не «трапіў пад іхную прапаганду», а пачаў больш і больш думаць сам, параўноўваць розныя рэчы і шукаць, дзе праўда, а дзе брахня і, зразумела, савецкая мадэль не вытрымлівала крытычнага падыходу…

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)