Антыкрызісная прапанова ад віцебскага заапарку — там разводзяць і прадаюць экзатычных кур

У віцебскім заапарку вынайшлі незвычайны спосаб атрыманьня прыбыткаў. Каб зарабіць грошы на ўтрыманьне “жывой экспазыцыі” ды іншыя патрэбы, тут пачалі разводзіць кур экзатычных для Беларусі парод ды рэалізоўваць іх насельніцтву.

Самыя вялікія надзеі супрацоўнікі ўскладаюць на разьвядзеньне кур мясной ангельскай пароды “Брама” — дарослы певень гэткага кшталту вырастае да 70 см у вышыню, а вага курыцы дасягае 10 кг. Птушкі памерам са звычайных свойскіх курэй, якія гуляюць сёньня па тэрыторыі заапарка, — гэта ўсяго толькі кураняты трохмесячнага ўзросту.

Трохмесячннае куранятка ўжо памерам са звычайную свойскую птушку

У заапарку іх “выседжваў” інкубатар, бо для разьвядзеньня “Брамы” супрацоўнікі закупілі яйкі. Цяпер чакаюць, пакуль кураняты вырастуць і ўжо зь яек віцебскага паходжаньня выведзецца новае пакаленьне. Прадаваць маладых курачак і пеўнікаў крыху нязвыклай у тутэйшых мясьцінах пярэстай расфарбоўкі мяркуюць па прымальных для гаспадароў коштах: па 25-30 тысячаў рублёў. З улікам таго, што звычайны маладняк на віцебскім кірмашы каштуе па 15-20 тысяч за птушку, сваю “антыкрызісную прапанову” супрацоўнікі заапарку лічаць вельмі прывабнай. Бо карыснага мяса з кожнай курыцы пароды “Бірма” можна атрымаць у паўтары разы болей чымсьці з айчыннага “бройлера”.

Каля двух дзесяткаў курэй пароды “Брама” вольна ходзяць па тэрыторыі заапарка

Першы досьвед рэалізацыі экзатычных парод курэй у віцебскі заапарку ўжо ёсьць: тут ужо пачалі прадаваць маладняк дэкаратыўнай пароды “Бэнтама”. Куры і пеўні гэтай пароды драбнаватыя, але таксама маюць карысныя для гаспадаркі ўласьцівасьці. Курыца пароды “Бэнтама” нясе больш яек, а певень не абыходзіць сваёй мужчынскай увагай ніводную прадстаўніцу курынага роду, у тым ліку й іншай пароды.

Маладняк пароды “Бэнтама” дагэтуль у заапарку прадавалі па 4 тысячы рублёў, бо апасаліся, што ня будзе попыту. Аднак попыт, асабліва на пеўняў, вялікі, і таму кошты, хутчэй за ўсё, падвысяцца.

Куры “Бэнтама” па вуліцы не гуляюць. Яны жывуць у клетках разам з галубамі і фазанамі

Для тых, хто гатовы ацаніць ня толькі вагу курыцы і колькасьць зьнесеных яек, але і эстэтычную прывабнасьць, у віцебскім заапарку таксама ёсьць прапанова — кітайскія шаўковыя куры. Праўда, “антыкрызіснай” гэтую прапанову ўжо не назавеш: заапарк набываў гэтых птушак па 50 даляраў за штуку і менш як за тыя самыя грошы пакупнікам не аддасьць.

Шаўковыя куры незвычайныя: замест пер”я яны пакрытыя пухам, а скуры ды мяса ў іх сіня-чорнага колеру.

Шаўковыя куры

Супрацоўнікі заапарку кажуць, што мяса шаўковых курэй дужа смачнае, і здаўна лічыцца сапраўдным далікатэсам. Праўда, вядома гэта толькі з адпаведнай літаратуры – ніхто з работнікаў заапарку такога не каштаваў дый ня памятае, каб былі ахвотныя набыць такую птушку ў сваю прыватную гаспадарку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)