«Антоха Зялёны»

Крайняя хата справа на другім паверсе Ізалятара часовага ўтрымання не атаплялася. Снежань жа гэтага шумнага 2010 года быў халаднаваценькі і таму ў камеры можна было знаходзіцца ў поўнай экіпіроўцы, стараючыся пры тым больш рухацца. Днём гэтага было дастаткова, а вось як быць уначы – мы яшчэ не прыдумалі.

Мы – гэта я і Вано Барнаўльскі з адсіджанаю 20-ю за плячыма. З Вано, трэба прызнацца, мне было вельмі цяжка спраўляцца: ён – “рускі каўказец”, амаль не разумеў па-беларуску. З гэтай прычыны я стараўся паболей слухаць, але потым прасёк тэму і перайшоў на трэцюю дзяржаўную. Універсальная мова каўказцу спадабалася і пад вечар мы разумеліся ўжо як два землякі.

Застаўшыся на ноч у 6-мясцовым рэфрыжыратары ўдвух, нам трэба было думаць, як у ім заснуць. Ну мы і прыдумалі. Дзякуй за гэта лібералізацыі, якая дасягнула такога размаху, што на кічы пачалі выконваць кодэкс, паводле якога арыштантам выдавалі матрацы. У палітычных жа (сутачнікаў) назіраўся ўвогуле разгул законнасці – ім выдалі падушкі і простыні. А мы – звычайныя крымінальнікі – былі радыя і матрацам. Зважаючы ж на тое, што матрацаў у камеры было 6, а нас толькі двое, мы вырашылі імі і накрывацца.

Было ўжо далёка за поўнач, калі дзверы нашае кватэры расчыніліся і ў хату ўвалілася некалькі зэкаў. Тры аднолькавыя ў паўцемені постаці пачалі ўзбуджана абмяркоўваць свое пераезд на кічу.

– Фух, ну нарэшце! – прамовіў звонкім гучным голасам першы, падпальваючы цыгарэту і даючы падпаліць сваім спадарожнікам. – Я думаў, загнуся на РАУСе за трое сутак!

– Да ты што, не гавары! – далучыўся сіпаваты ўдзельнік размовы.

– Гэта так, яшчэ пару дзянькоў на тым бэтоне, дык там і засталіся б, – згадзіўся пісклявым галаском трэці.

Абурацца суразмоўцам сапраўды было чаму: да змяшчэння на кічу затрыманы ад сутак да трох сядзіць у стакане1 раённага аддзялення ўнутраных справаў. Стаканы гэтыя ад РАУСа да РАУСа адрозніваюцца, але ніколі не бываюць больш за некалькі квадратных метраў і ўяўляюць з сябе суцэльны бетон: на сценах – бетонная шуба2,уздоўж адной са сценаў – бетонная лава. Адсядзеўшы ў такіх умовах трое сутак без сну і ежы (папіць вады ў прыбіральню пару разоў за дзень могуць і звадзіць, але гэта калі будзеш доўга-доўга ляпаць у жалезныя дзверы і так жа доўга выслухоўваць трохпавярховыя фармулёўкі вялікага магучага), любы чалавек на ізалятар і СІЗА пачынае маліцца. Таму мы можам цалкам зразумець трох спадарожнікаў, каторыя пасярод ночы так радасна абмяркоўвалі свой пераезд.

– Дзякуй Богу! Зараз паспім хоць трахан! – п’янеючы ад першай выкуранай за трое сутак цыгарэты радаваўся звонкі голас.

– Ага, халаднавата тут толькі нешта, – адзначыў пісклявы.

– Ды не халадней, чым на РАУСе, выжывем, – не жадаючы звяртаць увагу на дробязі, адказаў звонкагалосы. Для яго, як і для многіх тут, самым важным было – наяўнасць нараў.

– Вы можа пазатыкаецеся там, страдальцы! – недавольна гаркнуў са сваёй нары Вано. – Людзі ж спяць тут мо, ці як?!

– Братва, усё нармальна, – сцішаней прамовіў звонкі голас, – мы ж з этапу толькі: зара перакурым і прыляжам.

У камеры павісла хвілінная паўза, якая перарвалася прапановаю закурыць усё таго ж звонкагалосага, каторы, відаць па ўсім, быў чалавекам даволі абцёртым у камернай сістэме. Хлопцы дасталі яшчэ па адной цыгарэтцы і ўжо не так жадна, як у першы раз, а больш павольна, пачалі капціць паветра.

– Слыш, Антоха, – звярнуўся да аднаго са сваіх сяброў ціхі сіпаваты голас, – а што, Каляныча такса прыхапілі?

– Прыхапілі, казлы! – злосна прамовіў звонкі голас у адказ, прыглушаны выходзячым з лёгкіх дымам. – Ён баян-та3 паспеў скінуць, але мусара яму свой з герам падкінулі. Цяпер таксама сядзіць тут недзе.

– Ну і што шыюць4 яму?

– Ды фігня – 1-я частка5, — адказаў Антоха, — а маглі і 3-ю.

– Ага, гэта ў іх лёгка спрацоўвае – знойдуць пару сведак, і едзь гадоў на 10.

– Ды вы што, мышы6, не даганяеце?! – ужо падымаючыся з нары, зноў гаркнуў Вано. – Я ж сказаў: дайце паспаць!

– Не, ты мо паакуратней давай з базарам, – спакойна прамовіў Антоха, аглядаючы высокую постаць расейскага каўказца, каторая ўжо выпрасталася над нараю.

– Ты што?! – з падвоенаю злосцю ў голасе вымавіў Вано. – Будзеш мяне базарыць вучыць?!

– Вучыць не збіраюся, але ты думай, каго мышамі называеш, – цвёрда вымавіў Антоха. – Я ўсё жыццё пражыў прыстойным мужыком7.

– Каб ты прыстойным жыў, ты б не падымаў людзей уначы!

– Табе ж патлумачылі: мы з этапу.

– Дык і што з этапу?! Заехалі, пакурылі і кладзіцеся! А вы тут развялі!.. – крычаў каўказец упрытык набліжаючыся да Антохі.

– Супакойся, зараз ляжам, – дыхаючы ў грудзі яму адказаў Антоха і, імкнучыся спыніць канфлікт, дадаў: – Цябе як увогуле?

– Не лічу патрэбным прадстаўляцца, – жадаючы даць зразумець суразмоўцу “хто ёсць хто”, прамовіў Вано і, схапіўшы адной рукой за грудзі Антоху, гаркнуў: Давай укладвайся!

Антоха ж, зразумеўшы, што асцярожнічаць ужо няма куды, паспрабаваў вызваліцца, ударыўшы Вано па руцэ. Аднак хватка апошняга была мёртваю, і таму швэдар застаўся ў руцэ каўказца, пачаўшы трышчаць па ўсіх швах. Ашалеўшы ад гэткае нагласці, Вано спрытна садануў вольнаю леваю рукою Антоху па твары. Той паспрабаваў адказаць правым хукам, але доўгая выцягнутая рука Вано надзейна трымала небараку за швэдар на адлегласці. Відавочна, што кітайская тэкстыльная вытворчасць не разлічвае такія нагрузкі на свае вырабы, і таму ўжо праз секунд 30 барацьбы ў руках каўказца засталіся толькі рэшткі швэдара. І тут, у час вымушанага брэйку, пісклявы спадарожнік Антохі пачаў бегаць вакол схваткі і, то хапаючыся за галаву рукамі, то ўзносячы іх угору, завываць: “Супакойцеся, рыбяты. Рыбяты, супакойцеся!” Гэты піск так рэзаў вуха і законна перацягнуў на сябе ўвагу Вано, каторы, рэзка развярнуўшыся, садануў піскляваму ў вуха, ад чаго пацярпелы са звонам ляснуўся ў жалезныя дзверы прыбіральні і ад’ехаў на падлогу. Пакідаць жа справу без капітуляцыі ворага каўказец не мог і таму было ўжо памкнуўся ізноў да Антохі, каторы застаўся ў адной майцы, але тут у камеры загарэлася дзённае асвятленне і з-за дзвярэй гаркнуў голас старшыні:

– Што ў вас там творыцца?!

– Усё нармальна, начальнік. – адказаў Антоха, аціраючы кроў з твару.

– Угаманіць мо тут каго?! – злосна запытаўся прадальны, аглядаючы камеру праз глазок8.

– Ды не, – адгаворваў супрацоўніка Антоха, – мы самі разбярэмся.

– Ну глядзіце, бо я зараз і рэзерв 9 магу падцягнуць, – прыпугнуў прадальны, дадаўшы: – святло я пакіну. – закрыў глазок і адыйшоў ад дзвярэй.

– Не, ты, таварыш, прыфігеўшы, як я бачу! – запыхаўшыся, прамовіў Антоха. – Я ўсю дарогу10 па паняццях11 сяджу, а тут такі бес!!! Не, я гэта так не пакіну! – не маючы сілаў супакоіцца, ліхаманкава выкрыкваў Антоха. – Ты сам дзе сядзеў?!

– Я болей па расейскіх камандзіроўках 12, – разумеючы ўжо, што троху баршчануў, адказаў Вано.

– А, ну я-та думаю, што ты творыш, – ківаючы галаваю і аглядаючы падняты ім з падлогі разарваны швэдар, прамовіў Антоха. – Не, у нас такая фігня не пракатвае. З якога лагеру прыехаў ты? – зло кінуў ён у бок каўказца.

– З васьмёркі13.

– Хто там сматрыла 14, Белы?

– Ён.

– Гэта добра. Я з ім з пятага па сёмы e адным хадку15 жыў. – прамовіў Антоха з саркастычнаю ўсмешкаю і дадаў: – Прыедзеш на лагер, будзем разбірацца, што ў вас там за парадкі.

– Ды нармальныя парадкі, – адказаў супакоіўшыся каўказец, – нешта мяне клеманула проста. – І, вытрымаўшы паўзу, дадаў: – Не сіні16, вінаваты я.

Антоха глянуў пільна на Вано. Было бачна, як знікае гнеў з ягонага аблічча: скрыўленыя вусны выпрасталіся і замест злосці пачалі выражаць нейтралітэт; азлобленыя вочы прыжмурыліся, зрабіўшы твар лагаднейшым.

– Фіг з ім, забылі, – адказаў Антоха.

– Вано Барнаўльскі, – працягнуўшы руку да Антохі, прамовіў каўказец.

– Антоха Зялёны, – прадставіўся Антоха, цалкам прызнаўшы швэдар непрыдатным для далейшага выкарыстання і, шпурнуўшы яго ў сметніцу, замацаваў прымірэнне поціскам рукі.

Дзённае асвятленне дазволіла агледзець баявую абстаноўку і ўдзельнікаў эксцэсу. Прыціснуўшыся да нараў стаяў сіпаваты – высокі худы арыштант гадоў 35, каторы ад пачатку бойкі так і не мяняў сваёй дыслакацыі. За сталом, на лаве, сядзеў пісклявы спадарожнік Антохі – малады, поўны хлопец гадоў 20 і з жаласлівым выглядам трымаўся рукою за правае вуха. Пасярэдзіне хаты стаялі, цяжка дыхаючы, Вано і, расправіўшы плечы, хударлявы хлопец гадоў 28 – Антоха Зялёны. Прадаўгаватая лысая галава Антохі рэзка круцілася ва ўсе бакі на худой, доўгай шы; пад разбітымі вуснамі віднелася некалькі зубоў – яшчэ ацалелых сведак многіх турэмных баталіяў. Жывыя шэрыя вочы Антохі весела прыжмурваліся і бегалі туды-сюды, аглядаючы ўсю камеру.

Я злез з другога паверху нары і, дастаўшы з кешара свой новы швэдар, працягнуў яго Антоху: – Бяры, бо пасінееш тут.

- Ды не, не трэба, – адмовіўся Антоха, – у мяне яшчэ куртка ёсць.

- Куртка курткаю, але ты ж бачыш, які дубак у хаце, – пераконваў я сціплага, што рэдка сустракаецца, зэка. – Ды і па этапах жа зімою цягацца, пэўна, прыйдзецца.

- Ну так, пэўна прыйдзецца, – кіўнуў Антоха.

- Бяры, – яшчэ раз паўтарыў я і дадаў, каб не пакідаць чалавека абавязаным, – потым калі-небудзь вернеш.

- Дзякуй, – усміхнуўшыся, адказаў Антоха і закачанымі вазелінам сіневата-зеленаватымі рукамі ўзяў швэдар.

***

– Здаровенька! – прамовіў я, калі зайшоў у камеру для асуджаных, атрымаўшы за пару гадзін да гэтага свае законныя 2 гады. Тое, што я ўбачыў, здзівіла нават мяне: трохпавярховыя нары займалі палову хаты ў метраў 40 квадратных; пад столлю, уздоўж і поперак, віселі нацягнутыя коні17, на якіх, у туманнай дымцы тытуню і смажанага сала, сохлі рушнікі і бялізна; пасярод хаты стаяў трохметровы абшчак, за якім хто еў, хто кідаў косці ў покер, хто пісаў ліст дахаты. На вока, недзе па сантыметраў 25 жылой тэрыторыі тут павінна было выходзіць на зэка.

– Здаровенька, – прагучала пару галасоў.

– О, 47-мы! – крыкнуў нехта са злою радасцю.

– Ды што яны там, афігелі?! – раздалося з ніжніх нараў правага вугла, дзе звычайна ў хаце месціцца сматрыла. – Кідай кешар і падцягвайся.

Паклаўшы на чарнюшчую, замасленую падлогу вату з кешарам, я пайшоў да адказных. Прашчаміўшыся ў вузкі праход паміж нарамі, я сеў на ніжнюю шконку і, разгледзеўшы ў паўцемені знаёмы твар, радасна крыкнуў:

– Антоха, здароў!

Антоха першае імгненне, відаць, мяне не прыгадваючы, кінуў на мяне задуменны позірк, але адразу прасвятлеў і гучна выклікнуў сваім звонкім голасам:

– О! Змітрук, здаровенька! – і працягнуў мне руку, якую я радасна паціснуў.

– Гэта Змітрук – палітычны! – прадставіў мяне Антоха свайму таварышу, каторы сядзеў насупраць нас. – Памятаеш, я табе распавядаў, як сядзеў з ім на кічы?

– А… ну так, – адказаў сябар Антохі, каторы, як і ўсе мы, сагнуўшыся месціўся на нары. Тут нічога не паробіш – кожны, хто мае рост вышэй за 160 см, мусіў сядзець на шконцы у выглядзе шахматнага каня. Антохаваму ж сябру з ростам 195 было цяжэй за нас усіх. – Зміцер, – сказаў я яму і працягнуў руку.

– Сярога, – адказаў ён, і мы паручкаліся.

– А я твой швэдар доўга ўзгадваў! Во папагрэў ён мяне! – прыжмурваючы свае вясёлыя вочы, адрапартаваў Антоха.

– Ну дык дзякуй Богу, – абрадваўся я.

– І што, – пільна гледзячы на мяне запытаўся Антоха, колькі це выпісалі?

– Ды няшмат – два гады.

– А, ну нармальна. – валасы18 – прамовіў Антоха, тут жа дадаючы: Хаця, калі возьмуцца за цябе на зоне, дык 2-х гадоў хопіць, каб у бетон закатаць.

– Гэта так, – пагадзіўся я, – было б жаданне. А табе-та самому колькі далі?

– Таксама фігня – два з паловаю.

– Па наркаце?

– Не, па народным19, – з усмешкаю адказаў Антоха, – на дозу трэба было дастаць. – І іранічна зазначыў: – Вось і дастаў.

– Але рана ці позна ўсё гэтым бы і завершылася. – паспрабаваў супакоіць я суразмоўцу.

– Гэта таксама праўда, – адказаў ён, – таму я і не ганюся20.- Тут мой стары знаёмы набраў паветра ў грудзі і перайшоў да надзённых праблемаў: – Ты распранайся, брацішка, зараз мы цябе тут уладкуем. Сам бачыш, што ў хаце творыцца – жывем, як прусакі – пад 50 зэкаў на таку кватэру.

Уладкаваў мяне Антоха як мае быць: не толькі знайшлі мне шконку, але і месца пад нарамі для кешара. Апошняе было не так і малаважна ў гэтым мурашніку, бо цэлая гара кешараў ляжала ў вуглу камеры, і кожны, хто хацеў дастаць свае рэчы, быў вымушаны перабіраць палову гэтае свалкі.

Не зважаючы на тое, што ў камеры было так шмат народу, жыццё ў хаце віравала толькі тады, калі не спіць Антоха Зялёны. А Антоха спаў рэдка і мала. Таму і жыццё віравала амаль заўсёжы ў нашым трагікамічным тэатры, галоўным акторам якога і быў Антоха. Свой вобраз ён пачынаў фармаваць з адзення: з заматанаю рушніком шыяй (ангіна), нацягнутай на бровы шапкаю і курташонкаю, якая зашпільвалася толькі на адну кнопку, Антоха Зялёны не даваў сумаваць нікому. Круглыя суткі, з кароткімі перапынкамі, чуўся ягоны зычны гогат, які заводзіў і ўсіх астатніх.

- Пра што базарыць мужык у адстойніках?! – седзячы на сваёй шконцы, равеў ён звонкім голасам на ўсю хату вярнуўшымся з суду сукамернікам. І, не звяртаючы ўвагі на наяўнасць адказу ці ягоную адсутнасць, працягваў далей: – Што?! Пра вараўскую ідэю забылі, кішкаблуды 21?! Дык я вас усіх панакармліваю зара! – крычаў Антоха, схапіўшы з рэшкі22 палку шпіка і пад дружны гогат усёй камеры, патрасаў ім у паветры, як у свой час Астап Бэндэр, забіраючы ў Панікоўскага гурок са словамі: “Не рабіце з ежы культа!”

Альбо, толькі што заехаўшага ў хату па “народным” артыкуле, саджаў перад сабою на нару і галасіў яму на матчынай мове: – Гавары! Краў ці не?! Гавары! – і, натуральна, не маючы ніякага адказу працягваў настойліва, ды яшчэ гучней “дамагацца праўды”: – Краў ці не?! Гавары! Краў ці не?!

Спужаны зэк не мог зразумець, што ад яго хочуць і нэрвова ўзгажваў, хто б пра ягоную справу тут мог распавядаць. Альбо, хутчэй за ўсё, думаў: “Ці не вар’ят гэты Антоха?” Але не, Антоха не быў вар’ятам, ён проста не любіў сумаваць і трымаў у пастаянным тонусе ўсіх удзельнікаў драмгуртку – яго слухалі з разінутым ртом і амаль пасля кожнай рэплікі хваля гогату пракатвалася ад партэру да галёркі. А Антоха раз за разам выдаваў новыя прыколы.

– Блін, Змітрук, ну табе столькі народу піша! Мо б ты мне падшукаў каго?! – і, не чакаючы майго адказу, працягваў: – Напішы ты каму-небудзь: малады прынц шукае сабе ластаўку! – высокім голасам прамовіў Антоха і кінуў на мяне позірк:

– Вось у цябе ёсць ластаўка?

– Відаць, ёсць, – адказаў я. – Такі адказ, відавочна, задаволіць Антоху не мог. Але і здзіўляцца доўга ён не меў часу,а таму граў далей.

– Ну во, а ў мяне няма! – і Антоха артыстычна развёў рукамі, зрабіўшы кіслую міну, аднак тут жа напусціў на сябе сур’ёзнасці і, узняўшы ўгору ўказальны палец правае рукі, прамовіў:

– Таму ты, Змітрук, абавязкова напішы каму: малады ВІЧовы прынц…

– Бяззубы! – дапаўняю я яго пад смех сукамернікаў.

– Ага, – з усмешкаю згаджаецца Антоха і паўтарае сваё рэзюмэ, – малады ВІЧовы прынц, без зубоў і адукацыі, шукае сваю ластаўку! Тую адзіную і непаўторную, каторая будзе заўжды кахаць яго! – І тут Антоха перайшоў з камічнага жанру на лірычны: – Я прыйду да яе, а яна мне скажа, гладзячы мяне па галаве: “Мой дарагі маленькі вор, калі ж ты ўжо супакоішся?” А я скажу ёй: “Ластаўка ты мая, я так стаміўся без цябе! Я завязаў, цяпер я буду толькі з табою!”

– Ды супакойся, Антоха, – разбівае нехта прыгожае летуценне рамантыка, – наркаманы ніколі не завязваюць.

– Непраўда, завязваюць! – не жадаючы губляць сваю мару, крычаў Антоха. – Вунё, Змітрук, абяцаў мяне ў царкву завесці! – Там завязваюць! Праўда, Змітрук? – ківаў запытальна ён у мой бок.

– Праўда, – з сумнаю ўсмешкаю адказваў я, – толькі там і завязаюць.

З сумнаю, бо я разумеў наколькі цяжка Антоху – разоў 8 судзімаму наркаману за 10-гадовым ВІЧовым стажам мець элементарную надзею на нешта лепшае. Я бачыў, які душэўны боль хаваецца за ягонымі штохвіліннымі жартамі. Неяк, даючы яму Новы Запавет, я сказаў:

- Антоха, ты, як ніхто з тут прысутных, павінен думаць пра тое, што будзе з табою пасля смерці. Пра жыццё вечнае.

- А ты лічыш, што я не думаю?! – з болем у вачах адказаў ён мне. – Я думаю кожны дзень!

- Бачу, што думаеш, Антоха, таму табе аб гэтым і кажу. Проста далей трэба пачынаць нешта мяняць.

- А што мяняць? – з надрывам у голасе запытаўся Антоха.

- Я думаю, што ты ведаеш. У жыцці кожнага чалавека хапае што мяняць.

- А нам няма што мяняць! – уклініўся ў нашую размову трэці – Вадзім – кент Антохі па апошняй камандзіроўцы. – Мы жывем нармальным жыццём , – з ілжывым пачуццём асабістага гонару заявіў ён.

- Ты думаеш, нармальна, Вадзя?! – здзіўляючы мяне, уступіў у спрэчку са сваім саслужыўцам Антоха. – Так, базараў няма – мы жывем прыстойнымі мужыкамі, тут нечым быццам бы “камандуем”, усталёўваем, хто і як жыць павінен, – рэзаў Антоха, адкінуўшы свой штодзённы камізм. – Але ты падумай, як мы жывем, Вадзім?! Мы ж здрадзілі самым блізкім людзям – бацькам. А ўсё за што? За дозу наркаты! Не, гэта не “нармальнае жыцё” – гэта нікчэмнае існаванне.

Казаць нешта пасля такога споведу не было сэнсу. Тыя, хто чуў гэтую размову, на хвіліну змоўклі і задумаліся кожны аб сваім.

Колькі не назіраю па розных камерах ды адстойніках за смучанымі жыццём душамі зэкаў, пераконваюся ўсё болей і болей у адным – калі што і трэба гэтым людзям у жыцці, дык толькі Ісус Хрыстос. Так, яны могуць жартаваць, блатаваць альбо нешта іншае рабіць, але на сэрцы ў іх будзе працягваць ляжаць вялізны цяжар. Прыбраць які, без Таго, Хто стварыў гэтае сэрца, немажліва. Без Яго у іх няма ніякага шанцу выбрацца з гэтага жаху.

Дыялог двух злачынцаў нагадаў мне падобны, што адбываўся дзьве тысячы год таму на Галгофе. Засталося толькі, каб Антоха ўзвёў вочы ўгору і прамовіў у сэрцы сваім: “Божа, прыгадай аба мне у Валадарстве Тваім”. І я веру, што рана ці позна, але ён прамовіць гэтыя словы.

––––

1 Стакан – маленькая камера на 1-5 чалавек, часта без лавы і, натуральна, без ніякай іншай мэблі.

2 Шуба – своеасаблівая штукатурка, якая нагадвае сцякаючы па сцяне раствор.

3 Баян – шпрыц

4 Шыць – інкрымінаваць

5 Маецца на ўвазе арт. 328 КК РБ, ч. 1 – ад 2 да 5 год – ужыванне, ч.3 – распаўсюд – ад 8 да 13 год.

6 Мыш – зашуганы, бязвольны зэк.

7 Прыстойны мужык – зэк, каторы не падпісваў ніякіх дакумантаў адміністрацыі калоніі, не прызнае “мусарскую сістэму” і ейныя правілы ні ў якім выглядзе і, адпаведна, сядзіць “ад званка да званка”.

8 Глазок – адтуліна ў дзвярах, праз якую вядзецца назіранне за кантынгентам.

9 Рэзерв – падраздзяленне супрацоўнікаў турмы, якое выконвае функцыі навядзення парадку.

10 Усю дарогу – увесьч ас адсідкі

11 Па паняццях – жыць паводле нормаў, “вараўскіх законаў”, трактоўка якіх, праўда, у кожнага свая.

12 Камандзіроўка – калонія.

13 Калонія № 8 у Воршы.

14 Сматрыла – адказны за камеру, зону, турму, раён, горад ці любую іншую сферу дзейнасці.

15 Хадок – праход паміж нарамі.

16 Сініць – зліцца

17 Конь – тут: канат, вяроўка

18 Валасы – няшмат

19 Народны артыкул – арт. 205 КК РБ, які прадугледжвае адказнасць за крадзеж. Названы “народным”, ён адлюстроўвае не толькі зонаўскі кангламерат.

20 Гнаць – тут: хвалявацца

21 Кішкаблуд – вялікі любіцель перакусіць, са схільнасцю рабіць з ежы культ.

22 Рэшка – аконныя краты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)