Общество

Мікалай Міхалевіч

Антончык: Рэпрэсіі яшчэ будуць узмацняцца, але ў беларусаў ёсць выхад

Лідар рабочага руху 90-х і дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык у інтэрв’ю «Салідарнасці» даў сваю ацэнку сітуацыі ў краіне і распавёў, што можа стаць падмуркам светлай будучыні Беларусі.

– Ці быў працяг гісторыі з валунамі на вашым лецішчы?

– Працягу не было. Валуны з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» канфіскавалі, мяне аштрафавалі на 30 базавых велічынь. На гэтым для мяне ўсё скончылася. Бачыце, яны займаюцца больш сур’ёзнымі рэчамі: прымусова садзяць самалёты ў аэрапортах, што ім я?

– Сяргей Антонавіч, што вы думаеце пра сітуацыю ў краіне? На якім этапе мы зараз знаходзімся?

– За сціснуты прамежак часу мы быццам бы праходзім усе этапы станаўлення і разбурэння савецкай імперыі. Спачатку быў этап неабальшавізму, калі «не да законаў». Затым адбыўся пераход у стадыю вельмі жорсткага сталінізму ўзору 1937-1939 гадоў. Ідзе ўзмацненне класавай барацьбы.

Безумоўна, любое параўнанне кульгае, але, пагадзіцеся, аналогіі напрошваюцца. Пасля таго, як «ворагі» будуць пераможаныя, трэба будзе вяртацца да будаўніцтва эканомікі, будзе новая адліга, а пасля яе можа пачацца перабудова.

У свой час, у 90-х, беларускае грамадства не пераасэнсавала свой досвед, не правяло дэсаветызацыі – і гэта пачвара вярнулася.

Можа быць, цяпер робіцца прышчэпка нашаму грамадству ад папулізму, дыктатуры, камунізму і фашызму. Спадзяюся, новае пакаленне ўжо ніколі не паўторыць памылак старога.

– Як лічыце, мы на піку палітычных рэпрэсій ці не?

– Думаю, што яшчэ можа быць горш. Зараз у Беларусі ідзе працэс, які ў СССР называўся ўзмацненнем класавай барацьбы. Калі нехта думае, што вось мы апусцім лапкі, супакоімся і на гэтым рэжым супакоіцца – то гэта не так.

Але рэпрэсіі будуць узмацняцца да нейкай рысы, да моманту, калі рэпрэсіі пачнуць з’ядаць іхнюю жыццёвую прастору. Размаўляў з адным міліцыянтам, казаў яму: сёння ад вас малох патрабуе адмовіцца ад сумлення, заплюшчыць вочы на парушэнне закона, незаконныя адміністрацыйныя прысуды. Але прыйдзе момант, калі гэтага будзе недастаткова і на ваша месца прыйдуць больш жорсткія выканаўцы.

Думаю, стаўка будзе рабіцца на людзей, больш схільных да гвалту. Не думаю, што гэты працэс ужо скончыўся.

З часам яны зразумеюць што рэпрэсіі не прыводзяць ні да чаго, а толькі аддаляюць іх ад выканання задач. Лукашэнка не верне легітымнасць рэпрэсіямі. Усё, што яны зараз робяць, – памылка.

Спадзяюся, гэты працэс не зацягнецца: думаю, за два-тры гады мы перажывем у мініяцюры савецкі шлях.

– Зараз узрастае напружанасць у адносінах з Захадам, які пагражае беларускім уладам жорсткай рэакцыяй

– Я не думаю, што Захад выратуе беларусаў ад дыктатуры. У яго няма сур’ёзных магчымасцяў уплываць на беларускія ўлады, няма наўпроставых інструментаў уплыву. Беларускае пытанне можа вырашацца толькі ў Маскве, таму рэжым і дзейнічае без аглядкі.

Былі ж і не такія крызісы ў адносінах з Захадам: і паветраны шар з амерыканцамі збівалі, і паслоў заходніх краін з іх рэзідэнцый у Драздах выкідалі.

Расіі цяперашні крызіс выгадны. Яны сядзяць на беразе і чакаюць, калі труп беларускай незалежнасці прыплыве да іх. Але, спадзяюся, да гэтага не дойдзе.

– Кажуць, Масква настойвае на канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі, якая прывядзе да ўзмацнення ролі парламента, а значыць, да дэмакратызацыі сістэмы. Ці варта на гэта спадзявацца?

– Самая вялікая памылка, якая свядома падтрымліваецца праз уплыў Масквы – тое, што беларусам можна разлічваць на Расію. Гэта самая дурная надзея, што Расія нам дапаможа. Адтуль да нас дэмакратыя прыйсці не можа. Узгадайце пра Украіну, пра выкарыстанне Расіяй баявых атручвальных сродкаў супраць сваіх грамадзян. Толькі наіўны чалавек можа разлічваць, што Расія прынясе нам свабоду.

– Мясцовыя выбары, верагодна, перанясуць аж на 2023 год, хоць яны павінны былі прайсці праз паўгода разам з рэферэндумам. А што вы чакаеце ад галасавання па змяненні Канстытуцыі?

– Рэферэндум улады правядуць толькі пры адной умове – калі будзе поўнасцю зачышчана прастора ад нязгодных, калі ім ужо нічога не будзе пагражаць. Цяпер любое галасаванне для ўлады – пагроза.

Чаму яны хочуць перанесці мясцовыя выбары? Бо баяцца даць людзям легальную магчымасць пайсці грамадой на агульную справу.

Дарэчы, гэта адна з прычын таго, чаму рэпрэсіі могуць яшчэ ўзмацняцца: уладам трэба зачысціць прастору, каб спакойна правесці імітацыйныя змены ў Канстытуцыю.

– Што людзям рабіць у сітуацыі, калі ўлады лютуюць, калі пратэст закатаны пад асфальт?

– Падмурак для нашай свабоды – нацыянальная свядомасць. Мне могуць сказаць: пры чым тут гэта, трэба выходзіць на мітынгі. Але нават пасля змены Лукашэнкі Беларусь можа працягнуць жыць у расійскай імперскай матрыцы, а значыць рэальных зменаў можа не здарыцца.

Пуцін у любы момант можа сказаць: давайце аб’яднаемся – пенсіі павялічацца ў два разы, заробкі на Трактарным будуць удвая большымі. Прапаганду ўключаць на поўную катушку, і людзі пачнуць забываць пра незалежнасць. Хаця бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы: беларусаў могуць часова падкарміць, але пасля здзяруць з нас тры шкуры.

А калі людзі будуць асэнсоўваць сябе беларусамі, размаўляць на беларускай мове, ведаць беларускія традыцыі, то ў іх унутры будзе моцны стрыжань, яны будуць адчуваць сябе нацыяй.

Нацыянальная свядомасць – падмурак для светлай будучыні. Не абавязкова выходзіць на акцыі і падстаўляцца. Пачынайце са сваёй сям’і, вучыце сваіх дзяцей гісторыі, мове, сімвалам, традыцыям і тады ніякая ўлада не зможа нічога зрабіць з нашай нацыяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(112)