Антон Сурапін прыслаў ліст маці

Маці журналіста, які быў затрыманы 13 ліпеня і цяпер утрымліваецца ў СІЗА КДБ, атрымала ад яго ліст.

Пасланне, датаванае 22 ліпеня, прыйшло ў аўторак бацькам у Слуцк. Антон дзякуе за атрыманую перадачу, перадае прывітанне ўсім сваякам, а таксама журналістам-фатографам, «з якімі лётае па рэпартажах». «І смайлік прымаляваны, — кажа маці журналіста. — Там вельмі шмат прозвішчаў, я ўсе не пералічу…»

Асобна ў лісце Антона прыпісана: «Усім сябрам БАЖ: Няхай жыве беларуская незалежная журналістыка!».

Нагадаем, што Антон Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня супрацоўнікамі КДБ па падазрэнні ў “дапамаганні наўмысным незаконнаму перасячэнню мяжы, здзейсненаму арганізаванай групай асобаў", яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Студэнт Інстытута журналістыкі БДУ першым выклаў у інтэрнэце фатаграфіі цацачных мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня над Івянцом і Мінскам са шведскага самалёта, які незаконна перасёк дзяржаўную мяжу. Па словах Антона, фатаграфіі яму былі высланыя па электроннай пошце. Акцыя шведаў была праведзена з мэтай падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

23 піпеня скончыліся 10 сутак, на працягу якіх Сурапіну або павінны былі прад'явіць абвінавачванне, або адпусціць з-пад варты. На волю журналіст не выйшаў, ці прад'яўлена яму абвінавачванне, невядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)