Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

Аніматары пагражаюць зьехаць у Расею

Кінаэліта трапіла ў шэраг самых абяздоленых слаёў беларускага насельніцтва. Як расказалі супрацоўнікі кінастудыі «Беларусьфільм», цэлыя падраздзяленні нацыянальнай «фабрыкі кіно» саспелі, каб далучыцца да хвалі працоўнай міграцыі зь Беларусі.

Апошнія гады «Беларусьфільм» ня можа пахваліцца асаблівымі дасягненнямі ў галіне кінаіндустрыі, а беларусьфільмаўская база збольшага пераўтварылася ў пляцоўку для штампавання расейскіх сэрыялаў. Але, як у роспачы прызнаўся адзін з супрацоўнікаў кінастудыі, «на падхопе» асаблівых дывідэндаў не атрымаеш. І калі за часамі знаходжаньня на дырэктарскай пасадзе колішняга ўладнага ідэоляга Уладзімера Замяталіна сродкі на выплату заробкаў здабываліся не без дапамогі адміністрацыйнага рэсурсу, то цяпер грошы скончыліся:

— Новым дырэктарам студыі замест Замяталіна ў нас прызначаны Сільвановіч — чарговы функцыянэр з Міністэрства культуры. Пры ім справы ў студыі ўвогуле пайшлі на раскасяк. Які б ня быў Замяталін, як мы тут прызвычаіліся ўпотай гаварыць, але пры ім дастаткова нармальна атрымлівалі заробак — які, дарэчы, рос. Прэміяльныя былі добрыя, трынаццаты заробак. У сувязі з 80-годзьдзем беларускага кіно ўсім па 100 тысяч рублёў выдалі і г.д. Іншая справа, што творчасць кульгала, але гэта тое, на якім ўзроўні наша кіно рэальна і было. Але прыйшоў новы чалавек і справы сталі зусім дрэнныя.

Мой суразмоўца, які ў спадзяванні станоўчых зменаў пакуль ня хоча сябе афішаваць, расказвае: першымі, хто паўстаў супраць збядненьня, былі супрацоўнікі студыі анімацыйных фільмаў. Гэта якраз тое падраздзяленне, якое яшчэ прыносіць прыбытак усяму «Беларусьфільму». Дый крытыкі канстатуюць: сучасная беларуская мультыплікацыя добра ўспрымаецца за мяжой, пра што сведчаць узнагароды, якія аніматары прывозяць з міжнародных фэстываляў. Але матэрыяльная падзяка на радзіме блізкая да нуля:

— Яны дырэктару сказалі: калі бліжэйшым часам ня будзе падвышаны заробак, уся студыя пераедзе працаваць у Расею. У Маскве згодныя стварыць цэлае адгалінаванне, дзе беларусы змогуць працаваць. Упершыню такі дэмарш за ўвесь час беларускага кіно, каб цэлае падраздзяленне «Беларусьфільму» было гатовае пакінуць краіну. Сам факт, як разумееце, неардынарны. Апроч таго, у аўторак быў прафсаюзны сход, на якім дырэктар Сільвановіч абвясьціў пра звальненне начальніцы акторскага аддзелу Валянціны Бялько, якая выконвала абавязкі старшыні прафкаму — праўда, адмацаванага. Каб была прымацаваная, ня меў бы права звольніць без узгаднення з цэнтрам. Фактычна гэта расплата за яе словы: уся студыя атрымлівае як ніколі мізэрныя заробкі. І вось ён яе выганяе — няўгоднага прафсаюзнага лідэра. Бо прычым начальнік акторскага аддзелу да спраў студыі? Пры гэтым дырэктар папярэдзіў: цягам трох гадоў нават не чакайце ніякага падвышэньня.

Дырэктар студыі анімацыйных фільмаў Сяргей Сычоў не захацеў выносіць канфлікт з кіраўніцтвам на шырокае абмеркаванне, абышоўшыся звыклым «без камэнтароў». А вось Валянціна Бялько ў пятніцу пацьвердзіла, што сапраўды працуе на кінастудыі апошні дзень, але па сутнасьці гаварыць не стала — маўляў, непрыемнасцяў у яе нават больш, чым можна было ўявіць:

— Так, я ад панядзелка ўжо не працую. Але ведаеце, да нейкай грунтоўнай размовы пакуль не гатовая. У мяне тут яшчэ столькі усялякіх непрыемных разборак, яшчэ нават горшых, чым вы думаеце — з гэтым генэральным дырэктарам. І пакуль усё гэта ня скончыцца, я проста не хачу, каб маё імя бузавалі ў СМІ. Давайце пачакаем крыху, дзесьці праз пару тыдняў яшчэ вернемся да гэтай размовы….

Ад сярэдзіны 1990-х «Беларусьфільм» пакінула цэлая плеяда знакавых рэжысэраў, сцэнарыстаў, актораў, тэхнічных супрацоўнікаў. Вузкая спэцыялізацыя так званага «партызанфільму», які ўлады пераўтварылі ў чарговы ідэалягічны «шрубок» сыстэмы, не стасавалася з пазыцыяй свабодных творцаў. Дый ніхто іншадумцаў трымаць не зьбіраўся. Адсюль, як кажа вядомы кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, што аддаў кінастудыі лепшыя гады свайго жыцьця, і адпаведнае стаўленне да «кінэматаграфічнага плянктону»:

— Ды самі па сабе гэтыя размовы нейкія інфантыльныя…. У нармальных краінах дарослым людзям, дарослым рэжысэрам, якімі мы і ёсць на сёмым дзясятку, дасылаюць матэрыял. І запытваюць: а ці не пагодзіцеся вы гэта зрабіць? Сур’ёзны рэжысэр пацікавіцца памерамі каштарысу, тэрмінамі, узроўнем драматургіі — хто гэта рабіў, пісаў — і фінансавымі ўмовамі. Але ў нас пры словазлучэньні «фінансавыя ўмовы» адразу чуецца з усіх кутоў (афіцыйна не гавораць): бач, чаго захацеў! Маючы на ўвазе: а ці не папрацаваць бы вам бясплатна, панове? Вось так бы яны сказалі будаўнікам, токарам, водаправодчыкам: хлопцы, ды вы што? Бач, за доўгім рублём пагналіся! Натуральна, каб выжыць, не памерці з голаду і не мяняць прафэсію, пажаданы рубель, і даўжэйшы, асабліва калі сям’я вялікая. І калі час твайго прафэсійнага і фізычнага жыцьця кароткі, то, напэўна, ты мусіш думаць і пра гэта.

Папярэдні кіраўнік «Беларусьфільму» Уладзімер Замяталін у апошнія дні мінулага году быў выпраўлены ў адстаўку за нездавальняючыя вынікі ў галіне кінэматаграфіі. Замест яго генэральным дырэктарам прызначаны Алег Сільвановіч — колішні шэф дэпартамэнту па кінэматаграфіі Міністэрства культуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)