Общество

Сямён Печанко

Анджэй Пісальнік – пра ад’езд з краіны: «Следчы на допыце казаў, што з ім яшчэ не раз пагутарым»

Журналіст і актывіст непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Анджэй Пісальнік расказаў «Салідарнасці» пра допыт і што было далей.

Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік

— Наша кватэра месціцца ў самым цэнтры Гродна. Нядаўна мы скончылі ў ёй рамонт і толькі пачалі нарэшце жыць з камфортам… У Беларусі мы пакінулі аўто. З’ехалі з парай валізаў, што паспелі сабраць. Паехалі ў тым, у чым былі, — Анджэй Пісальнік разам з жонкай і сынам на днях вымушана пакінуў краіну.

Ён расказаў «Салідарнасці» пра тое, што ім давялося перажыць у апошнія дні перад ад’ездам, галоўным матывам якога стаў клопат пра лёс 11-гадовага сына Марціна.

13 красавіка журналіста выклікалі ў пракуратуру, дзе папярэдзілі «аб недапушчэнні выказванняў, якія могуць супярэчыць патрабаванням заканадаўства Беларусі аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Гаворка ішла пра каментары Анджэя Пісальніка ў эфіры польскіх радыёстанцыяў «Radio 24» і «Radio 4» у пачатку красавіка, у якіх ён казаў пра антыпольскую прапаганду ў дзяржаўных СМІ Беларусі і нагнятанне страху ў выніку праверак цэнтраў навучання польскай мове.

Па словах журналіста, у пракуратуры яго папярэдзілі: далейшыя падобныя выказванні могуць скончыцца для яго крымінальнай справай.

— А на наступны дзень дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА апублікавала афіцыйнае паведамленне пракуратуры пра вынясенне мне папярэджання. Так аднакласнікі майго сына, ягоныя настаўнікі даведаліся, што бацька Марціна — «злачынец», — Анджэй Пісальнік мяркуе, што пры сённяшняй уладзе ягонага сына ў Беларусі чакае вельми цьмяная будучыня.

«Нас паднялі з ложкаў»

14 красавіка сям’ю Пісальнікаў пабудзілі невядомыя ў балаклавах.

— Нас паднялі з ложкаў, загадалі хутка збірацца. Паказалі нейкую пастанову, паводле якой нас мусілі адвезці на допыт. Спрасонку мы не адразу зразумелі, што допыт будзе ў Мінску, — прыгадаў падзеі той раніцы журналіст.

Школа Марціна знаходзіцца далёка ад дома, на заняткі яго адвозілі на аўто. Госці ў балаклавах папярэдзілі, што паедуць следам на мікрааўтобусе і будуць суправаджаць бацькоў і хлопчыка да ўвахода ў школу.

— Калі я ўявіў сабе такую карціну, то зразумеў, што вельмі хутка ўся школа будзе ведаць пра такі картэж у балаклавах. Мы вырашылі не траўмаваць сына і папрасілі дачакацца ягоную бабулю. У нас спыталі, колькі гадоў Марціну. Пачуўшы адказ, загадалі пакінуць яго аднаго, маўляў, ужо дастаткова дарослы для такога выпадку.

У выніку хлопчык гадзіну чакаў у кватэры бабулю адзін.

Допыт

— У Мінск нас везла цэлая група сілавікоў: жонку суправаджалі дзве жанчыны, мяне — чацвёра мужчын. Яны ж адвезлі нас назад у Гродна, — расказаў журналіст.

Па словах Пісальніка, у Мінску ў Следчым камітэце яго дапытваў малады супрацоўнік. Увесь час, колькі доўжыўся допыт, у кабінет рэгулярна зазіраў следчы, які выглядаў начальнікам таго супрацоўніка. Ён падказваў яму, як складаць пратакол, што пытаць.

— Акрамя таго, ён спрачаўся са мной на тэмы гісторыі, пра выклятых жаўнераў. А адзін раз нібы паміж справай заўважыў, што я даю паказанні са шнуркамі ў абутку, а мог бы і без шнуркоў.

Іншым разам спрэчку на гістарычныя тэмы начальнік абарваў яшчэ адным намёкам: маўляў, у нас яшчэ будзе багата часу і магчымасцяў пагаварыць.

Анджэй і Інэса сур’ёзна паставіліся да падзей, што пачалі разгортвацца вакол іх сям’і, да намёкаў следчых. І вырашылі з’ехаць. Найперш, дзеля сына:

— Калі б нас арыштавалі, то яго найхутчэй бы чакаў дзіцячы дом. Дзядуля з бабуляй не ў тым узросце, каб атрымаць над ім апеку.

Анджэй Пісальнік песімістычна ацэньвае разгортванне «справы палякаў». Па яго словах, Саюз палякаў ад 2005-га існаваў фактычна на нелегальным становішчы, яго кіраўніцтва і актывісты не раз зазнавалі пераслед. Але сённяшняя гісторыя — ці не наймацнейшы ўдар па арганізацыі.

— Якія б абсурдныя абвінавачнванні не былі прад’ўяленыя нашым калегам, калі справа пачала набіраць хаду, яна мусіць тым ці іншым чынам быць завершаная.

Ад’езд

Сябры Пісальнікаў з Польшчы набылі ім квіткі на самалёт да Варшавы. У аэрапорт у Мінску іх адвезлі прадстаўнікі польскага консульства: «Суправаджалі нас да пашпартнага кантролю і здачы багажу».

У аэрапорце здарыўся невялікі інцыдэнт:

— Мы ішлі ўсе разам і ў нейкі момант мяне зачапіў незнаёмы малады чалавек. Ён тут жа запытаў мяне: «Гэта эвакуацыя?». Побач быў яшчэ адзін маладзён, які ў гэты момант здымаў мяне на камеру. Той першы пераключыўся на супрацоўніка консульства, спытаў у яго: «Что, места в посольских багажниках закончились?»

Журналіст мяркуе, што такім чынам супраць яго і консульскіх супрацоўнікаў спрабавалі ўчыніць правакацыю.

У Польшчы сям’я журналістаў пакуль пасялілася ў часовым жытле.

— У бліжэйшы час будзем вырашаць пытанні больш сталага жылля, працы, уладкавання. Гэта справа некалькіх тыдняў, — падзяліўся Анджэй Пісальнік з «Салідарнасцю» бліжэйшымі планамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)