Анджэй Пачобут узнагароджаны галоўнай прэміяй Асацыяцыі польскіх журналістаў
Гродзенскі журналіст стаў лаўрэатам прэміі «За свабоду слова».
Прэмію ад імя жонкі журналіста Аксаны Пачобут атрымала дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота тут і далей facebook.com/agnieszka.romaszewska
Галоўнай прэміяй Асацыяцыі польскіх журналістаў «За свабоду слова» сёлета ўзнагароджаны гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут.
Як адзначаецца на сайце Асацыяцыі, гродзенскі журналіст пісаў пра падзеі ў Беларусі для шэрагу польскіх медыя з жніяўня па снежань 2020-га.
Прэмія Пачобуту надаецца за журналісцкі прафесіяналізм у прадастаўленні інфармацыі з Беларусі. За мужнасць працаваць ва ўмовах надзвычайнай небяспекі, ціску і шантажу супраць сям’і, адзначаецца ў заяве Асацыяцыі польскіх журналістаў.
Падчас афіцыйнага абвяшчэння вынікаў конкурса і ўручэння ўзнагарод у варшаўскім Доме журналістаў былі згаданыя і іншыя беларускія журналісты, якія апынуліся за кратамі: Кацярына Андрэева, Дар’я Чулкова, Юлія Слуцкая, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Марына Залатава, Людміла Чэкіна, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Раман Пратасевіч.
Вядучыя ўрачыстасці прэзідэнт СДП Кшыштаф Скаўронскі і журналістка Ганна Попек коратка распавялі гісторыю кожнага з іх і нагадалі, колькі дзён беларускія журналісты правялі за кратамі.
Нагадаем, што Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму». Журналісту пагражае да 12 гадоў зняволення.
Пачобут, як і старшыня непрызанага ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс, адмовіўся ад магчымасці з’ехаць у Польшчу.
Родныя журналіста, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнуліся да ўладаў з просьбай шпіталізаваць яго. У турме Анджэй Пачобут захварэў на Covid-19, да таго ж мае праблемы з сэрцам.
Читайте еще
Избранное