Беседка
Вiталь Гарбузаў, «Народная воля»

Андрусь Такiданг:<br>“Мова — яна ўсё роўна перажыве ўсiх”

У мiнулым годзе я бачыў яго на Плошчы Калiноўскага, калi моладзь баранiла намётавы гарадок. У многiх яго з'яўленне выклiкала шчырае здзiўленне: цёмнаскуры юнак размаўляў па-беларуску. Але нiчога дзiўнага ў гэтым насамрэч не было. Салiст гурта “Рэха” Андрусь Такiданг, як нi дзiўна, карэнны мiнчанiн. I на беларускi “майдан” ён прыходзiў па заклiку сэрца. Каб падтрымаць сяброў i падыхаць паветрам свабоды...

— Я нарадзiўся i вырас у Мiнску, — расказвае Андрусь. — З самага дзяцiнства я чуў беларускую мову. На ёй вельмi добра размаўляе мая мацi. I ў тым, што я на ёй спяваю i размаўляю, нiчога дзiўнага няма.

— Чаму ты ў мiнулым годзе выйшаў на Плошчу Калiноўскага?

— Каб быць побач з аднадумцамi. Перажыць разам усё тое, што нас чакала. Там было добра i вольна. Шкада, што ўсё скончылася так, як скончылася. Але добра i тое, што свабоднымi хочуць быць дзесяткi тысяч маладых людзей. А за моладдзю — будучыня.

— Так сталася, што сёння ў Беларусi беларуская мова лiчыцца “эмiгранцкай”. Творы лепшых беларускiх лiтаратараў выкiдаюцца са школьнай праграмы, зачыняюцца беларускамоўныя класы... На тваю думку, чаму беларусы дазваляюць гвалцiць родную мову?

— Мне цяжка адназначна адказаць. Напэўна, справа тут нават не ў менталiтэце. Разумееш, кожны робiць свой выбар сам. Калi ты хочаш размаўляць на беларускай мове, то ты будзеш на ёй гаварыць, думаць, пiсаць. Мова — яна ўсё роўна перажыве ўсiх.

— Памятаеш, калi напiсаў сваю першую беларускую песню?

— Даўно. Але да пэўнага часу пiсаў песнi для сябе. А потым з'явiлася жаданне i магчымасць стварыць музычны калектыў. Так i з'явiлася “Рэха”.

— Наколькi я ведаю, ты вучышся на мастака. Чаму вырашыў яшчэ i спяваць?

— Каб самавыявiцца. Мастак i музыка — творцы. Але, як ты разумееш, сродкi перадачы пачуццяў у iх розныя. Тое, што можна перадаць словам, не заўжды можна адчуць, гледзячы на карцiну. Таму я i вырашыў дадаць да свайго мастацкага “Я” яшчэ i музычную творчасць.

— Ёсць меркаванне, што сапраўдны творца заўжды ў пошуку. Чаго шукаеш ты?

— Каб ведаў адказ на гэтае пытанне, не пiсаў бы нiчога. Я рамантык у душы i таму сваiмi песнямi ствараю свет, у якiм хацелася б жыць мне i, напэўна, кожнаму. Новы свет без зла i болю, без сквапнасцi i хлуснi...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)