Общество

Таццяна Гусева

Вітушка: «Медыкі з'язджаюць з Беларусі дзеля свабоды, каб людзьмі звацца. І 20% да заробку не дапаможа»

Медработнікам паабяцалі павысіць заробкі —  на 20 % у 2020 годзе і ў два разы ў 2025-м. Ці дапаможа гэтая мера спыніць адток медыкаў за мяжу?

Фота з Фэйсбуку Андрэя Вітушкі

Павышэнне заробкаў медыкаў анансаваў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у эфіры АНТ. У міністэрстве лічаць, што гэта дапаможа стрымаць медыкаў, якія збіраюцца з'язджаць працаваць за мяжу.

—  Заробак ў галіне медыцыны ў сярэднім на 25-30 % менш, чым у прамысловасці, — распавёў у інтэрв'ю «Салідарнасці» лекар-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка. — Пры гэтым каэфіцыент сумяшчэння па галіне складае каля 1.3. Гэта значыць, што кожны работнік працуе як мінімум яшчэ на чвэрць стаўкі за свайго калегу. Тым часам на заводах і будаўніцтве людзі як правіла працуюць на адну стаўку. Таму калі ўлічыць сумяшчэнне, заробак у медыцыне апынецца яшчэ ніжэйшым. Такім чынам анансаваныя плюс 20% значна сітуацыю не паправяць.

На думку спецыяліста, праблема не толькі ў павышэнні заробкаў, а ў неабходнасці карэннага рэфармавання сістэмы аховы здароўя.

— Для прадухілення адтоку мазгоў трэба займацца сур'ёзнымі пераўтварэннямі медыцыны. Гэта складаная, няўдзячная, карпатлівая праца з негарантаваным вынікам. Паабяцаць і нават выканаць абяцанне пра 20% павышэнне прасцей.  Але заробак хірурга так і застанецца меншым за заробак прараба.

Я рады, безумоўна, за сябе і калег і вітаю любыя падобныя пачынанні новага міністра, але асабіста чакаю ад яго, як ад спецыяліста з практычнай медыцыны, доктара з-за аперацыйнага стала, больш сістэмных рашэнняў у галіне кадравай палітыкі.

Андрэй Вітушка прыводзіць прыклад, як адрэагавалі медработнікі на навіну пра павышэнне заробкаў.

Безумоўна, усе будуць рады лішняй капейчыне. Але многія памятаюць абяцанні па 500, а таксама па 1000 даляраў, якую кожны з нас мусіў бы ўжо мець. Некаторыя старэйшыя калегі прыгадалі таксама пра абяцаны ім у 1982 годзе камунізм.

Андрэй Вітушка

Суразмоўца «Салідарнасці» падкрэслівае, што людзі, якія збіраюцца з'язджаць з Беларусі, скіраваныя не толькі на больш высокі заробак, а на радыкальна іншыя ўмовы:

— Дзе ў цябе ўсё ёсць для працы, дзе цябе паважаюць калегі, пацыенты і  грамадства. Медыцына — гэта такая прафесія, куды людзі ідуць не для таго, каб зарабляць вельмі вялікія грошы. У медыцыну ідуць па іншых прычынах, але жаданне пры гэтым жыць прыстойна вельмі зразумелае, улічваючы працягласць і інтэнсіўнасць падрыхтоўкі і ступень адказнасці. Калегі  з'язджаюць з Беларусі дзеля свабоды, каб быць прафесіяналамі, каб людзьмі звацца, як пісалі класікі. А 20 працэнтаў да заробку не мае дачынення да гэтага імкнення.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)