Беседка
Руслан Гарбачоў, фота generation.by

Андрэй Такінданг: «Калі мова ўзводзіцца ў культ – гэта ўдар па ёй»

Цемнаскуры беларус Андрэй Такінданг расказаў «Салідарнасці» пра свае адносіны да беларускай мовы, чым ён ганарыцца і пра сваякоў у Афрыцы.

– Андрэй, твая сям’я, сябры – беларускамоўныя?

– Некаторая частка беларускамоўная, некаторая не. Частка з іх гаворыць па-руску, па-франзуску, па-арабску.

– А ты ў Беларусі заўсёды па-беларуску размаўляеш?

– Напэўна, пераважную колькасць часу.

– А чаму?

– …(смяеццаС.) А на якой мове мне размаўляць?

– Ну вось большасць беларусаў па-руску гаворыць.

– Ну, не зусім па-руску, скажам так. Але ж ёсць тыя, хто размаўляе па-беларуску. Я размаўляю па-беларуску, бо гэта натуральны стан маёй галавы.

– Адкуль у цябе любоў да беларушчыны?

– А чаму ты думаеш, што ў мяне ёсць любоў да беларушчыны? (смяеццаС.). Калі казаць пра мову, то, як я ўжо адзначыў, гэта натуральны стан маёй галавы. А калі казаць пра беларускую культуру, то паколькі я прафесійна займаюся музыкай, натуральна, маю нейкі інтарэс у беларускай культуры і не магу халодна да яе ставіцца.

Калі вяртацца да пытання пра мову, то яна ў першую чаргу – сродак зносінаў і камунікацый. Зразумела, любая мова таксама мае сваю культурную нагрузку, бо шмат гадоў адлюстроўвае менталітэт і характар народу. Гэта зразумела. Але ў першую чаргу мы размаўляем, каб нас зразумелі.

– У Беларусі калі чалавек беларускамоўны, то звычайна ён прыкладае намаганні, каб быць такім. Мова робіцца ўжо нейкай пазіцыяй.

– Гэта не зусім нармальны стан. Калі прыкладаць такія вялікія намаганні, можна стаць шызафрэнікам. Трэба быць з гэтым асцярожней.

Вялікая бяда, што такія пытанні ў нас разглядаюцца пад мікраскопам. Калі для чалавека натуральна размаўляць па-беларуску, і мова выклікае завостраную ўвагу альбо ўзводзіцца ў культ – гэта ў першую чаргу ўдар па мове. Калі ёю пачынаюць размахваць як сцягам, то мове ў большасці выпадкаў гэта не спрыяе. Такім чынам ставіцца бар’ер для таго, каб астатнія людзі размаўлялі па-беларуску. Я стараюся з гэтым змагацца наколькі магу.

– Якім чынам?

– Я не імкнуся ўзводзіць мову ў культ. Калі браць твае пытанні і большасць пытанняў астатніх журналістаў, то гэта сведчыць аб нездаровым ажыятажы ва ўсёй беларускай культуры. Людзі ахаюць над мовай, да яе празмерная ўвага.

На мой погляд, калі чалавек працуе ў сферы беларускай культуры і стварае прадукт не дужа добры, то не важна на якой мове ён будзе створаны.

Так, праблемы мовы ёсць, але яна, як сродак камунікацыі, мусіць аблегчыць паразуменне паміж беларусамі, а не наадварот.

– Можа праблема з-за таго, што беларускамоўных вельмі мала? Калі ў асяроддзі, дзе мовай не карысталіся, з’яўляецца нехта беларускамоўны, то, натуральна, увага да яго вялікая.

– Колькасць беларускамоўных людзей ў Беларусі не можа быць вымерана выключна статыстычнымі дадзенымі, бо ў беларусаў беларуская мова прысутнічае таксама ў рускай мове. Таму нельга сказаць – вось такі адсотак у нас беларускамоўных, вось такі – рускамоўных.

– Андрэй, чым ты зараз зарабляеш на жыццё?

– Жывапісам, музыкай, трошкі тэлебачаннем, рэстаўрацыяй. У асноўным музыкай.

– Ты з’яўляешся вядоўцам рубрыкі «Беларуская мова» у праграме «Наше утро» на АНТ. Ці дапамагае табе нечым праца на тэлебачанні?

– Магчыма тое, што я ёсць на АНТ, надае дадтковую легітымнасць гурту «RECHA». Але я не магу сказаць на 100%, што гэта так.

Цяпер даволі часта людзі, якія прыходзяць на нашы канцэрты, задаюць пытанні адносна беларускіх слоў, просяць, каб яны былі асветленыя ў перадачы на АНТ. Здараецца, мінакі падыходзяць і кажуць пра якое слова яны хацелі б пачуць раніцай.

Калі мне толькі зрабілі нечаканую прапанову папрацаваць на тэлебачанні, я доўга думаў – варта прымаць яе ці не. Але ўсё ж рашыўся і цяпер рады з таго, што я там ёсць. Цікавая праца, цікавыя людзі.

– Калі гурт «RECHA» стане, нарэшце, сапраўды вядомым? Прысутнічаў на нядаўнім прыёме ў нямецкай амбасадзе, дзе вы гралі – музыка файная, але ж з-за спецыфікі мерапрыемства на вас мала хто звяртаў увагу. Чаго не стае, каб выйсці на больш высокі ўзровень папулярнасці?

– Музычнага альбому. Зараз мы працуем над запісам нашага матэрыяла, мы з ім занадта зацягнулі. Гурт ужо існуе каля 7 год, і за гэты час мы плытаў не выдавалі. Пакуль альбому не будзе, кола гледачоў будзе пашырацца вельмі марудна.

– Табе не здаецца, што колер твайго твару прыносіць табе дэвідэнты – магчыма, людзі ў першы раз звяртаюць ўвагу на ваш гурт, бо там ёсць Андрэй Такінданг?

– Не, не думаю. Ёсць шмат гуртоў з больш цікавай сцэнічнай падачай, да прыкладу, «Серебряная свадьба». Вось ім іх сцэнічны вобраз прыносіць дэвідэнты. Што тычыца «RECHA», то тут хутчэй прываблівае музыка і вершы.

– Твой бацька, матэматык, паходзіў з Рэспублікі Чад. Апошнія гады перад смерцю жыў у Беларусі, а на яго пахаванне ты ўпершыню паехаў у Афрыку. Ці бываў на радзіме бацькі пасля?

– Не, вось ужо больш за 4 гады прайшло з той паездкі. Хаця яе нагода была сумная, але за час свайго гасцявання я знайшоў там шмат прыяцеляў, акдрыў шмат новых вымярэнняў чалавечых адносінаў. Там людзі больш эмацыйныя і адкрытыя, экспрэсіўныя і радасныя як дзеці.

Зараз галоўная праблема ў адлегласці. Мы перапісваемся са сваякамі і пакуль плануем сустрэцца дзе-небудзь у Еўропе, на нейтральнай тэрыторыі. Але, вядома, я яшчэ збіраюся паехаць у Чад і пажыць там. Мяне чакаюць шмат сваякоў, там родавы дом, там цікавая культура, цікавыя людзі.

– Можаш сказаць, якія рысы характару ў цябе беларускія, а якія афрыканскія?

– Напэўна, не. Я чалавек эмацыйны, але магчыма па сваёй беларускай прыродзе не даю эмацыйнасці ходу ў рэальным жыцці, хіба толькі на канцэртах.

– Часта ў вёсцы бываеш?

– На жаль, не. Раней бываў часцей, тады было больш часу. У многім я сфармаваны як вясковы чалавек. У Менск, паступаць у каледж мастацтваў прыехаў у добрым сэнсе слова вясковым дзікуном. Шмат што пазітыўнага і рацыянальнага закладзена ўва мне ад маёй бабулі, дзядулі, дзядзькоў з вёскі.

– Ты апалітычны ці палітычны чалавек?

– Наш гурт даволі часта грае па запрашэннях на палітычных мерапрыемствах. У нас ёсць грамадзянская пазіцыя. Але, я сябе хутчэй лічу чалавекам апалітычным. Мне як мастаку лягчэй разбірацца не ў эканоміцы і палітыцы, а ў шчырасці і хлусні, праўдзе і няпраўдзе. Дрэнна, калі б’юць безабаронных.

Я надзвычай люблю і цаню свабоду. Паколькі я каталік, у мяне ёсць Бог і касцёл, гэта дазваляе не баяцца іншых начальнікаў.

– Чым ты ганарышся ў сваім жыцці?

– Я ганаруся сваімі сваякамі. Сям’я – гэта маё багацце. Усе людзі ў маёй сям’і цікавыя і самабытныя. Я вучыўся і вучуся ў іх, гледзячы як яны жывуць.

У Чадзе мой дзядзька ў мінулым генерал, брат працуе ў ААН па справах бежанцаў. У Беларусі мой дзядзька Уладзімір Падаляка ў свой час быў рэкардсменам свету ў эстафеце 4х800 метраў. Мой траюрадны брат, Раман Падаляка, – актор Купалаўскага тэатра.

Я ганаруся сваімі сябрамі. Я знаёмы з класнымі беларускімі музыкамі, якія ужо фармуюць культуру і гісторыю нашай краіны. З цягам часу гэта будзе відавочна для ўсіх. А я знаёмы з гэтымі людзьмі, рукаюся з імі, і магу запытаць: як справы твае?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)