Андрэй Дурэйка: «Беларусы ў сваёй краіне адчуваюць сябе меншасцю. Першы чалавек, па сутнасці, называе сябе іншаземцам»

Мастак, куратар Андрэй Дурэйка — пра лёс беларускай нацыі і каштоўнасць мовы.

— 30 гадоў таму мы думалі, што магчыма прайсці гэты шлях да самавызначэння без крыві, без болю, — разважае Андрэй Дурэйка на Еўрарадыё. — Дарэчы незалежнасць, якую Беларусь атрымала ў 1991 годзе, была прыкладам, што магчыма.

Фота budzma.org

Што датычыцца цяперашняй вайны, нам тут ёсць аб чым задумацца.

Хто ж мог падумаць, што так перавернецца наша ўяўленне аб сваім краі. Мы заўсёды былі ахвярамі Другой сусветнай вайны, а сёння мы —краіна-агрэсар. Як з гэтым быць?

Думаю, што гэта змяніла ўсе нашыя падыходы і што гэта датычыцца сёння кожнага чалавека, кожнага грамадзяніна Беларусі: як гэта мы, тыя, хто змагаўся заўсёды за мір, пераўтварыліся ў краіну-агрэсара і пачалі дапамагаць забіваць ні ў чым невінаватых нашых суседзяў?

Андрэй Дурэйка прыходзіць да высновы, што нацыябудаўнічыя працэсы ў Беларусі немагчымыя без пакут.

— Мы ўжо ўвайшлі ў гэты працэс. Пытанне толькі ў тым, колькі крыві ён будзе каштаваць, таму што беларуская кроў ужо льецца. І самі беларусы сябе знішчаюць, і той шэраг эміграцый, і тыя турэмныя пасадкі, выгнанне людзей — таксама кроў дакладна.

Ці будзе гэта кроў цэментаваць тыя нацыябудаўнічыя працэсы — складанае пытанне. Гэтая вайна яшчэ не выйграна ні тым, ні іншым бокам. Усё залежыць ад гэтага.

Мы ведаем досвед з нашай гісторыі, калі наша краіна проста перастала існаваць пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Мы прайгралі тады тое, за што сёння зноў змагаемся.

Мы тады проста зніклі, нават мова была забароненая дзесяцігоддзямі. Таму і зараз людзям даводзіцца змагацца да канца.

Ужо відавочна, што Беларусь пойдзе па гэтым сцэнары. Але невядома, ці будуць тыя падзеі настолькі крывавыя, як на тэрыторыі Украіны, — кажа мастак, які больш за 20 гадоў жыве па-за межамі Беларусі.

Андрэй Дурэйка адзначае і адну з галоўных, на яго погляд, праблем нашай краіны.

— У Беларусі, як у любой посткаланіяльнай краіне, востра стаіць пытанне адукацыі. Нават сам чалавек, які фактычна з'яўляецца першым у краіне, па сутнасці, называе сябе іншаземцам, кажа, што беларусы —гэта рускія, і паўтарае тое ўсе 30 гадоў.

І гэта шмат пра што сведчыць, у першую чаргу, пра палітыку — культурную і нацыянальную.

У нас няма ніводнай вышэйшай школы, дзе б выкладалі (цалкам) на мове. Мы назіраем усе гэтыя спробы пісаць новую гісторыю, то-бок фальсіфікаваць яе. Тое ж самае і з мастацтвам, і з усім.

Праўда ў тым, што мы маем аграмадную адукацыйную праблему, якую можа вырашыць толькі адукацыя, не важна гэта будзе на ўзроўні сям'і, царкоўнай школы альбо неяк яшчэ.

Пакуль беларусы ў сваёй краіне адчуваюць сябе меншасцю. У сучаснай Еўропе такога няма нідзе.

Можа ёсць дзесьці ў посткаланіяльных дзяржавах Азіі, Афрыцы ці Лацінскай Амерыкі, — кажа мастак.

У фарміраванні нацыі, лічыць ён, важную ролю выконвае не проста родная мова, але і прынцыповае стаўленне да яе.

— Мы ведаем колькі беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету, карыстаюцца іншымі мовамі, але не карыстаюцца беларускай. Такая вось мы нацыя, такі гэты посткаланіяльны дыскурс і такая павага да саміх сябе.

Але гэта адкрытае пытанне. Яно не толькі беларускае, а ўсіх посткаланіяльных краін, і яно вельмі складанае. І тут, мне здаецца, няма адной таблеткі, а ёсць толькі комплекс мерапрыемстваў…

І калі мы не будзем рабіць прагрэсіўныя рэчы, нічога не адбудзецца. Чаму, напрыклад, нікога з праграмістаў не трэба агітаваць вучыць ангельскую мову? Бо гэта нармальна.

І тое, чаго мы дамагаемся, павінна стаць нармальным. І гэта павінна рабіць дзяржава. Мова для кожнай краіны — важная. Гэта нават зброя.

У такія часы, як зараз, мы бачым, што мова, напрыклад, ва Украіне стала такой жа зброяй. Яна там — наўпрост пытанне жыцця і смерці. Бо калі ты не можаш сказаць «паляниця», ты не пройдзеш тэст «хто ёсць хто».

І людзі павінны зразумець, якое мова мае значэнне. Мне здаецца, шмат хто з беларускай эліты гэта добра разумее. Мы бачым, што сённяшняя моладзь актыўна карыстаецца беларускай мовай.

Наогул я бачу шмат людзей, у якіх змяніліся адносіны да мовы. Сам, пражыўшы больш за 20 гадоў у Нямеччыне, ніколі не думаў, што прыйдзе час, і я буду тут рабіць экскурсіі на беларускай мове пра сучаснае мастацтва, што буду тут размаўляць з людзьмі на беларускай мове.

Для мяне гэта ніколі не было праблемай, але такога інтэнсіўнага выкарыстання мовы, такога рэнесансу, як сёння, у мяне не было ўсе 20 гадоў.

Апошнія два з паловай гады вайны ўсё змянілі, таму што ўкраінцы прыехалі сюды, і галоўным карт-бланшам першыя тыдні, нават месяцы была мова.

Ад расійскай мовы людзі сапраўды шарахаліся, як ад ворага, як ад небяспекі. І адзіным выйсцем для беларусаў засталося выкарыстоўваць сваю мову.

Але калі сама дзяржава не спрыяе гэтаму, гэта праблема, гэта ненармалёва. Гэта ненатуральна і ўвесь час кажа, што мы працуем на іншую культуру, — падкрэслівае Андрэй Дурэйка.

І ўсё ж мастак выказвае надзею на тое, што ў беларусаў ёсць шанец захавацца як нацыі.

— Мы ў такім стане, што знішчаецца шмат чаго, але абсалютна не знішчыцца. Гэта не адбылося і 100 гадоў таму, і падчас каланізацыі, і падчас войнаў. Думаю, і сёння мы не знікнем як нацыя.

Як не знік Суцін з Шагалам. Сёння яны ў Пантэоне беларускага мастацтва, а іх выставы праходзяць у лепшых музеях свету.

Не знікнуць і людзі, якія ў Беларусі. Такога не бывае, каб існаваў народ, а не было сваіх — ад каранёў, ад зямлі людзей.

Я ў гэта глыбока веру, нават нягледзячы на рэпрэсіўны характар нашай культуры.

Так, гэта дзіўная палітыка, калі краіна не падтрымлівае сваіх людзей. Такой краіны я не ведаю, нават аўтарытарныя дзяржавы, тыя ж усходнія рэжымы, усё роўна робяць прамоўшн для сваёй краіны.

А ў нас дзяржава нават элементарных функцый ужо не выконвае, наўпрост дакументаў не выдае сваім грамадзянам. Канешне, гэта ўсё ідзе ў бок знішчэння, прыніжэння.

Гэта ненармальная рэч і яна не будзе доўга існаваць. Бо немагчыма ўсіх людзей, якія жывуць сёння на тэрыторыі Беларусі, знішчыць зусім.

Думаю, што ў нас будзе ы рэнесанс. Пытанне — калі. Канешне, гэта патрабуе часу, але беларусы не знікнуць, — упэўнены Андрэй Дурэйка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(14)