Политика
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Анатоль Куляшоў узначаліў Міністэрства ўнутраных справаў

Нечаканасцяў не адбылося новым кіраўніком Міністэрства ўнутраных справаў прызначаны выканаўца абавязкаў міністра генерал-маёр Анатоль Куляшоў.

Больш смелыя прагнозы, што гэтую пасаду можа заняць старшыня Памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі, ці начальнік мінскай міліцыі Леанід Фармагей, не спраўдзіліся.

Яшчэ год таму Анатоль Куляшоў узначальваў сталічную міліцыю. Потым атрымаў прызначэнне ў намеснікі Навумава. Пасля скандалу з «домікамі ў вёсцы» у міліцэйскіх начальнікаў, і адстаўкай Аляксандра Шчурка, заняў месца першага намесніка міністра. Адразу па адстаўцы Навумава Лукашэнка прызначыў Куляшова выконваючым абавязкі.

Куляшову 50 гадоў, ён нарадзіўся у гарадку Алі-Байрамлы (Азербайджан).

Такім чынам практыка прызначэння на галоўныя сілавыя пасады не ўраджэнцаў Беларусі працягваецца. Куляшоў скончыў мінскую школу міліцыі, а таксама Акадэмію МУС СССР.

Падчас знаходжання на пасадзе кіраўніка мінскай міліцыяй Анатоль Куляшоў неаднаразова кіраваў разгонам апазіцыйных акцый, уступаў у перамовы з арганізатарамі мітынгаў і шэсцяў.

Менавіта Куляшоў пачынаў курыраваць расследаванне выбуху на дзень рэспублікі 4 ліпеня, але потым атрымаў павышэнне па службе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)