Экономика

Аналітыкі: Санкцыі ўдараць па кішэні Лукашэнкі, у некаторых выпадках за гэтым можа стаяць Расея

Новыя санкцыі ЭЗ разьлічаныя на тое, каб вывесьці з гульні дойных кароваў эканомікі Беларусі, яны скіраваныя супраць некаторых найбольш важных эканамічных сэктараў краіны, супраць самых багатых і ўплывовых прыхільнікаў рэжыму, лічаць аналітыкі Цэнтральнай службы навінаў RFE/RL.

Аднак, хоць і чакаецца, што новыя захады ўдараць уладзе Аляксандра Лукашэнкі проста па кішэні, у некаторых выпадках за ўсім гэтым можа стаяць непрадбачаны бэнэфіцыяр — Расея.

«Беларуськалій» — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца калійных угнаеньняў, на яго прыпадае каля адной пятай сусьветных паставак калійных угнаеньняў

Санкцыі сканцэнтраваныя на сямі эканамічных сэктарах, улучна з прыбытковым бізнэсам перапрацоўкі і кантрабанды тытуню, нафтай, фінансамі і імпартам зброі і тэхналёгіяў назіраньня, якія могуць быць выкарыстаныя супраць антыўрадавых дэманстрантаў.

Але ніхто не адчуе ўдару ад санкцыяў Брусэлю — чацьвёртага раўнду карных захадаў пасьля спрэчнага пераабраньня Лукашэнкі ў жніўні — больш, чым найбуйнейшая экспартная галіна Беларусі — выраб калійных угнаеньняў.

Дзяржаўная кампанія «Беларуськалій»— найбуйнейшы ў сьвеце вытворца калійных угнаеньняў, на яго прыпадае прыблізна пятая частка сусьветных паставак калійнай сумесі, а на ЭЗ прыпадае каля 8 працэнтаў продажаў у 2020 годзе. А хто галоўны канкурэнт? Расейская кампанія «Уралкалій», буйны сусьветны экспарцёр, які мае намер пашырацца.

Экспэрты мяркуюць, што са стратай беларускага экспарту калійных рэчываў у Эўразьвяз лішак паставак, верагодна, будзе скуплены «Уралкаліем», што ўзмацніць яго пазыцыю на сусьветным рынку.

«Мы можам чакаць, што Беларусь апынецца ў яшчэ больш цеснай эканамічнай і палітычнай залежнасьці ад Расіі», — заявіла Радыё Свабода Бота Іліяс, аналітык кансалтынгавай службы кантролю палітычных рызыкаў «Control Risks», 24 чэрвеня, у той самы дзень, калі былі ўхваленыя новыя санкцыі. «Урад ня можа функцыянаваць без экспарту калійных угнаеньняў, таму ім трэба будзе кудысьці зьвярнуцца».

Гэтым «кудысьці», сказала Іліяс, «хутчэй за ўсё будзе Расея, якая паабяцала падтрымаць беларускую эканоміку ў выпадку сэктаральных санкцыяў». І расейскі «Уралкалій», дадала экспэртка, «можа атрымаць выгаду ад гэтых санкцый, павялічваючы вытворчасьць і, верагодна, купляючы беларускі калій».

І гэта не адзіная выгада, якую можа атрымаць Расея ад наймацнейшых дагэтуль спробаў Брусэлю прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за няспынныя рэпрэсіі ўладаў супраць іншадумства пасьля выбараў у жніўні 2020 году і за прымусовую пасадку ў Менску 23 траўня камэрцыйнага авіялайнэра, які ляцеў паміж дзьвюма сталіцамі ЭЗ.

Новы порт заходу?

Новыя захады таксама з часам пазбавяць «Беларуськалій» доступу да яго асноўнага маршруту дастаўкі — літоўскага партовага гораду Клайпеда, празь які праходзіць 97 працэнтаў беларускага экспарту калійных угнаеньняў.

Тым часам як бягучыя кантракты ўсё яшчэ будуць выконвацца, расейскія гарады змогуць стаць новым портам заходу беларускай дзяржаўнай кампаніі для паставак калійных угнаеньняў у Кітай, Індыю і іншыя краіны.

Ігар Удавіцкі, уладальнік канцэрну «Birių krovinių terminalas» (Тэрмінал сыпкіх грузаў) у Клайпедзе, 22 чэрвеня выказаў здагадку, што «Беларуськалій» і «Уралкалій» могуць аб’яднацца для манапалізацыі сусьветнага калійнага рынку, а расейскія партовыя гарады Санкт-Пецярбург і Усць-Луга могуць замяніць Клайпеду.

«У любым сцэнары прайграюць відавочна не «Беларуськалій», расійскія порты або «Уралкалій», напісаў Удавіцкі ў Фэйсбуку.

«Ва ўсіх выпадках прайграе толькі Літва. Таму што калі беларускі калій пойдзе ў расейскія парты, ён сюды ўжо ніколі ня вернецца».

У сваім допісе на другі дзень Удавіцкі падкрэсьліў: «Галоўны бэнэфіцыяр санкцыяў — Расея».

Супраць прыбытковай прамысловасьці перапрацоўкі тытуню ў Беларусі — крыніцы квітнеючага гандлю цыгарэтамі, якія ўвозяцца кантрабандна ў краіны Эўразьвязу — таксама былі ўведзеныя забароны на экспарт у Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці тытунёвых вырабаў. Да пералічаных тавараў адносяцца фільтры, цыгарэтная папера, тытунёвыя араматызатары і абсталяваньне.

Цыгарэты — вельмі прыбытковы бізнэс для Беларусі і для аднаго з найбагацейшых людзей краіны Аляксея Алексіна, які цяпер апынуўся ў ліку 166 чалавек, што трапілі ў чорны сьпіс тых, хто цяпер ня зможа ўехаць і весьці бізнэс з Эўрапейскім зьвязам.

Дадаўшы імя Алексіна ў свой чорны сьпіс, Эўрапейская рада ахарактарызавала яго як чалавека, які мае дзелавыя інтарэсы ў нафтавай і энэргетычнай сфэрах, нерухомасьці, будаўніцтве, фінансах і тытуні і атрымлівае «выгаду ад рэжыму Лукашэнкі».

Алексін удзельнічаў у будаўніцтве новай тытунёвай фабрыкі ў Менску, ён — важны гулец у распаўсюдзе цыгарэт у Беларусі, а апошнімі гадамі ўказам Лукашэнкі атрымаў выключныя правы як на ўвоз тытуню, так і на продаж як дома, так і за мяжой прадукцыі, якую вырабляе Гарадзенская тытунёвая фабрыка, найбуйнейшы ў Беларусі вытворца цыгарэт.

Як даведзена ў расьсьледаваньні, апублікаваным расейскай службай Радыё Свабода 24 чэрвеня, Беларусь — дамінуючы гулец у кантрабандзе цыгарэт, якая нядаўна вырасла з павелічэньнем акцызаў Эўразьвязу на цыгарэты і забаронай у ЭЗ цыгарэт з мэнтолам.

Пры сярэдняй цане пачку цыгарэт у Беларусі каля 0,80 даляра ў параўнаньні з 4,30 даляра ў Латвіі і значна вышэйшай у іншых частках Эўрапейскага зьвязу, кантрабанда адкрывае шырокія магчымасьці для атрыманьня прыбытку. І большая частка гэтага прыбытку, як сьцьвярджае расьсьледаваньне, у выніку ідзе ў кішэню Лукашэнкі.

«Магутны» сыгнал

Падчас наведаньня 24 чэрвеня сельскагаспадарчага аб’екту, які належыць Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы, Лукашэнка скарыстаў свой час знаходжаньня каля польскай і літоўскай межаў на тое, каб адмахнуцца ад новых санкцый і засьведчыць марнасьць спробаў Захаду яго пакараць.

Гаворачы, што субсыдый для падтрыманьня бізнэсу, які закрануць санкцыі, ня будзе, Лукашэнка заявіў, што іншыя краіны спрабуюць абараніць уласны рынак тытуню і што «мы павінны паказаць гэтым нягоднікам па той бок мяжы, што іх санкцыі сьведчаць пра іх бясьсільле».

Мэта санкцыяў палягае ў тым, каб ударыць па асобах з блізкага атачэньня Лукашэнкі і па сфэрах эканомікі, цесна зьвязаных з рэжымам, у рамках шырэйшых намаганьняў, каб прымусіць аўтарытарнага кіраўніка і яго прыхільнікаў заплаціць за жорсткае абыходжаньне з дэманстрантамі, якія пратэставалі супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, а таксама за преымусовую пасадку самалёта авіякампаніі Ryanair, якая прывяла да арышту журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны, грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі.

Фінансавыя санкцыі скіраваныя на тое, каб абмежаваць ураду Беларусі і дзяржаўным фінансавым установам доступ да рынкаў капіталу ЭЗ. З мэтай абараніць беларускіх пратэстоўцаў і актывістаў, эўрапейцам будзе забаронена прадаваць тавары падвойнага прызначэньня і любое абсталяваньне, тэхналёгію або праграмнае забесьпячэньне для сувязі, «прызначаныя ў першую чаргу для маніторынгу альбо перахопу Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі».

Нягледзячы на пагардлівую рэакцыю Лукашэнкі на санкцыі і скептыцызм некаторых экспэртаў наконт іх дзейснасьці, многія ўспрынялі санкцыі як моцны сыгнал Менску.

Экспэртка Іліяс ахарактарызавала апошні крок ЭЗ як «рэзкую эскаляцыю санкцыяў у дачыненьні да Беларусі», тым часам як лідэр апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская, якая лічыць сябе законным пераможцам выбараў і пакінула краіну дзеля ўласнай бясьпекі, паведаміла агенцтву AFP 24 чэрвеня што санкцыі — «магутны» сыгналам, які, як яна спадзяецца, прымусіць дзяржаву шукаць «дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю».

У сваю чаргу Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла 25 чэрвеня, што Менск «не зьбіраецца моўчкі назіраць» за тым, што ён назваў супольным нападам з боку краін Захаду, і неўзабаве адкажа на яго.

«Болезненный удар» или «аккуратные санкции»? Что думают эксперты

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(22)