Амерыканіст: «Пэўнае развіццё падзей у стасунках рэжыму Лукашэнкі і Вашынгтона было падчас кадэнцыі Трампа»

Амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі патлумачыў, чаму беларусам варта сачыць за выбарамі ў ЗША.

Антон Пянькоўскі, фота Facebook

— Нягледзячы на тое, што ЗША знаходзіцца далёка ад Беларусі, знешняя палітыка аказвае вельмі вялікі ўплыў у сферы бяспецы і правоў чалавека, — кажа амерыканіст Антон Пянькоўскі ў інтэрв’ю Свабода Premium. —

Улічваючы працяглую нестабільнасць у Беларусі і бягучую залежнасць Лукашэнкі ад Расіі, падтрымка і ўвага ЗША могуць адыграць ключавую ролю ў вызначэнні магчымасцяў для развіцця дэмакратычных сіл і захавання суверэнітэту нашай краіны.

Камара Харыс, адзначае эксперт, падтрымлівае палітыку «бягучай адміністрацыі», часткай якой з'яўляецца на працягу апошніх чатырох гадоў.

— Яе палітыка грунтуецца на падтрымцы дэмакратычных і праеўрапейскіх сіл у рэгіёне, што ўключае дапамогу Украіне і санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека.

Верагодна, адміністрацыя Харыс працягне эканамічны і палітычны ціск на афіцыйны Мінск. Мы ўвогуле не можам чакаць нейкіх велізарных зменаў, калі Камалу Харыс абяруць прэзідэнтам ЗША.

Што тычыцца Дональда Трампа, то ён у сваёй рыторыцы, працягвае Пянькоўскі, надае больш увагі унутраным справам і палітыцы.

— Ён выказваўся на карысць нейкіх перамоў і змякчэння адносін з Расіяй. Ён можа нават скараціць ваенную падтрымку Украіне. Таксама Трамп некалькі разоў выказваўся наконт скарачэння ўдзелу ЗША ў НАТА, што непакоіць еўрапейскіх партнёраў.

Думаю, што ён можа захаваць санкцыі супраць беларускіх афіцыйных асобаў. Падтрымка беларускіх дэмсіл застанецца, але мы павінны ведаць, што пэўнае развіццё падзей у стасунках рэжыму Лукашэнкі і Вашынгтона было падчас кадэнцыі Дональда Трампа. Таму, канешне, мы не можам выключаць нейкія змены палітыцы адміністрацыі Трампа наконт рэжыму Лукашэнкі, калі яго абяруць,. Але велізарных зменаў я б не прадказваў.

Пры гэтым я мяркую, што перамога Трампа можа прывесці да значнага скарачэння дапамогі Украіне, нават нейкіх затрымак дапамогі і ўсё-такі прымусу да нейкіх перамоў з Расіяй, што можа ўзмацніць уплыў Расіі на Беларусь і іншыя постсавецкія краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(13)