Амэрыканцы падазраюць Менск у махлярстве з «Беларуськаліем»

Як паведамляе амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal, Міністэрства фінансаў ЗША правярае магчымае парушэньне санкцый з боку салігорскага прадпрыемства.

Гаворка, у прыватнасьці, пра санкцыі, уведзеныя ў 2007 годзе ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім».

Перадусім адзначаецца, што беларускі экспарт хлоркалію ад тагачасных абмежаваньняў практычна не пацярпеў, паколькі збытам займалася Беларуская калійная кампанія, створаная сумесна з расейскім «Уралкаліем». Гэтая структура мела магчымасьць пастаўляць на амэрыканскі рынак расейскія калійныя ўгнаеньні, а беларускія накіроўваць у іншыя краіны. Але пасьля арышту «за нанясеньне наўмысных стратаў» гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра і разрыву ў 2013 годзе ўсіх дамоўленасьцяў з расейскімм партнэрамі Менск вымушаны самастойна займацца рэалізацыяй прадукцыі. Дзеля гэтага «Беларуськалій» быў выведзены са складу «Белнафтахіму», каб паспрабаваць выйсці з-пад санкцый, якія распаўсюджваюцца на канцэрн.

Пастаўкі беларускага хлоркалію ў ЗША аднавіліся сёлета, што не засталося па-за ўвагай назіральнікаў. Запыт на адпаведнасьць экспарту беларускіх угнаенняў умовам санкцый падрыхтавалі сэнатары ад штату Нью-Мэксыка Том Ўдоль і Марцін Генрых — менавіта тут сканцэнтраваныя некалькі прадпрыемстваў, якія вырабляюць 75% калійных угнаенняў ад усёй агульнаамэрыканскай вытворчасьці.

У лісьце да Міністэрства фінансаў сэнатары заявілі, што ўхіленне ад санкцый пагражае законапаслухмяным калійным кампаніям ЗША, якія вымушаныя канкураваць з нядобрасумленнымі замежнымі прадпрыемствамі, якія не зусім законна намагаюцца выйсці на амэрыканскі рынак.

Заакіянскія аналітыкі ўпэўненыя, што Менск учыніў простую «карпаратыўную рэструктурызацыю», наўмысна выключыўшы «Беларуськалій» з санкцыйнай структуры. У той жа час «Белнафтахім» па-ранейшаму застаецца пад санкцыямі.

У офісе Беларускайй калійнай кампаніі перакананыя, што антыбеларускія захады робяцца з мэтай «лабіраваньня інтарэсаў паўночнаамэрыканскіх вытворцаў».

Па выніках 2014 году Беларусь прадала блізу 10 мільёнаў тон калійных угнаеньняў, што на 66% больш, чым у 2013-м. Прыбытак ацэньваецца ў 3 мільярды даляраў. Доля беларускага калію ва ўсясьветным экспарце летась перавысіла 20%.