Политика
Анастасія Зелянкова

Аляксей Янукевіч патрабуе ад Вінцука Вячоркі не лезці ў працу партыйнага сайту

Сітуацыя ўнутры Партыі БНФ абвастраецца. Канфлікты ўзнікаюць адзін за адным, прычым па розных прычынах. На гэта раз падставай стаў сайт Партыі БНФ.

У рукі карэспандэнта “Салідарнасці” трапіў ліст намесніка старшыні партыі Аляксея Янукевіча да іншага намесніка Вінцука Вячоркі. У сваім звароце Янукевіч патрабуе ад Вінцука Вячоркі не ўмешвацца ў працу партыйнага сайту.

“Як намеснік старшыні Партыі БНФ па інфармацыйнай дзейнасці і кіраўнік інфармацыйнай камісіі Сойму Партыі БНФ я звяртаюся да Вас з патрабаваннем спыніць размяшчэнне на сайце Партыі БНФ матэрыялаў па тых пытаннях, адносна якіх у Партыі няма адзінай афіцыйнай пазіцыі”, — адзначаецца ў лісце.

У прыватнасці размова ідзе пра два матэрыялы -- артыкул Франака Вячоркі "Дзьве стратэгіі для БНФ" і зварот "Знакамітыя фронтаўцы заклікаюць сяброў БНФ на сход 20 чэрвеня". Іх публікацыя, на думку Аляксея Янукевіа недапушчальная, паколькі гэта парушае партыйную этыку і выносіць унутрыпартыйныя спрэчкі на ўсеагульны разгляд. “Так, у артыкуле Франака Вячоркі відавочна ўтрымліваецца адкрытая агітацыя за сп. Баршчэўскага на кандыдата ў прэзідэнты ад БНФ, хоць мы маем 12 роўных у правах партыйных прэтэндэнтаў, і, калі афіцыйны сайт Партыі друкуе агітацыю за аднаго з прэтэндэнтаў, мы мусілі б друкаваць агітацыю і за сп. Лялькова, сп. Мальчыка, сп. Шэгу, сп. Кастусёва, сп. Антусевіча, сп-ню Леру Сом ды за іншых кандыдатаў. Лічу, што гэта было б цалкам прымальна ва ўнутрыпартыйных матэрыялах, але не на партыйным сайце. Таксама ў артыкуле Франака Вячоркі падаюцца суб'ектыўныя ацэнкі іншым палітычным лідэрам, у прыватнасці — спадару Мілінкевічу, якія не грунтуюцца на рашэннях кіруючых органаў Партыі”, — адзначаецца ў лісце.

Што да звароту знакамітых фронтаўцаў, то, па словах Янукевіча, яго публікацыя таксама з’яўляецца адлюстраваннем думкі толькі аднаго боку. Нагадаем, што сур’ёзныя рознагалоссі ў Фронце выклікаў будучы сход 20 чэрвеня. Частка фронтаўцаў нават абвінаваціла старшыню партыі ва ўзурпацыі ўлады, той, са свайго боку, назваў гэтыя дзеянні сабатажам.

“Мы маем сайт Партыі, а не сайт старшыні!” — нагадвае Янукевіч Вячорку і заклікае “пакінуць сайт аўтарытэтным сродкам”.

“Лічу, што гэта будзе не толькі карысна дзеля прапаганды партыі і паляпшэння вобразу Партыі БНФ ў грамадстве, але й проста сумленна!” Янукевіч таксама папярэдзіў Вячорку, што ў выпадку, калі размяшчэнне на партыйным сайце “тэндэнцыйных аднабаковых матэрыялаў” працягнецца, ён будзе звяртацца да Сойму Партыі “з прапановай пазбавіць” Вячорку “доступу да размяшчэння ды рэдагавання матэрыялаў на сайце”.

На 16.00 5 чэрвеня спрэчныя матэрыялы яшчэ заставаліся на сайце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)