Скандалы
Юлія Аляксандрава

Аляксей Марачкін: “Гэта ўнікальная з’ява -- рабіць экспертызу мастацкага твора, каб пасля судзіць творцу”

Карціна “Нашы лялькі” Аляксея Марачкіна мусіць прайсці экспертызу на прадмет знявагі вышэйшай асобы Беларусі. Міліцэскія эксперты жадаюць праверыць мастацкія вобразы на супадзенні з “арыгіналамі” ды вымярыць даўжыню насоў і вусаў маляваных лялек. Мастака папярэдзілі, што пасля экспертызы будуць рыхтавацца дакументы для суду.

Карціна “Нашы лялькі” была канфіскавана разам з плакатамі і расцяжкамі падчас ператрусу ў майстэрні мастака напярэдадні святкавання Дня Волі. Сам Аляксей Марачкін падкрэслівае, што рыхтаваў плакаты для дазволенага шэсця, да таго ж яны мелі пазітыўны характар: “Беларуская мова – душа нацыі”, “Не бойцеся!”.

“Нашы лялькі” не выстаўлялі напаказ ужо дзесяць год, твор наогул не быў вядомы шырокай грамадскасці. Але прадстаўнікоў міліцыі карціна зацікавіла настолькі, што яны вырашылі забраць яе з майстэрні і аднесці на экспертызу: персанаж шаржавага малюнка выклікаў ў іх асацыяцыі з першай асобай дзяржавы. Таму хутка давядзецца правяраць гэты вобраз, нават суадносіць з “арыгіналам” нос, вусы. Дата і метад правядзення экспертызы пакуль не вядомыя, але мастаку абяцалі паведаміць, калі мае адбыцца “наватарскае даследванне мастацкага твора”.

- “Нашы лялькі” ствараліся па матывах перадачы “Куклы”, якая выходзіла на НТВ. Тады я толькі ўнёс новыя матывы, ішоў ад беларускай батлейкі, - расказаў “Салідарнасці” Аляксей Марачкін.

“Гэта ўнікальная з’ява: праводзіць экспертызу мастацкага твора, каб пасля судзіць творцу”, -- дадае мастак. Але адказваць на зусім нясмешныя выпады ў свой бок бяскрыўднымі жартамі Марачкін не збіраецца. У хуткім часе ён плануе падаць дакументы і зварот да генпракурора і галоўнага прарурора раёна, каб пакараць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)