БНР
Павел Міхайлаў

Аляксей Марачкін атрымаў пяць сутак за тое, што “лаяўся матам перад Цэнтральным РАУС”

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў Аляксея Марачкіна да пяці сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле пратаколу, ён лаяўся матам перад Цэнтральным РАУС. Нягледзячы на тое, што мастака затрымалі ў ягонай майстэрні, суд палічыў абгрунтаванымі сведчанні міліцыянтаў.

Вечарам 24 сакавіка супрацоўнікі ПМСП ўварваліся ў майстэрню Аляксея Марачкіна, правялі там вобшук і канфіскавалі расцяжкі і плакаты да Дня Волі. Самаго мастака затрымалі і, як пазней высветлілася, адвезлі на Акрэсціна.

— Сем супрацоўнікаў міліцыі і ПМСП ўварваліся ў майстэрню, дзе знаходзіўся бацька, — распавёў прэс-службе Партыі БНФ сын мастака Ігар Марачкін. — Яны правялі вобшук, канфіскавалі каля 40 расцяжак і транспарантаў, якія былі зробленыя ў майстэрні да акцыі. Падчас вобшуку міліцыянты пабілі некаторыя прадметы керамікі, якія стаялі на паліцах. Знайшлі вядомую працу “Лялькі” і таксама забралі. Не кранулі толькі партрэты з грамадскімі дзеячамі і геральдычныя выявы. Як удалося высветліць, з кватэры яго павезлі проста на Акрэсціна.

Як расказала “Салідарнасці” старшыня ўправы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, 25 сакавіка ў 9.30 у судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд справы.

— Сцвярджалася, што Аляксей Антонавіч лаяўся матам перад Цэнтральным РАУС, — адначае Алена Макоўская. — І гэта нягледзячы на тое, што затрымалі Марачкіна ў яго майстэрні! Але суддзя палічыла сведчанні міліцыянтаў абгрунтаванымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)