Аляксандр Лукашэнка — туз, Гігін — «шасцёрка», затое Коля — джокер

«Беларусы ў выгнанні» выдалі калоду гульнявых карт на тэму палітычных рэалій.

Арганізацыя «Беларусы ў выгнанні» рэалізуе праект «Калода Лукашэнкі» — яны выдаюць гульнявыя карты, на якіх знаходзяцца выявы беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў.

Мэта — «інфармаваць грамадскасць, прадстаўнікоў бізнесу і ўрадаў па ўсім свеце пра тое, што ўступаючы ў гандлевыя адносіны з рэжымам Лукашэнкі, яны падтрымліваюць рэпрэсіі, якія Лукашэнка ажыццяўляе ў нашай краіне».

Кожная карта суправаджаецца кароткім тлумачэннем таго, чаму кожны з фігурантаў апынуўся на карце і чаму яго ці яе варта ўключыць у спіс «прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі».

У калодзе традыцыйныя 52 карты, але цікавасць выклікае, які «намінал» стваральнікі далі канкрэтным беларускім чыноўнікам.

Напрыклад, сярод «двоек» Дзмітрый Паўлічэнка, а таксама старшыні судоў Петр Міклашэвіч і Валянцін Сукала.

«Чацверкамі» назвалі губернатараў — Косінца, Сумара і Шапіру.

«Шасцеркі» — знаныя прапагандысты Гігін і Давыдзька.

З бізнэсоўцаў у калодзе прадстаўленыя Аляксандр Шакуцін («сямерка»), Аляксандр Машэнскі і Уладзімір Пефціеў («васьмерка»), Юрый Чыж і Анатоль Тарнаўскі («дзявяткі»).

Хто ж ацэньваецца найбольш? Валетамі сталі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, кіраўнік прэзідэнцкай аховы Андрэй Уцюрын, кіраўнік адміністрацыі Андрэй Кабякоў, а таксама прэм’ер Міхаіл Мясніковіч.

Дамы — у адсутнасць асаблівага выбару — Надзея Каткавец, Надзея Ермакова, Лідзія Ермошына і Наталля Пяткевіч.

У каралях Віктар Шэйман, Уладзімір Макей, Віктар Вакульчык і Віктар Лукашэнка.

Затое туз адзін — Аляксандр Лукашэнка ў розных іпастасях. Есць і джокер — ягоны сын Коля, намаляваны з залатым пісталетам.

Варта адзначыць, што «Беларусы ў выгнанні» здолелі паказаць даволі рэалістычную карцінку іерархіі беларускай улады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)