Политика
Анастасія Зелянкова

Аляксандр Класкоўскі: “У сітуацыі з Міхалевічам адлюстраваліся ўсе беды беларускага апазіцыйнага руху”

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі выказаў сваё бачанне на выключэнне намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча. У інтэрв’ю “Салідарнасці” ён расказаў, як Мілінкевіч спрычыніўся да гэтага выключэння, што будзе з БНФ і ў чым бяда беларускай апазіцыі.

— Як вы ацэньваеце апошнія падзеі з выключэннем Міхалевіча з Партыі БНФ?

— Можа я адкажу нечакана, але мая пазіцыя такая: выключэнне Міхалевіча — гэта ўнутрыпартыйная справа. На тле таго, што ніякіх значных палітычных падзей зараз не адбываецца, усе адразу накінуліся гэтую навіну і пачалі яе перажоўваць. Канешне, навіна неардынарная. Але ў нас чамусьці няма разумення, што партыя — гэта група людзей, якія аб’ядналіся на нейкім грунце, некай пазіцыі. І гэтая арганізацыя мае поўнае права свае ўнутраныя пытанні вырашаць аўтаномна. А ў нас яшчэ з савецкіх часоў прывыклі, што ўсе кадравыя пытанні мусяць вырашацца ўсёй грамадой.

Калі ж браць шырэй, то я не хачу казаць: добра гэта ці кепска, справядліва ці несправядліва. Увогуле нашым апазіцыйным партыям, як і апазіцыйнаму руху ў цэлым, не хапае пэўнай маналітнасці, згуртаванасці і моцнай арганізацыйнай структуры. Якраз у гэтым і ўсе іх беды. А тое, што працуюць пэўныя механізмы ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, гэта нармальна. Хаця не ведаю, як у дадзеным выпадку: ці гэта ёсць прыкладам дэмакратыі ці прыкладам нейкага аўтарытарнага рашэння.

— Што, на вашу думку, прывяло да гэтай сітуацыі?

— Тут прэтэнзіі не толькі ў тым, што Міхалевіч выступіў з крытыкай партыйнага кіраўніцтва. Тое, што дазваляе партыйная этыка, а што -- не, мае даволі рухомыя межы. Без крытыкі партыя ператварыцца фактычна ў злепак КПСС. З іншага боку, ненатуральна, калі нейкая палітычная структура нагадвае зборышча павукоў у слоіку.

Але ў гэтай сітуацыі я б абстрагаваўся ад такіх момантаў, як хто каго зачапіў асабіста: ці пакрыўдзіў Міхалевіч Баршчэўскага, ці адпомсціў Баршчэўскі Міхалевічу? Усе жывыя людзі і могуць быць пэўныя эмоцыі. Але, па вялікім рахунку, тут адлюстроўваюцца усе беды беларускага апазіцыйнага руху.

Пытанне не канкрэтна ў Міхалевічы. Так, няма сакрэту, што той самы Міхалевіч быў вельмі шчыльна звязаны з Мілінкевічам і рухам “За свабоду”. Магчыма, гэтыя прэтэнзіі і не артыкуляваліся, але Міхалевічу далі зразумець, што нельга сядзець на двух крэслах.

— Ці не прывядзе гэта да расколу БНФ? Не сакрэт, што яшчэ на з’ездзе ледзь не палова дэлегатаў хацела бачыць Міхалевіча старшынёй партыі.

— Безумоўна. Гэтая барацьба на з’ездзе сведчыла пра тое, што ўжо тады ўтварыліся дзве плыні. І Міхалевіч быў абраны сцягам той плыні, якая была не задаволена тагачасным становішчам справы і хацела пераменаў.

Я б не зводзіў ўсё да шкодніцкай дзейнасці пэўных асобаў. Трэба глядзець шырэй.

У нас няма адзінства ў дэмакратычным лагеры. Мілінкевіч, які быў раскручаны пад выбары ў якасці адзінага кандыдата і пасля адсунуты ў бок групай партыйных лідэраў, спрабуе гуляць у сваю гульню. Ён не хоча заставацца ў баку і аб’ектыўна ягоны персанальны рэйтынг найвышэйшы сярод апазіцыйных лідэраў. Аднак яму фактычна няма адкуль фармаваць актыў. Уся праблема ў тым, што правадыроў у нас шмат — індзейцаў мала. Вось кіраўнікі партый і крыўдзіліся, што ідзе перапампоўка людзей з партый у рух.

Сёння апазіцыйны рух фактычна адсунуты на маргінос. У маргінальным стане заўжды пачынаюцца буры ў шклянцы вады. Калі б партыі вырашалі задачы агульнадзяржаўнага маштабу, калі б яны прысутнічалі ў парламенце, у іншых грамадска-палітычных інстытуцыях, усім бы знайшлося месца для працы і не было б часу на іншае. А калі працы няма, тады і пачынаецца змаганне з сабой. Ідзе барацьба, за нешматлікія сілы актывістаў кожны цягне коўдру ў свой бок. Гэта не тое, што беларуская апазіцыя горшая за іншыя. Проста людзі разумеюць, што заўтра не будзе ніякай каляровай рэвалюцыі і трэба неяк сёння жыць, мець свой плацдарм, сваю дзялянку. Вось і пачынаецца такая міжусобіца за месца пад сонцам. І ўся пара ідзе ў свісток.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)