Общество

Кацярына Карпіцкая, Наша Нiва

Аляксандр Атрошчанкаў: Везці сына туды, дзе «дармаеды» і пажыццёвы прэзідэнт? Дзякуй, я пас

Шматтысячная дэманстрацыя супраць дыктатуры 9 гадоў таму скончылася масавымі арыштамі і крымінальнымі справамі, у тым ліку ў дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты і іх памочнікаў. Некаторыя людзі з'ехалі з Беларусі. Як склалася іх жыццё, ці хочацца ім вярнуцца на радзіму, што яны робяць і чаго яны чакаюць?

Артур Папок

Працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў кіроўцам буса з апаратурай, які затрымалі перад акцыяй. Пасля Плошчы тыдзень хаваўся па знаёмых і з’ехаў у Польшчу. Вярнуўся на радзіму ў 2014-м.

Усе фота з асабістых архіваў герояў

— Першы час, хоць я і быў ужо за мяжой, адчуваў нейкі страх: цягам двух тыдняў, калі хадзіў па вуліцах, дупа сціскалася ад любой машыны, якая запавольвала ход побач са мной. Але на мой адрас не паступіла ніводнага сігналу пагрозы: дачка з'ехала вучыцца ў Познань, жонку, што засталася ў Беларусі, не чапалі. Мне пашчасціла трапіць на праграму Каліноўскага — так я апынуўся на навучанні ў Гуманітарнай акадэміі імя А. Гейштара, скончыў магістратуру па паліталогіі.

Вядома, я доўгі час жыў падзеямі Плошчы: ладзілі розныя акцыі, каб аднавіць на радзіме справядлівасць. Усё гэта падавалася мне самым значным у жыцці, пакуль я не начытаўся навуковай літаратуры ў акадэміі.

З новымі ведамі я стаў неяк прасцей на ўсе гэта глядзець: як біёлаг праз мікраскоп на хваробатворныя мікробы. Ну, а потым яшчэ і Майдан адбыўся, які па маштабах быў сур'ёзнейшым, чым наша Плошча, я сачыў за ўкраінцамі, і гэта для мяне было мацнейшым перажываннем.

Падчас навучання я працаваў і на будоўлі, і ахоўнікам у краме. Потым зарэгістраваў фірму і пачаў высылаць тавары (адзенне, запчасткі) з Польшчы на Беларусь, спрабуючы вяртаць падатак на дададзеную вартасць.

Ідэя была добрая, але не хапіла капіталу, каб выйсці на нармальныя абароты. Я пачаў нудзіцца: так, я неяк больш-менш уладкаваўся побытава, але хіба гэта мая столь?

Я патэліў былому сябру, аднакласніку, які стаў мільянерам яшчэ да трыццаці. Той расказаў, што будзе раскручваць у Беларусі новы праект, я якраз магу спатрэбіцца. Вядома, я пагадзіўся на такую прапанову, бо ў яго можна было шмат чаму павучыцца. Але пакуль даехаў да Беларусі, праект той згарнуўся.

Спрабаваў рабіць сваё. Нейкі час займаўся кейтэрынгам: арганізаваў дастаўку здаровага харчавання офісным супрацоўнікам. Асноўным маім кліентам быў банк «Дэльта», і калі ён ляснуў, то і мой бізнэс разам з ім.

Разам з гэтым у мяне была даўнішняя мара: яшчэ гадоў 15 год таму, я набыў у Залессі хатку. Планаваў, што зараблю грошай і буду там аднойчы жыць — у лесе, цішыні і спакоі. І калі навярнуўся чарговы бізнэс, я раптам прыйшоў і падумаў: калі да гэтага часу не атрымалася зарабіць грошай, можа, не атрымаецца і ніколі. А калі тады жыць? Я ўсё кінуў і паехаў у Залессе.

Жыву тут ужо паўтара гады, і за гэты час мой градус шчасця не аслаб ні на грам. Мне ўсе вясковыя справы ў смак, я ўспрымаю іх як халяўны фітнэс.

Сродкі, што ў мяне былі, я ўклаў у рэканструкцыю будынка — планую адкрыць тут мядовую лазню, рэкрэацыйную аграсядзібу.

Былі моманты, прыходзілася амаль выжываць: тады я збіраў у лесе паваленыя старыя дрэвы, калоў іх на дровы і прадаваў бабулям. Цяпер выкладаю польскую мову ў Маладзечне, займаюся перакладамі і з гэтага кармлюся. Мне з сабакам, катом ды пчоламі на жыццё хапае.

Што тычыцца сям'і, то яна маёй эміграцыі не вытрымала: калі я з'ехаў, жонка засталася ў Мінску сам-насам са сваім страхамі і праблемамі, гэта было адной з прычын таго, што потым з намі сталася. Дачка ж вывучылася на французскай філалогіі ў Познані, працуе і развіваецца ў сваёй сферы за мяжой.

І з ёй, і з былой жонкай я падтрымліваю добры кантакт.

З нейкіх актывістаў і палітыкаў я камунікую толькі з Міколам Аўтуховічам. З Уладзімірам жа Някляевым мы з тых дзён не бачыліся, але калі будзе такая нагода — думаю, з задавальненнем паціснем адзін аднаму рукі. Са свайго пункту гледжання я не бачу для Беларусі эвалюцыйных перспектыў, не кажучы ўжо пра рэвалюцыйныя.

Алег Мяцеліца, былы зубровец, таксама правёў за мяжой, у Вільні, 3,5 гады, а пасля вярнуўся на радзіму ў Бялынічы і збудаваў там аграсядзібу.

Вярнуўся ў 2015 годзе ў Беларусь з Чэхіі і былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч. Цяпер ён зноўку актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю.

Леанід Навіцкі

Былы ахоўнік кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

— Пасля Плошчы, як вядома, трапіў на Акрэсціна. Мяне, Андрэя Саннікава, Ірыну Халіп і кіроўцу аўто, які адважыўся нас падвезці ў траўмпункт (у Саннікава была пашкоджаная нага), жорстка затрымалі, спыніўшы машыну на плошчы Перамогі. Мне далі 15 сутак. Андрэя і Ірыну забралі ў КДБ. У апошні дзень адседкі мяне выклікалі на допыт, дзе выставілі арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадак. Я быў упэўнены, што павязуць у турму, але мяне і яшчэ некалькіх чалавек пасадзілі ў сіні мікрааўтобус і па адным высадзілі на прыпынках грамадскага транспарту.

Увечары 3 студзеня я ўжо быў з сям'ёй, са спазненнем павіншаваў сваіх дзяўчатак з Новым годам, купіўшы па дарозе «рафаэлак». Настрой быў добры, я верыў, што мы яшчэ пазмагаемся, будаваў планы. Але сябры і жонка пераўпэўнілі ў тым, каб на час з'ехаць з краіны. Я паслухаў.

Раніцай 4 студзеня, узяўшы мінімум рэчаў, з'ехаў праз расійскую мяжу ў Варшаву. Там ужо знаходзіліся таварышы, якія пазбеглі турмы.

На наступны дзень даведаўся ад жонкі, што мяне шукае міліцыя. З Варшавы я паехаў да сяброў у Галандыю, дзе пражыў амаль паўгода. Зразумеўшы, што на радзіме мяне нічога добрага не чакае, вырашыў асталёўвацца ў Еўропе.

Пераехаў у Францыю, крыху пазней да мяне далучыліся мае жонка і дзеці: мы падалі запыт на атрыманне дазволу на жыхарства як уцекачы: восенню малыя ўжо пайшлі ў школу для дзяцей, якія не валодаюць французскай мовай. У Францыі мяне ўжо ніхто не чапаў: здаралася, тэлефанавалі з нейкіх беларускіх нумароў толькі і маўчалі ў адказ, калі я здымаў слухаўку.

Я падпрацоўваў кіроўцам і ахоўнікам на дыскатэках, жонка шыла для вясельнага салона сукенкі.

Адначасна з гэтым мы актыўна вучылі мову. Пасля атрымання дакументаў уладкаваліся на працу афіцыйна.

Я, прайшоўшы навучанне, пайшоў працаваць ахоўнікам, жонка — у швейнае атэлье.

У 2015-м у нас тут нарадзілася дачка. Увогуле, сябры і сваякі нас не забываюць: маці прыязджае ў госці штогод, кожны дзень мы звязваемся па скайпе. Самі мы, на жаль, прыехаць у Беларусь не можам: у нас забралі пашпарты, калі афармлялі дазвол на жыхарства. Я нават не быў на пахаванні бацькі…

Сёння жонка працягвае рабіць у швейным атэлье, малодшая дачка ходзіць у ecole maternelle (гэта як наш дзіцячы садок). Сярэдняя вучыцца ў ліцэі, а старэйшая — на кандытарку.

У суме мы жывём у Францыі амаль восем год, Беларусь стала далёкай і няўтульнай краінай, хаця па-ранейшаму яна родная і любімая.

Аднак тое, што адбываецца ў краіне, наводзіць на мяне сум і роспач. Я ўжо не ўяўляю, як там можна жыць: самавольства ўлады, ніякіх свабодаў, беспрацоўе, адсутнасць перспектыў, тое, як душаць бізнэс, гаворка пра аб'яданне з Расіяй… І я не бачу ў нас ніякіх лідараў, здольных разварушыць народ.

Аліса (Уладзімір) Кумец

У 2010-м годзе Аліса яшчэ была актывістам Уладзімірам Кумцом. Уладзімір быў сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні Уладзіміра Някляева кандыдатам у прэзідэнты, быў адлічаны з Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута.

Пасля акцыі пратэсту 19 снежня, баючыся арышту, з'ехаў з Беларусі ў Літву, а пазней у Польшчу. Займаў пасаду прэс-сакратара грамадзянскай кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Яго завербаваў КДБ, пра што ён пазней публічна прызнаўся.

— Да 2010-га ў мяне не было думкі, што я апынуся ў Польшчы, буду там вучыцца, працаваць. У маёй памяці той перыяд застанецца назаўсёды: на мой погляд, гэта быў апошнi шанец перамагчы рэжым. Тады яшчэ было шмат людзей, якія верылі, што нешта можна змяніць…

У 2013-м я, можна сказаць, спынілася мая актыўная палітычная дзейнасць, я вярнулася ў Беларусь. Апошняе сутыкненне са спецслужбамі для мяне адбылося ў 2014-м годзе, калі арыштоўвалі падчас Чэмпіянату свету па хакеі.

Што тычыцца таго, што цяпер я Аліса. У мяне заўсёды было ўсведамленне таго, што няма нічога лепш, чым жыць так, як ты нарадзіўся. Але ёсць рэчы, якія нельга пераступіць. Важна не баяцца сваіх жаданняў і жыць у гармоніі з сабой. Так што за год я змяніла дакументы і стала Алісай.

Сёння я з'яўляюся членам-карэспандэнткай Міжнароднага праваабарончага руху і валанцёрам Amnesty International, раблю пераклады з польскай мовы. Займацца палітыкай, як раней, мне не хацелася б дакладна, але варыянты ананімнага блога або напісанне аналітычных артыкулаў разглядаю цяпер досыць сур'ёзна.

У Беларусі няма палітычных лідараў, кагосьці харызматычнага, хто карыстаўся б павагай і падтрымкай грамадства — без гэтага ў нас нічога не зменіцца. Але адсутнасць лідара нават не самае страшнае. Самае страшнае — што ў нас няма грамадзянскай супольнасці, якая можа аб'яднацца вакол яго.

Аляксандр Атрошчанкаў

Падчас выбараў 2010 года быў прэс-сакратаром штаба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэй Саннікава. Быў затрыманы ўжо 20 снежня ў сябе дома. 2 сакавіка 2011 асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі.

— Я пераехаў у Варшаву і пачаў здымыць разам з сям’ёй кватэру. Паралельна пачаў працаваць. Першая няпоўныя два гады пасля пераезду працаваў на «Хартыі», супрацоўнічаў з Беларускім Домам і іншымі недзяржаўнымі арганізацыямі і СМІ, рабіў пераклады. Дапамагалі беларусы, якія прыехалі сюды раней, польская дзяржава, якая выплачвала грашовую дапамогу. Увогуле шмат добрых людзей сустрэў. Палякі (лекары, чыноўнікі і інш.), калі бачылі, што я апынуўся ў чужой краіне з трохмесячным сынам, не ведаючы мовы, ва ўсім ішлі насустрач.

Раз я не валодаў мовай, на працу ў польскія СМІ мяне ўзяць не маглі, таму нейкі час я рабіў таксістам. Было не па сабе ад разумення, што за стырном у незнаёмым горадзе я магу зарабляць больш, чым у журналістыцы, маючы 15-гадовы досвед. Але мне падабалася развозіць людзей.

Сёння я вяртаюся да сваёй прафесіі. Супрацоўнічаю з RFRM.BY, напрыклад, але пры гэтым працягваю ездзіць: ліцэнзія таксіста ў мяне на 50 гадоў, таму, як бы што ні склалася, рызыкі галоднай смерці больш няма.

За кратамі я прабыў 9 месяцаў — гэта не так доўга, каб паспела адбіцца на здароўі, катаванні там насілі больш маральны характар. З вызвалення мінула восем з паловай гадоў, і я не з тых, хто сябе шкадуе.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, які вядзе насычанае жыццё.

Самым складаным у новай краіне для мяне стала змена мадэлі суадносін.

Вельмі шмат саюзаў паміж людзьмі, якія змянілі краіну жыхарства, распадаюцца, нават калі да гэтага яны былі разам шмат гадоў. На жаль, мая сям’я не стала выключэннем. І з гэтым звязаны, бадай, самы складаны перыяд майго жыцця ў Польшчы і не толькі.

Сёння я жыву разам з дзяўчынай і са сваім сынам, які палову часу праводзіць са мной, палову — з мамай.

Мая судзімасць павінна была быць пагашаная 20 снежня мінулага года, таму перашкод вярнуцца ў Беларусь у мяне няма. Але ў Польшчы я жыву ўжо шэсць з паловай гадоў: у мяне тут сям’я, праца. Сын размаўляе па-польску лепш, чым на беларускуй і рускай мовах… Прыехаць на радзіму — значыць пачаць жыццё з нуля.

Мне важна, што Польшча — вольная дэмакратычная краіна, з добрай сістэмай адукацыі і прадказальнай будучыняй. Везці сына туды, дзе «дармаеды», пажыццёвы прэзідэнт, непадкантрольная міліцыя, падкантрольныя суды, абавязковае размеркаванне? Дзякуй, я пас. Схільнасць да рэпрэсій, непавага да правоў іншых — гэта радавая траўма нашай краіны, не пазбавіўшыся якой, немагчыма рухацца далей, колькі ні размаўляй пра IT-дзяржаву, біткойны і рынкавыя рэформы

Хаця, канечне, сумна, што актыўныя беларусы, якія маюць энергію і ідэі наконт таго, якой павінна быць будучыня Беларусі, працуюць таксістамі, начнымі парцье ў гатэлях, чытаюць лекцыі і кіруюць паспяховымі кампаніямі за мяжой. Тое, што вялікая колькасць энергічных і таленавітых землякоў схавалася з галавой пад коўдру ці эмігравала, вельмі абядняе Беларусь.

Уладзімір Кобец

Падчас выбараў 2010 года — кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Нягледзячы на тое, што крымінальную справу супраць яго закрылі ў жніўні 2011 года, ён пакінуў Беларусь, бо яго ў турме завербавалі і пасля тым шантажавалі, а ён не хацеў быць сексотам.

— Я выехаў з Беларусі ў ноч з 5 на 6 жніўня 2011-га. 4 жніўня арыштавалі Алеся Бяляцкага. Дату выезду я выбіраў загадзя, і арышт Алеся быў для мяне як удар маланкі. Я быў упэўнены, што пачалася новая хваля рэпрэсій. Краіна і так была пагружаная ў страх, грамадзянскі сектар нагадваў выпаленае поле. У турмах ці за мяжой апынуліся амаль усе мае паплечнікі.

З сям’ёй мы выехалі сінхронна, але рознымі шляхамі — уз’ядналіся ў Браціславе. Паўстала пытанне, што рабіць з адукацыяй дзяцей. Урэшце мы вырашылі, што ім варта вярнуцца ў Беларусь і працягваць вучыцца: ніхто не думаў, што мая эміграцыя зацягнецца. Але калі стала зразумела,што гэта надоўга, наша сям’я зноў аб’ядналася, ужо ў Варшаве.

Для ўсіх нас было нечаканым, калі дырэктар школы ў Варшаве, куды мы звярнуліся, выслухала маю гісторыю, якую і сама добра ведала з медыя, не хісталася ні хвіліны і падпісала дакументы на залічэнне ў школу дачкі і сына.

У гэтым годзе мая дачка заканчвае навучанне ў адным з прэстыжных унівэрсітэтаў Польшчы, сын у мінулым годзе скончыў школу і паступіў у Варшаўскі унівэрсітэт. Я зайздрошчу дзецям — такія магчымасці, якія сёння дае еўрапейская сістэма адукацыі, нам у свой час і не сніліся. Вельмі хацелася б, каб беларускія студэнты атрымалі такія ж магчымасці, як і польскія: не тупіковы БРСМ, а студэнцкае самакіраваннне і парламент, напрыклад.

Што тычыцца мяне, то ўвесь мой час сыходзіць на працу ў Беларускім Доме.

На красавік, напрыклад, мы рыхтуем дзве вялікія выставы беларускіх мастакоў, рыхтуемся да ўдзелу ў штогадовым міжкультурным фестывалі ў Варшаве, дзе будзем прадстаўляць Беларусь.

На радзіме засталася мая маці, я адзін у яе — вядома, аднойчы мне хацелася б вярнуцца на радзіму, але каб гэта было не фармальным вяртаннем.

Я вельмі ўважліва сачу за ўсім, што адбываецца ў краіне. Мяне непакоіць, што новыя прэзідэнцкія выбары могуць быць выкарыстаныя сіламі, якія атрымліваюць падтрымку з боку Крамля. У беларускай медыяпрасторы адбываюцца працэсы, якія моцна нагадваюць скаардынаваную спецыяльную аперацыю. Яна, перш за ўсё, скіраваная супраць беларускай незалежнасці, самаідэнтычнасці, нашай мовы.

Праз розныя каналы замяняецца свядомасць беларусаў, з іх робяць расійскіх шавіністаў, пры гэтым вельмі агрэсіўных. У пэўны момант куклаводамі можа быць прынятае рашэнне пра ўтварэнне антыбеларускай палітычнай сілы з моцным фінансаваннем з Расіі. Як падобныя сцэнары рэалізоўваюцца, мы бачылі на прыкладзе Крыма.

Зміцер Бародка

Быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэй Саннікава, каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі».

— Калі толькі апынуўся ў Польшчы, самым складаным была няпэўнасць: ты не ведаў, на зусім ты прыехаў ці толькі адсядзецца. Акрамя гэтага, я перажываў і за сям’ю, але праз некаторы час яе таксама ўдалося перавезці ў Польшчу.

Адносіны з былымі калегамі ў мяне, можна сказаць, роўныя і спакойныя, бо яны адсутнічаюць увогуле.

Я разважаў: каб не актывізм, маё жыццё, можа, і склалася б лепш. Аднак дзе яшчэ можна было б перажыць столькі прыгод, іспытаў, набрацца такога досведу, сустрэцца з такімі яркімі, цікавымі людзмі? У маім жыцці было ўсё: пагоні, арышты, канспірацыя, вандроўкі, бойкі, вясёлыя бяседы — амаль як у Дзюма.

Сёння я працую ў Беларускім Доме. Што тычыцца Беларусі — вяртацца ніколі не позна. Але палітычных сюрпрызаў у краіне не чакаю. Ініцыятыва з боку апазіцыі, мне падаецца, страчаная. Усе, хто меў хаця б нейкую ініцыятыву, паўцякалі. Жарт.

А, бадай, самы паспяховы выпадак у той хвалі эміграцыі — гэта кіраўнікі Свабоднага тэатра Мікалай Халезін і Наталля Каляда, якія таксама выехалі ў 2010-м годзе пасля Плошчы. Яны базуюцца ў Лондане, а акцёры іх тэатра жывуць між Беларуссю і гастролямі. Тэатр выступіў у ЗША, атрымаў Міжнародную прэмію Вацлава Гавэла для творчых іншадумцаў. Не так даўно акцёры Свабоднага зняліся ў кліпе гурта «Бумбокс», у іх пастаянна адбываюцца прэм’еры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(36)