Лица
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Аляксандар Лукашук: мая кніга пра савецкае жыцьцё вачыма амэрыканца, і пра амэрыканца вачыма савецкай улады

У сталічнай Галерэі Ў адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд в Минске».

У 2011 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніга «Сьлед матылька. Освальд у Менску» па-беларуску, а вось цяпер аўтар яе пераклаў на расейскую мову і дапрацаваў. Новая кніга выйшла ў недзяржаўным выдавецтве «Галіяфы».

Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук пачаў свой выступ, як ён выказаўся, «з канца»: з падзякаваў выдаўцу, мастакам, рэдактару, карэктарам, усім, хто спрычыніўся да зьяўленьня кнігі.

«А другі дзякуй — іншы. 29 траўня, у панядзелак азначалася 100-годзьдзе прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі. Мы ўдзячныя яму за дзьве рэчы. Першая — што не адбыўся ядзерны апакаліпсіс у 1962 годзе ў часе Карыбскага крызысу. А другая — што ён дамогся падпісаньня, ратыфікацыі і выкананьня Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў пад вадой, на зямлі і ў атмасфэры. Калі б гэтага не было, усё, што тут ёсьць, называлася б сёньня Чарнобылем. Гэта яго дзьве вялікія заслугі».

Любая кніга важная ня толькі якая яна, але і ў які час яна напісана, і гэта кніга важная па часе. Так лічыць нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

«Гэта кніга цікавая сёньня тым, што яна трапіла ў новы кантэкст. Сёньня аказалася, што тэрарызм прыняў зусім новыя формы: мы ў руках шалёных адзіночак. Яны робяць нам выклік. І татальнага кантролю нельга зрабіць. У гэтым пляне ваша кніга сёньня вельмі сучасная.

Мы бачым, што кожныя дзень — два нешта страшнае адбываецца: у Манчэстэры, іншых месцах... Таму вельмі важна зразумець, як працавала гэтая спружына нянавісьці ў чалавека, як яна стрэліла? Чаму такая асоба ўзятая?

Здавалася б, Кенэдзі — прыгожы, усьмешлівы чалавек! Як жа трэба яго ненавідзець, каб менавіта гэтую цэль выбраць? Так што гэта вельмі сучасная кніга», — сказала ў сваім відэазвароце Сьвятлана Алексіевіч.

Аляксандар Лукашук днямі запрасіў у кватэру, дзе некалі жыў Лі Харві Освальд, некалькі чалавек, якія прачыталі фрагмэнты зь кнігі: драматурга, прафэсарку Юлію Чарняўскую, журналістку Сашу Раманаву і настаўніцу літаратуры Ганну Севярынец.

«Я напісаў няправільную кнігу. Першую кнігу пра Освальда напісаў Норман Мэйлер, амэрыканскі „Талстой“, як яго часта называюць. Ён прыяжджаў у Менск у 1993-м, трапіў у архіў КДБ (пры Шушкевічу). І мне шкада, што Мэйлер напісаў гэтую кнігу — пісаць трэба было пра зусім іншага чалавека, равесьніка Освальда — дысыдэнта Сяргея Ханжанкова», — заўважыў Аляксандар Лукашук.

Падчас прэзэнтацыі кнігі дачка Сяргея Ханжанкова Вера перадала Радыё Свабода прымач, на якім бацька слухаў Радыё Свабода:

«Дзякуй, што вы памятаеце тату. Пасьля ягонай сьмерці засталася вельмі дарагая для мяне рэч — прымач, на якім ён слухаў Свабоду, якую глушылі. Я хачу гэты прымач перадаць Свабодзе — як удзячнасьць за памяць пра бацьку».

Лямпавы прымач «Менск-55» зроблены на тым самым радыёзаводзе, дзе працаваў некалі Освальд. «Свабода» была самая актуальная — кожныя паўгадзіны навіны. «Свабоду» глушылі больш за ўсё. І студэнт Сяргей Ханжанкоў вырашыў гэтую глушылку ўзарваць. І ён мог быць героем Мэйлера ў большай ступені, чым Освальд, — кажа Аляксандар Лукашук.

Мэйлер ня змог бы напісаць кнігу, калі б не было тагачаснага сьпікера Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, які некалі вучыў Освальда расейскай мове. Павал Якубовіч некалі напісаў, што кандыдатуру Шушкевіча як настаўніка Освальда ў той час узгаднялі ў Маскве. Станіслаў Шушкевіч не без пачуцьця гумару адказаў Якубовічу.

«Якубовіч — абсалютны прадстаўнік абскурантыстаў. У яго эмоцыі бяруць верх над розумам. Гэта чалавек, які ўвесь час працуе пад дахам. Яму спакойна можна гаварыць усё, таму што дахам у яго зьяўляецца Лукашэнка.

Калі ўзгаднялі маю кандыдатуру ў Маскве — я ганаруся. Але я думаю, што не ўзгаднялі. Са мной гаварыў сакратар парткаму, я быў тады беспартыйны. Я думаю, ён тут узгадніў. Каб такую дробязь узгадняць на Лубянцы... Ня думаю», — кажа Станіслаў Шушкевіч.

Аляксандар Лукашук патлумачыў, чаму ён назваў кнігу паэмай. Ён прыгадаў, як падчас прэзэнтацыі ў 2011 годзе выступаў Генадзь Бураўкін і зрабіў нечаканы камплімэнт: «Асабліва хачу пахваліць аўтара за тое, што ён не пазначыў жанр. А то як напішуць! А Лукашук устрымаўся і не пазначыў».

Аўтар кнігі распавёў яшчэ адну гісторыю:

«Некалі ў Празе мы сядзелі ў бары з маім расейскім калегам Анатолем Стрэляным, які вельмі добры літаратар. Ён тады быў закаханы ў адну беларускую дзяўчыну.

Сядзім мы зь ім у бары, размаўляем пра літаратуру. Я кажу: чаму ў расейскай літаратуры такі бардак з жанрамі: «Яўген Анегін» — раман, а «Масква-Петушкі» — паэма? А я вось ніяк не магу вызначыцца з жанрам.

«На якой мове вы напісалі, па-расейску ці па-беларуску?» — пытаецца ён. «Па-беларуску», — адказваю я. «Калі па-беларуску — то паэма. Па-беларуску ўсё —паэма», — сказаў Анатоль Стрэляны».

Аляксандар Лукашук паскардзіўся, што адным зь людзей, якія вельмі сурова падышлі да жанру паэмы быў Уладзімер Арлоў, як яго вельмі жорстка правіў. Такую колькасьць правак на рукапісу Лукашук кажа, што бачыў толькі ў рукапісе Быкава «Кар’ер», які сам сябе перакладаў на расейскую і вельмі жорстка правіў.

Уладзімер Арлоў у сваю чаргу папярэдзіў, што ягоны выступ будзе не зусім звычайны, а для кагосьці нават абуральны:

«Аляксандар Лукашук, захапіўшыся аўтаперакладам на расейскую мову, ступіў на небясьпечную сьцежку, якая ўрэшце прывяла яго на напісаньне расейскіх вершаў. Але кропкі невяртаньня ён не прайшоў.

Я вырашыў дапамагчы Аляксандру Лукашуку вярнуцца да сваёй спрадвечнай матчынай мовы. Таму я вырашыў перакласьці яго рускамоўныя вершы на мову, напэўна, арыгіналу...

Я вырашыў пачаць зь верша, які называецца ў арыгінале „Перевод“, а ў перакладзе — „Пераклад перакладу“. У вершы адлюстраваліся пакуты Аляксандра Лукашука над сваім уласным беларускамоўным тэкстам».

«Без беларускай кнігі пра Освальда не было б і новай кнігі на расейскай мове, — кажа аўтар. — І гэтай кнігі не было б без рэдактара, які аказаўся абсалютна бязьлітасным, жорсткім, які ня ведаў прыметнікаў, а гаварыў толькі дзеясловамі і назоўнікамі. Гэта Сяргей Дубавец, аўтар бліскучага рамана «Сіні карабель у блакітным моры плыве».

На прэзэнтацыі паказалі фрагмэнты дакумэнтальнага фільму Радыё Свабода пра Освальда.

«Мая кніга не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі. Мая кніга пра жыцьцё ў Менску амэрыканца, пра савецкае жыцьцё вачыма гэтага амэрыканца, і пра амэрыканца вачыма савецкай улады. Мая кніга выйшла спачатку на сайце Радыё Свабода, потым гучала ў эфіры, потым у сэрыі „Бібліятэка Свабоды“. Сёлета ў гэтай сэрыі мы чакаем яшчэ некалькі кніг — Сяргея Навумчыка, Вінцука Вячоркі. А нядаўна выйшла кніга Зьмітра Бартосіка „Быў у пана верабейка гаварушчы“, якую паставіў нядаўна „Свабодны тэатар“, — распавёў Аляксандар Лукашук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)