Общество
Зьміцер Панкавец, «Наша ніва»

Аляксандар Лукашанец: «Ня ведаю, ці забароняць «тарашкевіцу»...

Каб высьветліць усе пытаньні адносна ўдасканаленьня беларускага правапісу, «Наша Ніва» зьвярнуліся да дырэктара інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Аляксандра Лукашанца. «Слова «прэзыдэнт» будзе пісацца зь вялікай літары», — пацьвердзіў ён.

«Наша Ніва»: Дык што нас усё ж чакае — рэформа правапісу ці нешта іншае?

Аляксандар Лукашанец: Я з усімі журналістамі пачынаю размову тым, што гавару — гэта не рэформа правапісу, а пэўныя ўдакладненьні ў існуючы ўжо правапіс, накіраваныя на зьмяншэньне колькасьці выключэньняў, на падпарадкаваньне агульным прынцыпам і фанэтычнага ладу, і жывога беларускага маўленьня. Гэтыя зьмены ня будуць закранаць асноўных прынцыпаў беларускага правапісу. Падрыхтаваны праект, на мой погляд, найбольш актуальны ў моўнай сытуацыі, што існуе ў Беларусі, таму што ён дапаможа захаваць стабільнасьць беларускай пісьмовай мовы, забясьпечыць пераемнасьць у школьным навучаньні, калі будзе захавана стабільнасьць нормаў, то гэта будзе спрыяць прэстыжу беларускай мовы, а гэта значыць і пашырэньню яе ўжываньня ў грамадзтве. Зьмяншаецца велізарная колькасьць выключэньняў.

«НН»: Беларусь ужо пятнаццаць гадоў незалежная дзяржава, зьмены ў правапісе адбываюцца толькі цяпер. Чаму?

АЛ: Перш за ўсё таму, што любыя зьмены ў правапісе справа складаная і далікатная і носьбіты мовы адносяцца да гэтай праблемы па рознаму. Нават у краінах, дзе функцыянуе толькі адна мова да любых зьменаў ставяцца вельмі асьцярожна. Таму работа павінна быць вельмі карпатлівая, усё павінна быць дасканала выверана. Трэ было ўлічыць усе погляды пры працы над праектам. Я таксама лічу, што прайшло дастаткова шмат часу, але можа гэта і ня так дрэнна, бо эмацыйны падыход зьмяніўся цьвярозым навуковым і гэта дазваляе больш аб»ектыўна вырашаць праблемы і прапанаваць аптымальныя варыянты. Толькі трэба, як мага хутчэй паставіць у гэтай справе кропку і карыстацца агульнапрынятай нормай правапісу. Ніхто не абавязвае чалавека, як гаварыць, але абавязак дзяржавы запясьпечыць агульнае напісаньне. У іншым выпадку мы ня зможам захаваць адінства мовы, а для нас адзінства мовы — гэта абавязковая ўмова яе захаваньня.

«НН»: Чаму падрыхтоўкай зьменаў займаецца Міністэрства адукацыі, а не інстытут мовазнаўства?

АЛ: Гэта не зусім дакладная інфармацыя. Дзяржкамісія ў 2003 годзе даручыла і Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю зьменаў правапісу. Над гэтым варыянтам працавалі і нашыя спэцыялісты, і мовазнаўцы беларускіх унівэрсытэтаў, гэта значыць праект падрыхтаваны сумеснымі намаганьнямі.

«НН»: Ці будуць зьмены ў правапісе вынесеныя на абмеркаваньне шырокай грамадзкасьці?

АЛ: Іх ужо неаднаразова абмяркоўвалі. Яшчэ абмеркаваньні могуць толькі пагоршыць варыянт, які ўжо існуе, абмяркоўваць можна бясконца. Мы дасылалі варыянты на абмеркаваньне ва ўсе установы адукацыі.

«НН»: Ці будзе які-небудзь падручнік з усімі зьменамі правапісу?

АЛ: Будзе не падручнік. Будзе праца рабочай групы, якая працавала пад кіраўніцтвам акадэміка Падлужнага. Таксама працавалі працавалі: прафэсар Арнольд Міхневіч, Павал Шуба, Міхась Яўневіч, Аляксандар Крывіцкі. Гэта ўсе высокакваліфікаваныя спэцыялісты ў галіне айчыннага мовазнаўства, прычым з розных галінаў. Падлужны — фанэтыст, Крывіцкі — дыялектоляг, Яўневіч — сынтаксіст, Шуба — марфоляг, Міхневіч — граматыст. Былі ахопленыя ўсе пласты мовы.

«НН»: Ці замінае існаваньне ў беларускай мовы двух правапісаў?

АЛ: Лічу, што замінае. Патрэбная стабільнасьць правапісных нормаў мовы, разнабой перашкаджае працэсу навучаньня беларускай мове ў школе і выкарыстаньню яе ў розных сфэрах камунікацыі. Толькі строгае адзінства правапісных нормаў можа забясьпечыць беларускай мове выкарыстаньне ў тых ці іншых сфэрах жыцьця. Калі будзе існаваць такі разнабой, то гэта можа паставіць пад пагрозу выжываньне беларускай мовы. Пісьмовая мова павінна быць адзінай і аднастайнай.

«НН»: А як вы адносіцеся да сынтэзу двух правапісаў, які выкарыстоўвае на сваіх старонках часопіс «Дзеяслоў»?

АЛ: Гэта вельмі дрэнны варыянт, бо не прытрымліваецца ніводзін падыход. Гэта яшчэ горш, чым два крайнія варыянты. Ведаеце, вучань павінен верыць таму, што надрукавана. У нас жа ў адным выданьні напісана так, у іншым — гэтак, то каму ён павінен верыць. Вось і што абітурыенту трэба пісаць у цэнтралізаваным тэставаньні, калі ёсьць два варыянты напісаньня.

«НН»: Дарэчы, як правільна пісаць «наркамаўкай» «лідэр», як напісана ў падручніках, ці «лідар», як піша «Звязда»?

АЛ: Не ўжывайце, калі ласка, гэтае слова «наркамаўка», я не прымаю яго, як і «тарашкевіца». На сёньняшні дзень правільна пісаць «лідэр», але прапануем у гэтым варыянце правапісу пісаць «лідар». У гэтым і праяўляецца разнабой, які мы мусім ліквідаваць. Таксама пашыраецца ўжываньне літары «ў» у словах іншамоўнага паходжаньня. Ва ўласных імёнах вялікая літара «Ў» ужывацца ня будзе. Будуць вельмі спрошчаны правілы пераносу. Слова «прэзыдэнт» будзе пісацца зь вялікай літары.

«НН»: А што рабіць, што пісаць у такіх выпадках школьніку, які піша цэнтралізаванае тэставаньне на роднай мове?

АЛ: Я спадзяюся, што пытаньняў кшталту «лідэр» ці «лідар» на іспытах бліжэйшыя гады ня будзе, бо патрэбен час, каб звыкнуцца з новым напісаньнем.

«НН»: Дык ці змогуць выходзіць газэты, часопісы ці кнігі на клясычным правапісе?

АЛ: Я не магу гэтага знаць. Калі б гэта залежала ад мяне, то я б забараніў ужываньне такога правапісу, аднак, што будзе, я ня ведаю.

«НН»: Аляксандар Аляксандравіч, кажуць, што цяпер па-беларуску трэба будзе абавязкова пісаць імя Мікалай, а не Мікола, гэтак сама і з астатнімі беларускімі імёнамі.

АЛ: Гэта лухта. Ніхто вам не забараняе быць запісаным у пашпарце Алесем, але і па-расейску тады вашае імя будзе гучаць, як Алесь, а не Аляксандар. Адпаведна і дзеці будуць Алесевічы, а не Аляксандравічы. Калі вас такое ўстрайвае, то ніхто не забараняе ўжываць такія формы імёнаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)