Общество
Ян Бабіцкі, «Белсат»

Алігарх Лукашэнкі падмануў гамельчукоў і не заплаціў

Пустазелле ды сметнішча на месцы, дзе некалі стаялі гаражы жыхароў Гомля. Больш за паўгода таму іх літаральна выкідалі, бо ў планах было будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтру.

Інвестыцыю мелася зрэалізаваць кампанія «Табак-Инвест», якую ачольвае сябар Аляксандра Лукашэнкі, буйны бізнесовец Павел Тапузідзіс.

«Часу хапала, тут яшчэ не было будоўлі. Узялі б шэраг гаражоў і сказалі б: даем вам тыдзень, пастаўце, калі ласка фундаменты. Людзі б падрыхтаваліся. Паступова перавозілі б гаражы», – узгадвае Тацяна Матросава, кіраўніца гаражнага кааператыву.

Аднак, паводле ўдзельнікаў гаражнага кааператыву № 41, усё адбывалася з дакладнасцю наадварот. Гаражы пераносілі з вуліцы Савецкай на Віцебскую ў вялікай спешцы. У выніку значную частку ўласнасці людзей пашкодзілі або знішчылі. Некаторыя гаражы ставілі літаральна на зямлю ці на старыя дошкі. Хоць праект прадугледжваў пласт шчабёнкі.

«Машыну загнаў, а яна правалілася ў гліну. Прыйшлося выязджаць ды ўсё перарабляць», – дзеліцца Андрэй Аверчанка, сябра гаражнага кааператыву.

Пенсіянеры без грошай на рамонт

Для большасці ўладальнікаў гаражоў (сярод якіх значная частка пенсіянеры) гэта азначае немалыя выдаткі.

«Я ўклаў дзве пенсіі, а вынік слабы. Патрэбная зварка. Яго ж паламалі. Ва ўсім вінаватыя інвестары», – упэўнены Уладзімір Спода, удзельнік гаражнага кааператыву.

Прадстаўнік інвестара ігнаруе праблему

А, паводле дамовы і абяцанняў, усе страты людзей мусіць скампенсаваць менавіта інвестар. Незадоўга да перавозу быў падпісаны адмысловы дакумент паміж прадстаўніком «Табак-Инвесту», гарадскім прадпрыемствам «ГорСАП» і кааператывам № 41. Але дагэтуль уладальнікі гаражоў не атрымалі ні капейкі.

Пакрыўджаныя мяркуюць, што прадстаўнік інвестара хаваецца ад іх, бо звязацца з ім праз тэлефон папросту немагчыма. У сваю чаргу «ГорСАП», адказны за перавоз гаражоў, рэагуе нервова. Дырэктар арганізацыі Аляксандр Сівакоў, калі пачуў пра рыхтаваны на гэтую тэму сюжэт, – кінуў слухаўку.

А на месцы, дзе рыхтаваўся сюжэт, падманутыя людзі не хавалі прэтэнзіяў. Не выключана, што ўся гэтая справа атрымае свой працяг у судзе.

«Ты ж чыноўнік, даеш слова. Ты мусіш яго трымаць. Калі ў вас выбары, то вы бяжыце ўсе за намі!», – абураецца ўласнік гаражу Андрэй Аверчанка.

Абурэнне людзей выклікае і тое, што на новым месцы няма электрычнасці. Уладальнікам гаражоў прапанавалі правесці святло за свае грошы, якія пасля абяцаюць вярнуць. Але яны адмовіліся, бо баяцца быць падманутыя чарговы раз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)