Политика

Алеўскі: «Лукашэнку пасылаюць прывітанне, што ніякі Коля ня будзе наступным прэзыдэнтам Беларусі»

Пра сігналы з Масквы ў каментары Радыё Свабода разважае расійскі журналіст Цімур Алеўскі.

У Маскве лічаць, што Беларусь на парозе перавароту. Расея пагражае адстойваць сваё права на Беларусь нават пры дапамозе ядзернай зброі. Адкуль такія алярмісцкія заявы і што яны значаць?

Служба вонкавай выведкі Расеі, а за ёю і прадстаўніца МЗС Марыя Захарава, кажуць пра чарговыя спробы Захаду адарваць Беларусь ад Расеі.

Гучаць словы пра «геапалітычную гульню», «змовы» і нават пра неабходнасьць гарантаваць бясьпеку Беларусі ўсімі даступнымі сродкамі. У гэтым кантэксьце Захарава згадала нават пра ядзерную зброю.

Цімур Алеўскі

Расейскі журналіст з выданьня The Insider Цімур Алеўскі зьвяртае ўвагу, што СВР і Марыя Захарава «гэта спэцыфічныя актары, якія сыстэмна займаюцца публічнымі правакацыямі».

«Калі яны нешта заяўляюць, то вельмі часта яны ствараюць дымавую завесу. І да вайны, і з самага яе пачатку, СВР і Захарава, асабліва калі яны дзейнічаюць разам, абвінавачвалі кагосьці ў тым, што зьбіраліся рабіць самі. А пасьля самі гэта рабілі. СВР перад атакамі на Ўкраіну неаднаразова абяцалі правакацыі супраць Пуціна. Перад прымяненьнем нейкай дзікунскай зброі яны казалі, што такую зброю зьбіраюцца прымяніць супраць Расеі і што Расея абавязкова дасьць «годны адказ».

Алеўскі лічыць, што заявы СВР і Захаравай сьведчаць аб тым, што яны зьбіраюцца зрабіць тое, у чым спрабуюць абвінаваціць Захад.

«Яны кажуць, што нібыта спрабуюць абараніць Беларусь ад рэвалюцыі. На самой справе гэта азначае наступнае: прыйшоў час рыхтавацца да зьмены ўлады ў Беларусі і ў ключавы момант трэба абавязкова быць гатовым да таго, каб гэтую ўладу перахапіць».

Паводле Алеўскага, заявы СВР і Захаравай Лукашэнка павінен успрымаць як пагрозу.

«Беларусь, з пункту гледжаньня Масквы, удзельнае княства. Лукашэнку яны церпяць шмат гадоў. У 2020 Пуцін яго пачаў ламаць, а ў 2022 — даламаў. Але Лукашэнка працягвае паказваць, што прыкметы дзяржаўнасьці ў яго яшчэ ёсьць. І яны яму пасылаюць прывітаньне, што ніякі Коля ня будзе наступным прэзыдэнтам Беларусі», — сказаў Цімур Алеўскі.