Алесь Ждановіч: «У маёй працоўнай кніжцы практычна толькі дзве даты: прыняты на працу і звольнены за амаральны ўчынак. Ні шкадавання, ні суму»

Пра галоўны экзамен, адносіны да Свята-Елісавецінскага манастыра і чаму з «сонечнымі дзеткамі» ставіў зусім не дзіцячага «Маленькага прынца», распавёў актор і пісьменнік Алесь Ждановіч. Якога, канешне ж, шмат хто ведае і любіць і як Маляваныча.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

— Маё жыццё (не такое ўжо кароткае) падзелена напалову 2020-м на «да» і «пасля». Мяркую, не толькі маё. Усё, што пасля – беларускі пратэст, у якім я актыўна ўдзельнічаў, вайна ва Украіне, рэпрэсіі – змянілі маё жыццё не толькі знешне, але і  ўнутрана.

Алесь удакладняе, што насамрэч гэта быў экзамен:

— Колькі ты гатовы заплаціць за ўнутраную свабоду? Ці гатовы памяняць камфорт і бяспеку на рызыку страціць усё, але пры гэтым захаваць свае жыццёвыя каштоўнасці?

Больш за 5 гадоў прайшло са жніўня 2020-га. Чатыры гады вымушанай эміграцыі. Чужыя краіны, гарады, кватэры... Знешнія абставіны, якія ты не можаш памяняць. Згуба кагосьці з былых прыяцеляў, немагчымасць абняць сваякоў і блізкіх, страта акцёрскай прафесіі ў пэўным сэнсе слова... І шмат чаго яшчэ.

Парадаксальна, але вынік, які я фармулюю, гучыць так: «Ні пра што не шкадую!»

За той выбар, які мы зрабілі (прынамсі, я зрабіў) ў 2020-м, трэба плаціць. Бо ўсё сапраўднае, што варта рабіць у жыцці, мае свой кошт.

Але я не шкадую ні на хвіліну ні пра той выбар, ні пра яго цану. Можа, для кагосьці інакш. Можа, мне лягчэй гэта прыняць, бо я такі чалавек-вада.

Ёсць два тыпа людзей. Людзі-скалы і людзі-плыні. Аб нязломны характар першых разбіваюцца ўсе абставіны, што сустракаюцца ў жыцці. Людзі-плыні прымаюць жыццё такім, якое яно ёсць, прымаюць перамены, як належнае... І цякуць далей.

Я такі чалавек. Мне цікавы рух наперад, перамены. Таму я не хачу рэфлексаваць на тэму, калі быў больш спрыяльны перыяд эміграцыі, калі менш. Ёсць я і жыццё «тут і цяпер». І задачы, якія мусіш выконваць у сувязі з гэтым.

Ці сумуеце вы па Калыханцы?

— Каротка: не. Гэты перыяд прайшоў, і ён не вернецца.

Вобраз Маляваныча, што палюбіўся людзям, стварыла не столькі сама Калыханка, колькі гледачы, якія выбралі такога героя, што адпавядаў іх чаканням. І цяпер мае гледачы і прыхільнікі вакол мяне.

— Як здарылася, што ўжо зоркай тэлебачання вы пачалі працаваць з хворымі дзеткамі? Заснавалі і кіравалі колькі год дзіцячым тэатрам-студыяй «Радасць» для дзяцей-інвалідаў і сірот пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Якія пачуцці сёння, калі бачыце навіны пра яго?

— Бацькоў не выбіраюць. Якімі б яны ні былі, добрымі ці дрэннымі — гэтая сувязь з намі да канца.

Са Свята-Елісавецінскім манастыром мяне звязваюць менавіта такія адносіны, гэта была вельмі важная частка майго жыцця. Там мая любая Людачка была сястрой міласэрнасці, там я спаткаў шмат сяброў. Пазнаёміўся і займаўся з дзіўнымі людзьмі, з асаблівасцямі развіцця, што жывуць у інтэрнатах.

Нашы шляхі разышліся. Я не падзяляю палітычна матываваных дзеянняў манастыра, падтрымкі вайны, рэпрэсій. Адчуваю горыч з гэтай нагоды.

Але ў той жа час хачу сказаць некалькі крытычных словаў у адрас дэмакратычных СМІ, што выбіраюць навіны, звязаныя толькі з гэтым бокам дзейнасці манастыра. Фарміруецца вузкі вобраз нейкага брыдкага сметніка.

А там робіцца не толькі тое, што нам не падабаецца, але і шмат добрага. Падтрымка, дапамога людзям, што апынуліся ў бядзе, бяздомным, хворым...

На жаль, усім нам, хто ўжывае навіны, прасцей не задумвацца, не шукаць поўнай, аб'емнай праўды, а звыкла фарміраваць унутры сябе вобразы непрыязнасці і варожасці. Манастыр застаецца для мяне тым, за што баліць, за што часам адчуваеш горыч, але што немагчыма выкрасліць.

«Гэта драматычная гісторыя жыццёвага крызіса расчараванага чалавека. Што ў сітуацыі паміж жыццём і смерцю сустракаецца... з самім сабой»

— Вы былі мастацкім кіраўніком Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы». З дзеткамі з сіндромам Даўна паставілі спектакль «Маленькі прынц». Як нарадзілася ідэя і як такі, здаецца, сур’ёзны і зусім не дзіцячы спектакль атрымаўся?

— Аб «Маленькім прынцы» я магу распавядаць бясконца. Гэта адзін з самых мудрых тэкстаў, створаных у XX стагоддзі. Невыпадкова ён па колькасці перакладаў і выданняў саступае толькі Бібліі.

Пры гэтым, на мой погляд, у галіне тэатра ці кіно няма ніводнага прыкладу ўвасаблення гэтага твора, раўнацэннага першакрыніцы. Мала хто зразумеў сапраўдны сэнс «Маленькага прынца».

Большасць спектакляў і фільмаў, якія я пераглядзеў рыхтуючыся да пастаноўкі, былі салодкімі казкамі пра залатавалосага анёла з нейкай чароўнай планеты. У той час, як гэта драматычная гісторыя жыццёвага крызіса расчараванага чалавека. Што ў сітуацыі паміж жыццём і смерцю сустракаецца... з самім сабой. З лепшай часткай сябе. І вучыцца жыць нанова.

З дзеткамі з сіндромам Даўна я шмат гадоў рабіў нешта тэатральнае. Але ўвесь час паглядаў на Экзюперы. І калі пачаў рэпеціраваць «Прынца» раптам сцяміў, што гэта яшчэ і гісторыя пра іх, пра гэтых рабят.

Галоўны канфлікт «Маленькага прынца» паміж светам паважных дарослых, у якім ёсць адказы на ўсе пытанні, і дзіцячым светам: непасрэдным, чыстым, жывым.

Маленькі прынц — гэта той, хто ніколі не пасталее, ніколі не згубіць умення здзіўляцца і радавацца жыццю. І гэта акурат пра нашых рабят, якім па 20, 30 і нават 40 гадоў, але яны застаюцца дзецьмі. Яны крышачку з іншай планеты.

Для мяне і для іх гэта быў не проста спектакль, гэта была частка нашага жыцця. Я іграў пра страчаны рай свайго дзяцінства, усяго лепшага, што ўва мне было. А яны... нічога не ігралі, яны былі самімі сабой. І гэта напаўняла сцэну нечым такім, чаго не сустрэнеш ні у якім прафесійным тэатры.

Гледачы адчувалі незвычайнасць таго, што адбываецца і плацілі нам сапраўднымі слязамі, пачуццямі, абдымкамі. Гэта было сапраўднае шчасце!

Асобна хачу ўспомніць пра задавальненне сябраваць з людзьмі з псіха-фізічнымі асаблівасцямі, як іх часам называюць. Мне больш падабаецца назва «сонечныя дзеці». Мяне прывяла да іх мая любая Людачка.

Спачатку яны мне не спадабаліся. Здаваліся незразумелымі, чужымі. Але паступова я стаў заўважаць, што мяне, як магнітам, цягне да іх. Што побач з імі мне добра. Пазней я зразумеў чаму. Ім, у адрозненні ад нас, не патрэбна насіць маскі.

Мы ўсе ўдзельнічаем у сацыяльнай гонцы. З начальствам мы адны, з падначаленымі іншыя, у транспарце, у сям'і, у ложку... Мы мяняем маскі. А нашы рабяты — як дрэвы, як рака. Яны натуральныя. Яны па-за сацыяльнай канкурэнцыяй. Побач з

імі ў цябе няма патрэбы быць лепей, чым ты ёсць. Ім нічога ад цябе не трэба, а табе ад іх. Гэта так разнявольвае...

Побач з імі ты адчуваеш сябе сабой. У гэтым ёсць нешта боскае. Неверагоднае адчуванне свабоды і шчасця.

«Спазнаў шмат дапамогі, салідарнасці, проста прыемнасці камунікаваць з тымі, ад каго ў цябе «дзынькае» унутры»

Што было самае цяжкае ў вашай эміграцыі?

— Вымушаная эміграцыя гэта, безумоўна, сітуацыя глыбіннага стрэса. Але я не хачу канцэнтравацца на цяжкасцях. Прапаную знаходзіць пазітыўныя моманты. Адным з відавочных такіх з'яўляецца тое, што вакол мяне – і ў Грузіі, дзе я пражыў 2,5 гады, і зараз, ў Польшчы ўжо 1,5 гады – маладыя, па маіх мерках, людзі, якіх я магу назваць аднадумцамі.

Я спазнаў шмат дапамогі, салідарнасці, проста прыемнасці камунікаваць з тымі, ад каго ў цябе «дзынькае» унутры. Да таго ж побач з маладымі маладзеюць і мае нейронныя трубачкі ў галаве.

Мяне запрашаюць з Батлейкай у розныя краіны, дзе сустракаюся з беларусамі. Самае галоўнае, чаго чакае і што атрымлівае публіка, гэта знаёмства з тым, што нас аб'ядноўвае: нашы адзіныя культурніцкія, гістарычныя карані. Батлейка...

Вы былі ў трупе менскага Тэатра імя Горкага 36 гадоў. Можаце параўнаць тэатр, у які прыйшлі ў 1985-м, і той, з якога вас звольнілі ў 2021-м?

— Так, у маёй працоўнай кніжцы практычна толькі дзве даты і ёсць: 01.08.1985 прыняты на працу — 26.05.2021 звольнены за амаральны ўчынак. Ні шкадавання, ні суму. Плынь нясе мяне далей.

У мяне шмат новага, цікавага ў творчым плане. Я стаў пісаць для дзяцей. Пабачылі свет пяць кніжак.

Раблю новыя батлеечныя спектаклі. Займаюся з дзецьмі. Праводжу паэтычныя вечары. З'яўляюся вядоўцам відэапраекта пра беларусаў, што жывуць па ўсяму свету. Навошта мне аглядацца назад?

Але, калі быць шчырым... Калі гляджу добры спектакль, зроблены беларусамі тут, у замежжы — смокча, смокча акцёрскі чорт маё сэрца... Бо сцэна — гэта салодкі наркотык, які ніколі не адпусціць.

Але ж не клічуць пакуль. Магчыма імідж Маляваныча працягвае псаваць маё акцёрскае жыццё.

У маіх жа планах аднавіць музычны мона-спектакль «Маленькі прынц» на музыку Яўгена Глебава, з удзелам беларускіх музыкаў замежжа.

«Беларусаў па ўсім свеце аб'ядноўвае памяць пра Беларусь. Павага да мовы, культуры, дэмакратычных каштоўнасцяў»

— За апошнія некалькі гадоў я павандраваў па розных краінах больш, чым за 60 гадоў папярэдняга жыцця. І самым цікавым вынікам гэтых падарожжаў з'яўляюцца не ўражанні, атрыманыя ад архітэктуры, прыроды, культуры іншых краін.

А сустрэчы з нашымі беларусамі, якія жывуць па ўсяму свету. Гэта інтэлігентныя, пасіянарныя, разумныя людзі. Усе, без выключэння.

Яны розныя. Беларусы Італіі чымсьці няўлоўным адрозьніваюцца ад беларусаў Амэрыкі. Кожны ўвабраў у сябе рысы таго народа, дзе зараз жыве. Але аб'ядноўвае ўсіх памяць пра Беларусь. Павага да мовы, культуры, дэмакратычных каштоўнасцяў.

З гэтай нагоды мае пачуцці дваякія: з аднаго боку, радуешся за суайчыннікаў, якія рэалізавалі сябе ў іншых краях, адчуваеш гонар за іх. А з іншага — крыўдна, што такія таленавітыя людзі сталіся непатрэбнымі на сваёй радзіме.

Што дапамагае вам, калі накрывае сум ці туга?

— Ганю іх добрай музыкай, працай, стасункамі з сябрамі. Да таго ж я навучыўся ў эміграцыі розным фізічным практыкам. У любую вольную гадзіну раблю іх. Ве-ельмі шмат шпацырую.

І, канешне, — ДЗЕЦІ!

Шмат часу я праводжу з імі. Выкладаю акцёрскае мастацтва, гуляю, чытаю казкі. Дзялюся тым, што ўмею, і зараджаюся ад іх чыстай, фантастычнай энергіі.

Хоць, калі шчыра, часам дзеці могуць «дакалупаць»... Тады бяру перадых. Але потым ізноў з радасцю бягу да іх!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)