Политика
Руслан Гарбачоў, фота аўтара і masty.belarda.org

Алесь Зарэмбюк: «Я ўбачыў Пазьняка і падумаў: во фашыст!»

Рэгіянальны каардынатар руху «За свабоду» ў Гарадзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк – адзін з тых, каго можна назваць новай апазіцыяй. Былы бунтар з «Маладога фронту» – за супрацоўніцтва з рэжымам. Real politic дабраўся і да рэгіёнаў: ні табе слёз, ні сантыментаў з нагоды мінулага.

– У 2003 годзе, ва ўзросце ўсяго 20 гадоў вы пайшлі ў дэпутаты Мастоўскага райсавета. Хто вам параіў гэта зрабіць?

– Усё сам. Што буду балатавацца, я вырашыў у 18 год. За год да выбараў пачаў рыхтавацца да кампаніі, звярнуўся ў Гародні ў рэсурсны цэнтр «Ратуша», які тады ўзначальваў Аляксандр Мілінкевіч. На стыпендыю набыў паперу фармату А4 і прыйшоў у кабінет да Аляксандра Уладзіміравіча, з якім яшчэ не быў знаёмы. Ён спытаў: вы збіраецеся балатавацца? Я сказаў, што так, хаця гэта, напэўна, выглядала смешна. Не думаю, што Мілінкевіч верыў у тое, што я стану дэпутатам, але 2 000 улётак мне надрукавалі. У выніку, праз год на мясцовых выбарах я перамог.

Алесь Зарэмбюк

– Калі вы выйгралі, усе афігелі?

– Для горада і раёна гэта, канешне, была сенсацыя. Я не проста выйграў, я атрымаў 74,6% галасоў. Пасля нават балатаваўся на старшыню райсавета...

– …У 20 год?!

– У 20 год (усміхаецца). Па цяперашніх часах гэта выглядае фантастычна. Я быў мэтанакіраваны і вырашыў, што мушу гэта зрабіць. Але за маю кандыдатуру з дэпутацкага корпусу прагаласаваў толькі я.

– А чаму вы на апошніх парламенцкіх выбарах не балатаваліся?

– Я вырашыў не балатавацца яшчэ пасля мінулых мясцовых выбараў, дзе па афіцыйных дадзеных прайграў сваёй канкурэнтцы ўсяго два галасы. Не бачыў у цяперашніх умовах шанцаў не перамогу. Акрамя таго, лічыў, што калі пайду яшчэ на адны выбары і іх прайграю, то ў грамадскай свядомасці, нягледзячы на фальсіфікацыі, застануся чалавекам, які не здольны перамагаць.

Калі б я ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах, можна было б пасля крычаць для Захаду, што выбары сфальсіфікаваны, але мяне ў першую чаргу цікавіць, што пра мяне будуць думаць і казаць тут, у Мастах.

– Па дарозе вы расказалі, што ў Мастоўскім раёне вельмі складаная эканамічная сітуацыя і, як вынік, высокі ўзровень беспрацоўя і адтоку насельніцтва. А карта паляка ў вас ёсць?

– Не, я беларус.

– Ну і што? Карту паляка вы не хочаце ці не можаце атрымаць?

– Не хачу. Але магу, бо ў маёй бабулі месцам нараджэння запісана Польшча. Маю сям’ю, этнічных беларусаў, перасялілі ў Беларусь з Беласточчыны ў пачатку 40-х гадоў XX стагоддзя. Са словаў маёй бабулі, польскія бандыты малявалі крыжы на беларускіх хатах, што азначала: калі вы не выселіцеся, мы вас заб’ем. І забівалі…

Зараз я магу сабраць усе паперы, прыйсці ў кансулат і сказаць, што я паляк. Многія з маіх аднакласнікаў, знаёмых, якія маюць польскія карані, так і робяць, каб ездзіць у Польшчу без візы. Карта паляка ў нашым рэгіёне вельмі папулярная. Але ў прынцыпе да гэтай ідэі польскага ўрада я стаўлюся талерантна. Чаму гэта дрэнна, калі дапамагае маім знаёмым і выбаршчыкам жыць лепш? Канешне, гэта не вельмі добра, калі беларусы ідуць і кажуць: мы палякі. Але жыццё прымушае іх так рабіць. На жаль, беларуская дзяржава не можа даць ім дастатковыя магчымасці зарабляць тут, у сваёй краіне. Шэраг людзей, якія возяць у Польшчу цыгарэты і салярку, маюць, як і мая жонка, вышэйшую адукацыю. Так атрымоўваецца, што вышэйшая адукацыя не гарантуе дабрабыту. Вось мая жонка Таццяна, скончыла Гарадзенскі медыцынскі універсітэт, працуе лекарам-рэфлексатэрапеўтам і атрымлівае заробак у 302 тысячы. Гэта жахліва. І такая сітуацыя спрэс.

– Алесь, вы з дзяцінства былі такім нацыянальна свядомым?

– Не. Калі праходзілі прэзідэнцкія выбары 1994 года, я наслухаўся ад дарослых розных плётак пра Пазьняка. Памятаю, як на сельскай краме сярод плакатаў кандыдатаў у прэзідэнты ўбачыў яго і падумаў: во, фашыст! Але калі ў 1995 годзе на рэферэндуме змянілі дзяржаўныя сімвалы, мяне гэта вельмі моцна кранула. Не таму што я быў свядомы – проста яны мне падабаліся. Я пачаў цікавіцца імі яшчэ больш, пачаў набываць у газетных шапіках «Пагоню», «Имя» . А там заўсёды пісалі пра «Малады фронт» і БНФ.

– У выніку вы заснавалі і ўзначалілі суполку «Маладога фронту» ў Мастах. А пасля сталі адным з тых, хто пасля сыходу Севярынца прасунуў Зміцера Дашкевіча на старшынства ў гэтай арганізацыі.

– Я быў за Дашкевіча, а не Сяржука Бахуна, бо ў Дзіме бачыў лідэра. «Малады фронт» заўсёды быў вулічнай арганізацыяй, а Дашкевіч быў смелы, апантаны, не баяўся весці за сабой людзей на вуліцы.

– Вы так яго падтрымлівалі, што на з’ездзе МФ, па-мойму, учынілі бойку.

– Я не ўчыняў бойкі. Здарылася такая сітуацыя: ахова, што была набрана з каманды Сяржука Бахуна, не пускала ў залю шматлікіх дэлегатаў, якія прыехалі са мною. Яны баяліся, што іх лідэр прайграе Дашкевічу выбары. А я быў малады і вельмі гарачы (зараз я змяніўся). Калі ўбачыў гэтую несправядлівасць, выйшаў на сцэну да мікрафона. Мой выступ не спадабаўся ахове, і яна вырашыла сцягнуць мяне са сцэны. Парвалі мне пінжак. Мне на дапамогу прыйшлі Дашкевіч і Фінькевіч. Але не скажу, што там была бойка – ніхто нікому па твары не даў. Я проста спрабаваў застацца на сцэне.

– Як бы там ні было, але ў прэсе вас ахрысцілі «беларускім Жырыноўскім».

– Ух, было калісьці такое. На мяне спрабавалі павесіць гэты ярлык, каб зменшыць мой аўтарытэт сярод шараговых сябраў МФ, каб мяне лічылі вар’ятам. Але ярлык не прыжыўся.

Алесь Зарэмбюк

– Вы сказалі, што моцна змяніліся. А чаму? З-за ўзросту?

– З-за ўзросту, канешне. Пры падзеях, якія вы ўзгадвалі, мне быў 21 год, а зараз мне 27. Узрост усіх змяняе. Гэта па-першае. А па-другое, я пабачыў, што ўсе нашы дзеянні і вулічныя акцыі не цікавы грамадству. Я з’яўляўся дэпутатам мясцовага Савету, быў знаёмы з гаспадарнікамі, старшынямі калгасаў, якія прадстаўлялі зрэз грамадства. Я зразумеў, што для таго, каб мець падтрымку людзей, не трэба ставіць нерэальных мэтаў. Людзей не цікавяць правы чалавека і нейкія свабоды, людзей цікавяць простыя штодзённыя рэчы – дарога, па якой яны ездзяць на працу, перабоі з гарачай вадой, адсутнасць дзіцячай пляцоўкі ў двары для іх дзетак. На мясцовым узроўні вось гэта было палітыкай.

І я пачаў падымаць у райсавеце праблему капітальнага рамонту двара ў маёй акрузе, праблему газіфікацыі. Хаця як маладафронтавец я, магчыма, павінен быў сказаць, што гэта крывавы рэжым, што гэта не легітымнае кіраўніцтва, якое мы не прызнаем. Ну і не прызнавайце далей. Калі ласка. Але я зразумеў, што гэта смешна. Таму зараз я выступаю за тое, каб старацца знаходзіць з уладай агульную мову. Хаця гэта вельмі складана.

– Ага. А вось вы можаце простымі словамі патлумачыць мне пазіцыю Руху «За свабоду»? Пытаю гэта, бо ходзіць шмат чутак: Мілінкевіч сустракаецца з Макеем, дамаўляецца з уладай і г.д. Ніхто ж не супраць. Але хочацца зразумець (бо пакуль не зусім зразумела) за што вы. 1) Вы лічыце, што Лукашэнку зрушыць з пасады зараз немагчыма, таму гэтай мэты і не ставіце, а спрабуеце рабіць усё што можна ў гэтых канкрэтных умовах. 2) Вы ўсё ж такі лічыце, што Лукашэнку зрушыць можна, таму будзеце змагацца за гэта і за змену цяперашніх умоваў.

– Рух «За свабоду» хоча, каб у краіне былі вольныя медыя, каб быў празрысты дэмакратычны працэс. І калі шляхам перамоваў з уладай атрымаецца зрабіць так, што выбарчае заканадаўства стане лепшым, то мы мусім ісці на гэтыя крокі.

Можна, канешне, працягваць змагацца радыкальна і спадзявацца, што будзе нейкая рэвалюцыя. Калісьці ў МФ я таксама быў рэвалюцыйна настроены. Але я бачу, што беларускае грамадства рэвалюцыі не хоча. Дык чаму мы павінны заклікаць яго да гэтага? Калі мы хочам мець падтрымку ў грамадстве і выступаць на палітычным полі ад яго імя, мы мусім слухаць, што кажуць людзі, і адсочваць іх настроі. Мы не можам перавыхаваць людзей. Ды і не трэба да гэтага імкнуцца: гэта ўтопія.

Алесь Зарэмбюк

– Алесь, калі б у Беларусі была дэмакратыя, вы былі б ва ўладзе?

– Калі б была дэмакратыя, і магчыма было з дапамогай выбараў альбо праз прызначэнне працаваць у органах улады, я пагадзіўся б на такую працу. Мне гэта цікава. Але я не пагадзіўся б, калі б мяне запрасілі чыноўнікам у Мінск ці на абласны ўзровень. Я хацеў бы прайсці ўладную іерархію ад самага пачатку (напрыклад, працы ў райвыканкаме) і да…

– …прэзідэнцкага крэсла.

– Не, не тое, што да прэзідэнцкага крэсла. Я маю на ўвазе тое, што нехта ў 27 год гатовы быць міністрам. А я хацеў бы рухацца па кар’ернай лесвіцы паступова, зразумець, як працуе механізм улады.

– За апошнія гады вы вельмі змяніліся. Як будзеце мяняцца далей?

– Я буду мяняцца так, як будуць мяняцца людзі, як будзе мяняцца грамадства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)