Беседка

Алесь Пушкін: «Сымбаль Беларусi – жанчына з прыгожым станам i расхiнутымi ў любовi…»

Сёньня на сайце Радыё Свабода адбылася анлайн-канфэрэнцыя са знакамітым мастаком Алесем Пушкіным. Прапануем увазе чытачоў найбольш цікавыя пытаньні і адказы.

-- Цi можа мастак адчуваць сябе абсалютна свабодным у сваёй творчасьцi ў сучаснай Беларусi? Як Вы вырашаеце гэтае пытанне для сябе?

-- Немажліва. Але працэнтаў на 80 я адчуваю сябе свабодным у творчасьці і ў жыцьці. А 20% залежнасьці - гэта залежнасьць ад блізкіх, ад сям'і, ня трэба быць эгаістам.

-- Алесь, якiя зараз настроi на сяле? Людзi жадаюць яднацца з Расеяй?

-- Не жадаюць. У рэчаіснасьці Расею ня любяць у тым пляне, што гэта краіна, дзе да людзей адносяцца па-хамску, і гэта спазнаў амаль кожны, хто зьездьдзіў туды на заробкі. Я наведаў Ніжні Ноўгарад, Казань, Мурам, іншыя гарады Расеі, вярнуўся ў Бобр. Магу ў сваім выпадку яшчэ раз пацьвердзіць, што мы з Расеяй ня будзем жыць. Простыя людзі вяртаюцца адтуль, уздыхнуўшы з палёгкай. Езьдзяць у Расею яны вымушана. Калі б была адчыненая мяжа з Захадам, то ў Расею ніхто б ня езьдзіў на заробкі.

-- Якi колер павiнен быць у нашай рэвалюцыi: "джынс" цi белы?

-- І ня джынс, і ня белы, а бел-чырвона-белы. Я згодзен зь Зянонам Пазьняком у тым пляне, што ня трэба выдумляць іншых сымбаляў, нашы сымбалі -бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня. Але я супраць рэвалюцыі.

-- Дзень добры,сп.Алесь! Віншую Вас з надыходзячым святам Беларускай Вайскавой Славы! Вы былі адным»з галоўных ініцыатараў з'езду нацыаналістаў які адбыўся ў Віцебску і як вядома Вы больш за ўсіх пацярпелі. Як Вы лічыце, ці актуальна на сёньняшні дзень, арганізацыя наступнага з'езду? Ці магчыма аб'яднаць апазыцыйных палітыкаў на грунце Нацыянальнай Ідэі,калі не то чаму?

-- У 1994 годзе Славамір Адамовіч правёў першы зьезд нацыяналістаў Беларусі, тады нас арыштавалі -- мы ішлі да помніка Караткевічу з кветкамі й паходнямі, быў такі выпадак. Ня трэба аб'ядноўвацца, ствараць рухі на нацыянальнай глебе, нейкія кааліцыі палітычныя. Хутчэй за ўсё, ціхая нясьпешная праца на сваёй дзялянцы - гэта і ёсьць наша вельмі абгрунтаваная і сур'ёзная воля, каб Беларусь жыла. Пасьля 1 зьезду нацыяналістаў прайшло амаль ужо 10 год, я бачу, што іх усё большае і большае, нягледзячы на гістарычныя варункі і дзяржаўную палітыку. Таму я аптыміст. Цяпер настолькі пайшло нацыянальнае жыцьцё ўшыркі і ўглыбкі, што мы можам цалкам аўтаномна на сваім полі дзейнасьці рабіць нацыянальную справу, і не за гарамі вынік - я ў гэтым упэўнены. Марна зьбіраць непадобных адзін да аднаго людзей. Гэта крывадушна, калі людзі клянуцца, зьбіраюцца на кангрэсы, а потым ідуць сваім шляхам.

У той жа час фармаваць маладыя душы паходамі, зборамі, сэмінарамі - гэта неабходна, гэта павінна быць, гэта павінны рабіць партыі, ТБМ, грамадзкія аб'яднаньні, скаўты, гэтую працу сыстэматычна трэба некаму рабіць прафэсійна. Бо дзяржава гэтага ня робіць.

-- Я ведаю, польскі рэжысэр Фідэк здымаў пра Вас фільм. Калі ласка, скажыце колькі слоў пра гэта: што найперш цікавіла рэжысэра, як ішла праца над карцінай, ці былі якія складанасьці.Дзякуй. Вольга

-- У траўні 2005 г. рэжысэр-дакумэнталіст Польскай тэлевізіі Анджэй Фідэк прыехаў у Беларусь здымаць фільм пад рабочай назвай "Аляксандар Пушкін". Гэта фільм пра маленькага чалавечка ў маленькай таталітарнай кране, які ў сваім мястэчку жыве свабодна і разам са сваёй сям'ёй супрацьстаіць гэтаму рэжыму. Што з гэтага атрымаецца -- паглядзім на наступны год, бо ён мантажаваў яго цэлы год. Я чакаю сканчэньня мантажу, гэта будзе цікавая прэм'ера на ТБ "Палёнія 1", а потым мы будзем яго паказваць у Беларусі -- прыватным чынам, прывязу дыск -- і ў іншых краінах. Замова была ў Нарвэгіі, са студыі "Піраньня-фільм", дзе яму замовілі карціны пра Беларусь, Бірму і Паўночную Карэю.

-- Калісьці вядомы полські рэжысэр Кшыштаф Занусі сказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што ёсьць моманты ў гісторыі краіны, якія можна параўнаць да пажару – калі гарыць дом, дык яго тушаць нятолькі пажарныя, але ўсе, хто побач, незалежна ад сваёй спэцыяльнасьці ці сацыяльнага статусу - мастакі, кандуктары, прадавачкі і г.д. Гэта быў ягоны адказ на пытаньне, ці павінен творца ўмешвацца ў палітычнае, грамадзкае жыцьцё, ці "тварыць" сабе ціха. Ці згодныя вы з такой пазыцыяй?

-- Цалкам згодзен з Занусі. Дадам, што ў свой час у 89 годзе старшыня Саюзу мастакоў Латвіі Джэма Скулмэ сказала: калі нашая краіна зараз у небясьпецы, мы павінны адкласьці нашыя палітры і пэндзлі і стаць яе грамадзянамі.

-- Pavazhany Ales, Ya pamiatayu vash perrshiy skandalniy performance prisvechaniy "kamunistam" i "zhidam". U getym kantekste Vashi " antyzhidousliya" pogliady supadayuts s takimy "zorkamy" idealogii Lukashenki yak Skobelev, Zimouski etc. Adnachasova vy viadomy "mastatskiy" apazitsianer Lukashenki i yago attchenia. Yak Vy geta patlumachite?

-- Цяпер я мару аб Беларусі і з жыдамі, і з камуністамі, і самае сьмешнае, што цяпер, калі пераважна зьехалі і габрэі, і камуністы, у нас у Беларусі няма беларускага. Яно, канечне, маё выступленьне 1988 году на сойме беларускіх суполак у Вільні, і мае пазьнейшыя пэрформансы маюць пад сабой адзін корань: і там і там ёсьць незадаволенасьць, пратэстны вэктар, вельмі моцнае незадавальненьне, якое вылілася ў гэтых словах і пэрформансах. На жаль, жыцьцё ня стала ідэальнейшым ні ад маіх пратэстаў, ні ад гэтых зьездаў, гістарычных падзей. Таму я адчуваю пэўную разгубленасьць.

Тады, у 1988 годзе, выходзіла шмат кніг, дзе было паказана, колькі працэнтаў габрэяў рабілі рэвалюцыю, і казалі, што ва ўсім вінаваты жыды, а я дадаў - і камуністы. Аказалася, ні жыды, ні камуністы не вінаватыя ў нашых бедах, хутчэй за ўсё - мы самі. Адсюль разгубленасьць, ад гэтага спазнаньня.

-- Вы самі займаецеся продажам сваіх карцін ці ў вас ёсць менэджэр? Колькі каштуюць вашы карціны? Як і дзе іх купіць?

-- Прыяжджайце ў Бобр, і ўбачыце ўсё, што я там маю. Можаце купіць: ад 400 да 1000 умоўных адзінак. Мэнэджэра ў мяне няма.

-- Дарагі Алесь, адкажы калі ласка якая з нашых партый табе найбольш даспадобы і чаму. Хто Ваш любімы беларускі палітык?

-- Зь існых у Беларусі партый мне даспадобы дзьве: Партыя аматараў піва, якую стварыў Андрэй Рамашэўскі, і другая партыя - партыя зялёных, якія змагаюцца за чысьціню нашай Беларусі. Чаго не магу сказаць пра астатнія палітычныя партыі. Любімы палітык, які значны ўплыў на мяне аказвае дагэтуль, чые адозвы я чытаю і сачу за ацэнкай сытуацыі - Зянон Станіслававіч Пазьняк.

-- Адкуль у вас такое прозьвішча? Якія тыповыя рэакцыі ці жарты вы чуеце, калі прадстаўляецеся? Не хацелі б іншае?

-- Я заўсёды падкрэсьліваю пры вітаньні: злобны беларускі нацыяналіст з парадаксальным прозьвішчам Пушкін. Прозьвішча спрадвечна бобрскае.

-- Алесь, як да вас ставяцца ў Бабры мясцовыя людзі?

-- Дзеці і моладзь вітаюцца і галосяць: "Жыве Беларусь!", а бабулі і дзядулі пахмурна не вітаюцца і апускаюць вочы; калі я ім кажу: "Добры дзень" -- не адказваюць.

-- Вам пэўна дзеўкі праходу не даюць... дапамагае гэта ў творчасці ці перашкаджае?

-- Гэта творчасьці вельмі дапамагае, таму што мастак павінен быць заўсёды ў цудоўным настроі душы, а каханьне - гэта і ёсьць настрой душы. Канечне, яно цяпер не такое, як да таго, калі я быў жанаты, але... Але я вельмі захапляюся новымі пачуцьцямі...

-- Што для вас выяўленчы сымбаль Беларусі?

-- Жанчына-беларусачка зь ейнымі вачыма, поўнымі сьлёз, прыгожым станам, расхінутымі ў любові... рукамі.

Даведка

Алесь Пушкін нарадзіўся ў мястэчку Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці 6 жніўня 1965 году. Скончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат музыкі і выяўленчага мастацтва імя Ахрэмчыка ў Менску і аддзяленьне манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва беларускага тэатральна-мастацкага Інстытуту. Пасьля першага курсу быў прызваны на службу ў Аўганістан, дзе служыў у гелікоптэрным палку.

Працаваў у Віцебску, дзе меў сваю першую прыватную галерэю прыватнага мастацтва і ў Магілеве на рэстаўрацыі Магілеўскага архікатэдральнага касьцёла. Пасьля 1994 году зьехаў у мястэчка Бобр, дзе пачаў працаваць над росьпісам царквы. Расьпісаўшы царкву, там жа і павянчаўся, мае сына Міколку.

Піша і рэстаўруе абразы, піша карціны на замову, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу.

Двойчы асуджаны: у 1989г. за арганізацыю сьвяткаваньня 25 сакавіка 71-й гадавіны БНР і ў 1999г. за пэрформанс "Падарунак прэзыдэнту".

Працы знаходзяцца ў касьцёлах і цэрквах Беларусі, у прыватных зборах Беларусі, Расеі, Латвіі, Нямеччыны, Польшчы, Фінляндыі, ЗША, у Музэі сучаснага мастацтва РБ, у Полацкай карціннай галерэі, у музэі Ўладзімера Караткевіча ў Воршы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)