Будущее

Марк Дзюба

Алесь Міхалевіч: «Было б карысна, каб Лукашэнка пражыў на пару дзён даўжэй, чым Пуцін»

Працягваем спецпраект Будучыня. Кіраўнік адвакацкага бюро, зарэгістраванага ў Празе, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч распавёў «Салідарнасці», якім бачыць развязку вайны ва Украіне і будучую палітыку Захаду ў дачыненні да Беларусі. 

Алесь Міхалевіч

– Чым, на ваш погляд, можа скончыцца вайна ва Украіне?

– Гэта вайна за права існавання Украіны як незалежнай дзяржавы, якая можа праводзіць сваю знешнюю палітыку, супрацоўнічаць з Захадам і ЕС.

Можна прагназаваць, што пры любым заканчэнні вайны Украіна застанецца незалежнай дзяржавай, і таму можна казаць, што яна перамагла.

Я бачу аналогію ў савецка-фінскай вайне, калі Фінляндыя страціла частку сваёй тэрыторыі, але пры гэтым засталася незалежнай і капіталістычнай дзяржавай, няхай і з нейтральнай знешняй палітыкай.

читайте также

Думаю, спыненне агню па лініі фронту можа здарыцца даволі хутка – магчыма, гэта перспектыва аднаго года. Думаю, ёсць вялікая верагоднасць, што па выніках вайны заходнія краіны, напрыклад, дадуць Украіне гарантыі бяспекі – тая тэрыторыя, якую сёння Кіеў рэальна кантралюе, акажацца пад парасонам НАТА. Ці праз фармальнае ўступленне Украіны ў Альянс ці праз падобны да яго фармат.

А поўнае вызваленне акупаванай Расіяй тэрыторыі (міжнародна прызнанай тэрыторыі Украіны), думаю, адбудзецца ўжо пасля смерці Пуціна ці пасля таго, як ён акажацца ў стане гародніны. Тады ў Расіі пачнецца дэзінтэграцыя, краіну будзе чакаць сур’ёзнае аслабленне.

– У якой сітуацыі можа апынуцца рэжым Лукашэнкі пасля сканчэння актыўнай фазы вайны ва Украіне? Ці атрымаецца ў яго, напрыклад, пазбавіцца ад рэпутацыі суагрэсара?

– Думаю, не. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што пасля падзеяў 2020 года ў Лукашэнкі вельмі слабыя магчымасці для балансавання паміж Расіяй і Еўропай, Расіяй і Кітаем. Ён будзе праводзіць прарасійскую палітыку і да смерці Пуціна застанецца марыянеткай Крамля.

Перспектывы змены рэпутацыі для Беларусі адкрыюцца пасля сыходу Лукашэнкі з улады. З боку Захаду ёсць канстатацыя факта, што беларуская дзяржава з’яўляецца суагрэсарам, але разам з тым там разумеюць, што Лукашэнка – гэта не беларускі народ.

– Магчымасць змены рэжыма ў Беларусі вы бачыце толькі ў выпадку аслабленне Расіі? Ці могуць спрацаваць і іншыя фактары?

– На сёння Масква настолькі моцна кантралюе Беларусь, перш за усё ў сілавым значэнні, што я не ўяўляю, што яшчэ можа дапамагчы. Прынамсі, пакуль беларускае пытанне не пяройдзе ў Расіі ў катэгорыю пытанняў не ўнутранай, а знешняй палітыкі, пакуль яна не адпусціць нашу краіну.

І скажу неадзначначную рэч: на мой погляд, было б карысна, каб Лукашэнка пражыў на пару дзён даўжэй, чым Пуцін, пасля сыходу якога адбудзецца аслабленне Расіі.

Пры адваротным сцэнары Крэмль можа наўпрост паставіць кіраваць Беларуссю свайго чалавека – нават без ўзгаднення з беларускай наменклатурай. Гэта можа мець яшчэ горшыя наступствы для краіны.

– Ці згодны вы з меркаваннем, што заходнім краінам па вялікім рахунку няма справы да лёсу Беларусі?

– Я лічу, што Захаду ёсць справа да Беларусі, проста на сёння ён не мае рычагоў і магчымасцяў паўплываць на сітуацыю ўнутры краіны, падтрымаць змены ў ёй. Мы бачым, якога ўзроўню сустрэчы працягваюць адбывацца ў Святлана Ціханоўскай – гэта сур’ёзны сігнал, што пасля падеяў 2020 года беларусы прызнаюцца заходнімі краінамі як незалежная нацыя, як краіна, чыё месца ў Еўропе.

Гэтае месца для Беларусі зарэзервавана і яна атрымае яго, як толькі будзе праяўлена рэальная воля беларускага народа і беларускіх палітычных эліт і з’явіцца магчымасць практычна гэтую сумесную волю рэалізаваць.

Думаю, існуе праблема з пераацэнкай магчымасцяў Захаду і Еўропы. Трэба разумець, што яны дзейнічаюць у адпаведнасці з доўгатэрміновымі праграмамі развіцця і выбудоўвання адносін.

Лічу такім жа памылковым сцвярджэнне, што Захад апынуўся непераканаўчым у сваёй падтрымцы Украіны. Калі першыя дні вайны Украіна змагла выстаяць, безумоўна, выключна сіламі сваіх Узброеных сіл і ўкраінскага грамадства, то ў наступныя гады Украіна прынамсі не прайграе, дзякуючы падтрымцы Захаду.

Як я ўжо шмат разоў раней казаў у дачыненні да беларускага пытання, што заходнія краіны плануюць сваю палітыку на дзесяцігоддзі наперад. Да прыкладу, пачаўся рух у бок вельмі сур'ёзнага нарошчвання ўзбраенняў, хаця доўгі час закладалася, што вайна ў Югаславіі была апошняй у Еўропе і больш узброеныя канфлікты немагчымы.

У апошні гады ў Еўразвязе адбылося перефарматаванне ўспрымання ўсходняй пагрозы і ўсходняй палітыкі. Але гэта дасць вынікі толькі праз пэўны перыяд, праз гады.

Вяртаючыся да тэмы Украіны, трэба адзначыць: тое, што заходнія краіны былі ў сілах зрабіць (забяспечыць Украіну фінансава і аддаць ёй сваю зброю, а таксама падтрымаць мільёны ўцекачоў), яны зрабілі.

Нагадаю, што напярэдадні вайны многія аналітыкі сыходзіліся ў тым, што Украіна зможа пратрымацца супраць Расіі толькі некалькі дзён. А яна трымаецца ўжо гадамі і застанецца незалежнай краінай, якая, верагодна, уступіць у Еўразвяз, а таксама НАТА. Пры тым што для Расіі галоўным пытаннем быў не захоп тэрыторыі, а ліквідацыя самастойнага і незалежнага ўкраінскага дзяржаўнага праекту.

Таму, паўтаруся, сцвярджэнні, што заходнія краіны ўвогуле не цікавяцца лёсам Беларусі і іх падтрымка Украіны непераканаўчая, – не адпавядаюць рэчаіснасці. Кажу гэта як чалавек, які добра ведае Захад, які яшчэ са студэнцтва (дзякуючы стыпендыям і стажыроўкам) аб’ездзіў усю Еўропу і з таго часу меў зносіны з мноствам самых розных еўрапейскіх палітыкаў.

– Як вы думаеце, ці ёсць у Лукашэнкі план на будучыню? І якім ён можа быць?

– Думаю, на сёння ў яго няма ніякіх планаў на будучыню Беларусі. Адзіны план, які ў яго ёсць: як утрымаць сваю ўладу. І то ён носіць характар гайдараўскай фразы «ночь простоять и день продержаться».

Хаця трэба прызнаць, што жыццё Лукашэнкі сведчыць аб тым, што ў цэлым у накірунку захавання ўлады ён паспяховы. Але для Беларусі як краіны гэта нічога не прынесла акрамя відавочных мінусаў.

Паколькі Беларусь сёння знаходзіцца пад моцным уплывам Расіі, то ў нейкім сэнсе мы можам правесці аналогію з станам ГДР, якая спрабавала дэманстраваць сваю самастойнасць, але насамрэч знаходзілася пад кантролем Савецкага Саюза. 

Адна з галоўных задач Лукашэнкі на сёння – спрабаваць захаваць нейкую самастойнасць ад Крамля, але рабіць гэта так, каб там не захацелі змяніць яго на іншага чалавека на чале Беларусі.

Якімі вы бачыце негатыўны і пазітыўны сцэнар будучыні для Беларусі?

– Развіццё падзеяў ва Украіне нясе Беларусі вялікія перспектывы. У заходніх дыскусіях мы часта чуем пра «беларускі балкон». Пакуль Беларусь будзе дэ-факта часткай «рускага свету», будзе існаваць пагроза для незалежнай Украіны. Нагадаю, што ад Беларусі да Кіева ўсяго 150 кіламетраў. З Берасця і беларускага Палесся можна наступаць на Львоў і Роўна. Таму для Захаду існаванне незалежнай Беларусі – найважнейшае пытанне.

Сёння Пуцін спрабуе цэментаваць Расію у ролі своеасаблівай судовай улады.

У РФ Пуцін з’яўляецца тым чалавекам, які можа рассудзіць і вырашыць канфлікты, ён самы галоўны аўтарытэт на сходцы крымінальных аўтарытэтаў.

Пасля ягонага сыходу у Расіі з вялікай верагоднасцю наступіць вайна ўсіх супраць усіх: пачнуцца канфлікты паміж рэгіянальнымі элітамі, бізнес-групамі, прыватнымі вайсковымі кампаніямі. І гэта будзе для Беларусі шанцам на змены ўнутры краіны, на атрыманне рэальнай незалежнасці, на вяртанне краіны ў Еўропу.

Усе плюсы і мінусы для беларусаў у тым, як хутка гэта адбудзецца. Але я не сумняюся, што гэта адбудзецца.

На мой погляд, негатыўны сцэнар – 10-15 гадоў стагнацыі, якая ёсць сёння, ці нават яшчэ большае падпарадкаванне Расіі. Пазітыўны сцэнар – змены на працягу некалькіх гадоў, якія прывядуць да дэмакратызацыі і сыходу з-пад кантролю Расіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(28)