Общество
Анастасія Зелянкова

Алесь Масарэнка: “З-за пяці дробязных заўваг Генадзь ледзь не памёр”

Многія з хваляваннем сочаць за тым, як адчувае сябе народны паэт Генадзь Бураўкін, які апынуўся ў рэанімацыі пасля гутаркі з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі, якія намерваліся ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменнікаў. А вось у тым, што Генадзь Мікалаевіч дагэтуль жывы – заслуга ягонага сябра літаратара Алеся Масарэнкі. Гэта ён аказаўся побач, калі сэрца Генадзя Мікалаевіча раптам перастала біцца.

Пазней урачы адзначылі, што калі б Алесь Масарэнка своечасова, яшчэ да прыезду “хуткай дапамогі” не зрабіў Генадзю Мікалаевічу масаж грудной клеткі, Бураўкіна сёння магло б з намі і не быць.

-- Генадзь для мяне святы чалавек. Мы з ім вельмі даўно знаёмыя. Я яшчэ ў арміі быў, вершы пісаў і дасылаў іх у “Чырвоную змену”. А Бураўкін там працаваў літкансультантам. Ён мне лісты ў адказ дасылаў. Як зараз памятаю ўсё раіў: “Не пішы пад Маякоўскага”, — распавёў карэспандэнту “Салідарнасці” Алесь Масарэнка.

-- А што адбылося ў Мінюсце, калі Бураўкіну стала дрэнна?

-- Мы прыйшлі, каб абмеркаваць прэтэнзіі, з-за якіх наш саюз збіраюцца ліквідаваць. Сядзім, і раптам чую плячом, што ў Генадзя сутарга пайшла. Ён пасінеў увесь і тварам на стол абрынуўся. Я адразу зразумеў, што гэта не проста інфаркт. Схапіў яго, паклаў на стол, кашулю расшпіліў і пачаў масаж сэрца рабіць. Увесь час яшчэ прыгаворваў: “Генадзь, дыхай!” Праз тры хвіліны ён нарэшце ўздыхнуў. Добра яшчэ, што таблеткі нітрагліцырыну пры мне былі.

-- Але як вы не разгубіліся ў такой сітуацыі?

-- Канешне, мог бы, як іншыя, “грыбы развесіць” і глядзець, як чалавек памірае Мяне ж нібыта нехта зверху падштурхнуў. Калі Генадзю стала лепш, мы з ім выйшлі з кабінета -- унутры было вельмі душна, бо была фортка зачынена. Я яшчэ калі масаж грудной клеткі рабіў, вельмі гэтаму ўзрадаваўся. Бо ёсць такое народнае павер’е, што душа можа праз расчыненае акно вылецець. Гляджу на акно і думаю: не, Генадзь, яшчэ пажывеш!

— А ці праўда, што ў той дзень Вы выпадкова аказаліся ў Мінюсце?

— Так. У мяне на гэты дзень быў назначаны масаж. Дамаўляліся па блату, з вялікімі цяжкасцямі. А тут раптам тэлефануюць і кажуць, што ў Мінюсце хочуць бачыць менавіта мяне і Бураўкіна. Не, думаю, гэта важней. Таму ўсё адмяніў ды адправіўся ў Мінюст. Яшчэ не ведаў тады, што ў гэты дзень не мне, а я сам буду рабіць масаж.

-- А адкуль такое валоданне медыцынскімі навыкамі?

-- Яшчэ ў 1974 годзе я ездзіў з брыгадай геадэзістаў у Баргузінскую тайгу. Там і прайшоў курсы медбрата. Жыў у лагеры з усімі разам чатыры месяцы. Ніхто нават не ведаў, што я пісьменнік і прыехаў для таго, каб збіраць матэрыял. Пасля гэтай паездкі з’явіўся мой раман “Баргузінскае лета”.

-- Можа, і раней каго-небудзь выратоўваць даводзілася?

-- Бывала. Там, у тайзе, некалькі чалавек фактычна з таго свету выцягнуў.

— Атрымліваецца: тое, што Міністэрства юстыцыі забрала свой пазоў, выключна ваша з Бураўкіным заслуга?

— Можна сказаць і так. Яшчэ падчас мінулага судовага пасяджэння мы з Генадзем завязалі гаворку з прадстаўніком Мінюста Харытонам. Пачалі проста так з ім за жыццё размаўляць. Карацей, па душах пагаварылі. І ведаеце што, ён сам потым пайшоў да міністра юстыцыі, каб дамовіцца наконт Саюза. Таму між іншым і на размову ў міністэрства запрасілі менавіта мяне з Бураўкіным. Харытон сказаў, што будзе размаўляць толькі з “тымі двума — што з барадой, ды тым, што сядзеў з ім побач” — ён не ведаў нават нашы прозвішчы.

— З-за чаго ж усё ж такі Генадзю Мікалаевічу стала так дрэнна?

— Ён проста расхваляваўся, што за гэткае глупства хочуць ліквідаваць саюз. Ён вельмі моцна ўсё перажывае. А ў цэлым размова была досыць спакойная. Ведаеце, калі потым Генадзя ўжо забрала “хуткая”, я вярнуўся ў кабінет. Там мне ўручылі паперку з пяццю патрабаваннямі, якія мы павінны выканаць, каб Мінюст адазваў свой пазоў. Паглядзеў я на гэтую паперку і так мне стала крыўдна, што з-за такой драбязы Генадзь ледзь не памёр.

Даведка: Алесь Масарэнка — аўтар аповесці «На бабровых тонях» (1971), зборнікаў аповесцяў і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)