Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Алесь Макаеў трымаў галадоўку 15 сутак

Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшаў сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Яго арыштавалі 12 студзеня нібыта за тое, што ён нецэнзурна лаяўся. Цягам 15 сутак арышту Алесь Макаеў трымаў галадоўку пратэсту.

Аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева выпусьцілі датэрмінова, а 8-й гадзіне раніцы. Хаця па пратаколу мусілі выпусьціць у 11.30. Спадар Макаеў усе 15 сутак арышту адмаўляўся ад ежы.

“І мае патрабаваньні гэтай галадоўкі былі — адмена пункту 1.1. прэзыдэнцкага ўказу №760. Другое — спыніць міліцэйскае і судовае самавольства і беззаконьне. Трэцяе — палепшыць бытавыя ўмовы на Акрэсьціна”.

Як праходзіла галадоўка у турме на Акрэсьціна?

“Лекар выклікала, а ў мяне галадоўка, пякотка там, баліць галава, ну, у мяне былі лекі асінкаптону, дазвол на гэта далі. Ну, а што лекарка піша: скаргаў няма, здаровы. Парады там, газы выпускаць зь мінэралкі...Дарэчы, Таўстыка і Парсюкевіч, здаецца, знаходзяцца ў 17-й камэры і таксама абвясьцілі галадоўку. Некалькі чалавек трымаюць галадоўку. Я дакладна ня ведаю. Яны прыкрываюць гэтыя сьпісы, калі даюць за ежу расьпісвацца. Тады гэта пішацца:”Адмова”.

Разам з Алесем Макаевым знаходзіліся іншыя арыштаваныя за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў — Карэн Акопаў, Зьміцер Хведарук і Віталь Стажараў. Яны правялі дзень салідарнасьці, калі ўсе сукамэрнікі адмовіліся ад ежы. Спадар Макаеў сказаў, што хлопцы трымаюцца бадзёра.

“Нават нехта маё прозьвішча выкрыкваў. І “Жыве Беларусь!”. Мы сьпявалі “Магутны Божа” раніцай ў камэры. Гэта не дазвалялі. Усё роўна сьпявалі. А ў камэры, дзе сядзеў Анатоль Шумчанка, там увогуле харавая капэла. Там Шыла цудоўна сьпяваў, яны там розныя беларускія песьні сьпявалі”.

Алесь Макаеў сказаў, што ўмовы ўтрыманьня ў турме на Акрэсьціна вельмі кепскія.

“Я ж галадоўку трымаў. Хоць і дазволілі мне перадаць дадаткова паліто, усё роўна было холадна. Ня робяць ложкаў, няма дзённага сьвятла, радыё. Умовы ўтрыманьня там значна горш, чым на Валадарскага. А так зарадку рабіў, дапамагала моцна”.

Алеся Макаева затрымалі 12 студзеня пасьля таго, як яго выклікаў да сябе намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка. Пасьля кароткай размовы яго павезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менска, а потым у суд. Яго зьвінаваіцілі, што ён нібыта на вуліцы Мясьнікова, 38 абражаў менакоў і не зьвяртаў увагі на заўвагі міліцыянтаў. Спадар Макаеў сказаў, што накіруе пратэст у пракуратуру адносна сваіх апошніх арыштаў на 7 і 15 сутак.

Дома Алесь Макаеў пачаў выходзіць з галадоўкі. Ён кажа, што прадпрымальнікі мусяць рыхтавацца да новых акцый:

“Я думаю, што турмамі яны ня спыняць нашу барацьбу”.

Заўтра з турмы на Акрэсьціна выходзіць актывіст прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргей Парсюкевіч. Ён быў асуджаны на 15 сутак за ўдзел у акцыі 10 студзеня.

У турме застаюцца больш за два з паловай дзясяткі вязьняў, арыштаваных прэвэнтыўна і за ўдзел у акцыі 21 студзеня. Студэнтка Тацяна Цішкевіч адбывае 20 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)