Алесь Ліпай. «Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы, які завуць у свеце Беларуссю»

23 жніўня пайшоў з жыцця заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай. Прапануем вашай увазе нізку ягоных вершаў.

«Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы,

які завуць у свеце Беларуссю.

Мой Бог, дапамажы!

Дапамажы, —

бо я не паміраю, а баюся.

 

Мне страшны не нябыт, не тагасьвет —

мне боязна за ўсіх на гэтым свеце:

што Юда схоча больш яшчэ манет

і Пётр не спыніцца на адрачэнні трэцім.

 

Мне страшна, што разбэшчаны натоўп

прысудзіць смерць Марыі Магдаліне,

што распачнуць зноў вавілонскі стоўп

і мова беларуская загіне.

 

Што, атрымаўшы мой хітон, жаўнер

даваць сасмяглым толькі воцат будзе…

Я не прашу, каб ратаваў мяне, —

малю, Гасподзь, зусім аб іншым цудзе:

 

хай мне гарэць у пекле на агні,

абы мой крыж у полымі не згінуў.

Элі!

Элі!

Лама савахфані!

Забі мой страх!

І выратуй краіну!»

***

«У сьвеце, дзе гэтулькі зла і гвалту

ўспрымаюцца, як шахцёрам руда, –

міжволі моліш аб справядлівасьці

кшталту Страшнага суда.

Ды Бог не дае забыцца, каго я

пакліканы быў бараніць, –

і ўгаворвае ахвяраваць сабою.

Каб суд супыніць».

***

«Было – не хацелася.

Было – не пісалася.

Было нават, што не было куды йсьці…

Ты лепшае – што са мною здаралася.

Ты – самае сьветлае ў гэтым жыцьці.

І як бы далей яно дрэнна ні склалася,

хай нават мне Божа адключыць сьвятло, –

такое бяды, што было – не пісалася,

затое са мною такое было! –

Каханьне.

Сапраўднае.

Самае лепшае!

Высокае, як маладзік па вясьне!

Ня хопіць метафар, каб вымавіць вершамі.

А хопіць метафар – ня хопіць мяне…»

З кнігі паэзіі «Абдымкі».

Развітанне з Алесем Ліпаем пройдзе ў суботу ў мінскім храме святога Архангела Міхаіла

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)