Алесь Бяляцкі сустрэўся з жонкай і сястрой

21 жніўня адбылося спатканне зняволенага старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага з жонкай Наталляй Пінчук і сястрой Вольгай.

Гэта першая двухгадзінная сустрэча праваабаронцы са сваякамі ад снежня 2012 года.

Па словах Наталлі Пінчук, “Алесь паведаміў, што адчувае сябе добра, настрой ў яго бадзёры". Аднак, - удакладніла Пінчук, - знаходжанне ў папраўчай калоніі ў Бабруйску цягам 2 гадоў нармальным станам назваць, безумоўна нельга.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі па–ранейшаму працуе на швейнай вытворчаці, шмат чытае, з газет ведае пра асноўныя падзеі на волі. Пад час сустрэчы ён цікавіўся жыццём сваіх блізкіх і знаёмых, іншымі навінамі.

Нагадаем, што 7 жніўня, таксама пасьля доўгага перапынку, зняволенаму кіраўніку “Вясны” перадалі харчовую перадачу.

З сакавіка па чэрвень 2012 года Алесь Бяляцкі атрымаў тры вымовы, адна з якіх прывяла да страты права наведвання. Пасля трох вымоваў, у чэрвені 2012 года праваабаронца быў названы “злосным парушальнікам”, што прывяло да пазбаўлення яго права на амністыю 2012 года за эканамічныя злачынствы. У жніўні 2012 года ён атрымаў яшчэ дзве вымовы за нязначныя парушэнні рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)