Общество

Алесь Бяляцкі не пакідае сваей справы нават за кратамі

Зняволены старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступае з ініцыятывай аб перакладзе Крымінальнага Кодэксу на беларускую мову.

Пра гэта ён піша ў лісце да Уладзіміра Лабковіча:

– Я звярнуўся ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, у Вярхоўны Суд, і ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў з заявамі аб тым, што парушаюцца мае правы ў працэсе падрыхтоўкі да судовага працэсу і падчас будучага суду, паколькі ў Беларусі не існуе ні Крымінальнага, ні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу на беларускай мове, – абураецца праваабаронца.

Алесь Бяляцкі просіць як мага хутчэй разгледзець гэтае пытанне, а ў якасці аргументаў спасылаецца на адпаведныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі, Закон аб мове і прынцып двухмоўя ў Беларусі, – паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

– Фактычна, парушаецца маё права на абарону, паколькі пад час працэсу трэба ў галаве займацца самапальным перакладам юрыдычных тэрмінаў, – заўважае ў лісце праваабаронца.

Дарэчы, паводле інфармацыі Еўрарадыё, акрамя Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, на беларускай мове не існуе і Правілаў Дарожнага Руху, перакладам якога зараз займаецца «Таварыства беларускай мовы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)