Алесь Аляхновіч: Хутка беларускія тавары з расійскага рынка выцясняць кітайскія
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч – пра стан эканомікі Беларусі і магчымасці для інвестыцый.
У мінулым Алесь Аляхновіч працаваў старшым кансультантам кансалтынгавай кампаніі Ernst & Young і зарабляў каля трох тысяч еўра, але пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі вырашыў перайсці ў грамадскую дзейнасць і далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай.
У інтэрв’ю Жыццё-маліне ён патлумачыў, чаму ў 2023 годзе эканоміка нашай краіны не працягнула падзенне: няхай Беларусь страціла заходні і еўрапейскі рынак, але нарасціла пастаўкі тавараў на расійскі. Разам з тым Аляхновіч лічыць, што гэта не будзе працягвацца доўга: хутка з расійскага рынка беларускія тавары выцясняць кітайскія.
Эканаміст канстатаваў, што з 2012 года эканоміка Беларусі, па сутнасці, не расце. Нядзіва, што сярэдні заробак у Польшы, Літве і Латвіі сёння ў 3-3,5 разы вышэйшы за беларускі. Пад кіраўніцтвам Лукашэнкі наша краіна стала адной з самых бедных дзяржаваў Еўропы.
Аляхновіч адказаў на пытанні, колькі павінны зарабляць настаўнік і міліцыянт «у адэкватнай краіне»:
– Настаўнік – больш за сярэдні ўзровень. Інвестыцыя ў настаўнікаў – гэта інвестыцыя ў дзяцей і будучыню. А шараговы міліцыянер павінен зарабляць менш за сярэдні заробак. Бо гэта не інвестыцыя, а проста падтрыманне парадку.
Аляхновіч параіў беларусам інвеставаць у адукацыю, здароўе («беларусы, на жаль, вельмі рана паміраюць – асабліва мужчыны»), сям’ю і адносіны са сваімі блізкімі:
– Гэта крыніца вашых сілаў і ў любы дрэнны час менавіта ў сям’і вы зможаце знайсці апору.
Эканаміст прыгадаў, як у 18 гадоў моцна захварэў і трапіў у рэанімацыю:
– Я знаходзіўся ў коме чатыры дні. Я страціў 15 кілаграмаў, што на той момант складала 20% масы майго цела. Усе мае мышцы былі атрафіраваныя. Калі я прачнуўся, я не мог самастойна дыхаць. Я мусіў вучыцца хадзіць з нуля ізноў. Я быў у цяжкім псіхалагічным стане.
І на той момант я зразумеў, што адзіныя людзі, якія застануцца з табой, калі з табой станецца нешта непапраўнае: калі вы вельмі моцна захварэеце або нешта іншае станецца з вамі (аварыя там, вы станеце непаўнаспраўным чалавекам), гэта будзе ваша сямʼя. І то ў выпадку, калі ў вас добрыя адносіны ў сямʼі.
Гэта тыя людзі, якія вам ніколі не здрадзяць і заўсёды вас падтрымаюць. Таму на іх вы павінны разлічваць у першую чаргу і пра іх не забываць.
Алесь Аляхновіч таксама патлумачыў, чаму звяртае ўвагу на сямейны статус палітыкаў:
– Людзі, якія хочуць займацца публічнай палітыкай і аказваць уплыў на ўсё грамадства, павінны паказваць прыклад сабой. Калі чалавек не здольны пабудаваць моцную, паспяховую сям’ю, то ён, хутчэй за ўсё, не здолее быць эфектыўным для ўсёй краіны.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное